З 24 па 29 чэрвеня з нагоды Дня горада Мастацкі музей запрашае ўсіх ахвотных наведаць бясплатную выставу карцін Юдаля Пэна.
Экспазіцыя будзе размешчана ў холе першага паверха музея.
Дата: З 24 па 29 чэрвеня
Месца: мастацкі музей, вул. Леніна, 32, Віцебск
Юдаль Пэн нарадзіўся ў шматдзетнай беднай яўрэйскай сям’і ў сённяшняй Літве. Праз рэлігію хлопцу забаранялі маляваць, але эстэтычныя схільнасці перамаглі. Так Пэн падпрацоўваў у маляра пад Дзвінскам, пазней трапіў у Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. З 1898 года — у Віцебску.
Тут ён рэалізаваўся як мастак і педагог. Ягоная прыватная Школа малявання і жывапісу стала першай у імперыі яўрэйскай мастацкай вучэльняй. Менавіта з яе выйшлі галоўныя дзеячы «яўрэйскага рэнесансу» пачатку ХХ стагоддзя: Шагал, Лейтман, Цадкін ды інш.
Сам Пэн стварыў цудоўную галерэю рэалістычнага жывапісу: партрэт свайго часу і асяроддзя. Старыя рабіны, майстры, віцебскія вулачкі, сямейныя драмы, неймаверная беднасць і сціплае хараство свету, які яшчэ не магла ў поўнай меры перадаць фатаграфія. Усё гэта можна знайсці на карцінах нашага геніяльнага земляка.