27 чэрвеня ў Венскім музеі адбудзецца лекцыя вядомага амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра на тэму «Беларусь: старажытная і сучасная. Пераасэнсаванне гісторыі Цэнтральнай Еўропы».
Цімаці Снайдэр. Фота з Вікіпедыі
Як пішуць арганізатары ў анатацыі да сустрэчы, сучасны аўтарытарызм імкнецца да падаўлення ўнікальнасці нацыі, замяняючы яе агульнымі, настальгічнымі канструкцыямі, разлічанымі на безумоўнае падпарадкаванне. Цяперашні беларускі рэжым, які падтрымліваецца сваім імперскім расійскім суседам, з’яўляецца яскравым прыкладам гэтага.
«Гісторыя беларускага народа поўная колеру, непрадказальнасці і патэнцыялу. Разглядаючы больш глыбокае мінулае Беларусі, мы таксама будзем уяўляць сабе магчымую будучыню», — адзначаецца ў анатацыі да лекцыі.
Цімаці Снайдэр з’яўляецца кіраўніком кафедры сучаснай еўрапейскай гісторыі ў Школе глабальных спраў і дзяржаўнай палітыкі імя Мунка пры Таронцкім універсітэце і пастаянным навуковым супрацоўнікам Інстытута гуманітарных навук (IWM) у Вене.
Вядомы гісторык і грамадскі інтэлектуал з’яўляецца аўтарам і рэдактарам больш як 20 кніг, а таксама лаўрэатам шматлікіх прэмій. Сярод яго ўзнагароджаных публікацый — «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным» (2010); «Разважанні пра дваццатае стагоддзе» (разам з Тоні Джадтам, 2012); «Чорная зямля: Халакост як гісторыя і папярэджанне» (2015); «Пра тыранію: дваццаць урокаў ХХ стагоддзя» (2017); «Шлях да несвабоды: Расія, Еўропа, Амерыка» (2018).
Мерапрыемства будзе мадэраваць Стэфані Фенкарт, дырэктар Міжнароднага інстытута міру.
Пасля лекцыі адбудзецца сесія пытанняў і адказаў. Кнігі Цімаці Снайдэра можна будзе набыць на месцы правядзення. Пасля мерапрыемства адбудзецца аўтограф-сесія.
Мерапрыемства ладзяць супольна Міжнародны інстытут міру (IIP), Венскі музей і Інстытут гуманітарных навук (IWM) у Вене.
Лекцыя пачнецца а 18:30 па мясцовым часе па адрасе: Karlsplatz 8, 1040 Wien.
Мерапрыемтсва бясплатнае, але па папярэдняй рэгістрацыі. Арганізатары паведамляюць, што ўсе месцы ўжо забраніраваны.