Данія, Літва, Латвія, Эстонія, ЗША — учора выступам у Капенгагене беларускі музыка Сяргей Доўгушаў распачаў Калядны тур, у якім прапаноўвае далучыцца да традыцыі святкавання беларускіх калядаў. Зімовыя гульні, Калядны абрад з Зоркай, музычны выступ з каляднымі песнямі пад колавую ліру і беларускія дудкі — у сваім турнэ спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф запрашае адчуць зімовую святочную пару праз традыцыйныя спевы, гульні ды нават стравы нашых продкаў, піша Reform.news
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
19 снежня ва Украінскім хабе ў Капенгагане Сяргей Доўгушаў даў прыгожы старт свайму турнэ. Праз тыдзень, 27 снежня, чакаецца наступны выступ у Вільні, 28-га — у Рызе, 29-га — у Таліне, а далей, пачынаючы з 4 студзеня — музыка завітае ў Амерыку, каб там праспяваць калядныя песні з дыяспарамі беларусаў ажно ў пяці гарадах — Нью-Ёрку, Ідэн-Прэры, Сіэтлы, Сан-Хосе, Шарлоце, Х’юстане, Остыне і Тампе.
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
Паглядзіце, якая атмасфера панавала на імпрэзе ў Капенгагене. Адмыслова для гастрольных выступаў музыка заказаў Калядную Зорку ў падляшскіх майстроў. Драўляны каркас новага артэфакта вырабіў Сяргей Лукашук з Бельшчыны, а традыцыйнае аздабленне і выцінанкі належаць аўтарству Пятра Багацэвіча з Крывяціч. Імпрэза акрамя Каляднага абраду з Зоркай, Мядзведзем, Жоравам і Казлом таксама мае на ўвазе стол з прысмакамі і супольнымі спевамі. Музыка і этнограф прапануе пазнаёміцца і паўдзельнічаць у разнастайных практыках святкавання Калядаў.
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
Фота: Tanya Kovi Villanelo.
Нагадаем, Сяржук Доўгушаў — заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход», Установы развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў», гурта мужчынскіх спеваў «Kasary». Музыка таксама ўдзельнічаў у такіх музычных праектах, як Fratrez, Vuraj, Five-storey ensamble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).
Дазнацца больш пра калядныя гастролі музыкі можна тут.