Адкрыцця храма можна чакаць пасля студзеня 2027 года, піша katolik.life.
Рэканструкцыя каталіцкага храма cвятога Сымона і святой Алены ў Мінску пачаліся ў канцы чэрвеня. Прынамсі, з’явіліся прыкметы пачатку работ — па апублікаваных 22 чэрвеня ў сацсетках фота бачна, што вакол Чырвонага касцёла усталяваная агароджа, стаіць тэхніка.
Рамонт пачынаецца праз амаль тры гады пасля таго, як храм зачынілі — падставай да гэтага стаў невялікі дзіўны пажар. Вынікі расследавання інцыдэнту так і не былі прадстаўленыя грамадскасці. Паводле афіцыйнай версіі, адбылося ўзгаранне праводкі, але вернікі казалі пра тое, што чулі гук разбітага шкла перад тым, як успыхнуў агонь, і бачылі дзіўных людзей ля храма.
Касцёл будзе зачынены ў цэлым на працягу больш за 4 гады, паколькі праект рэканструкцыі прадугледжвае, што працы працягнуцца 20 месяцаў. Пры выкананні плана, рамонт павінны завяршыць у снежні 2026 года, а ўвесці аб’ект у эксплуатацыю — у студзені 2027 года.
То бок, толькі пасля гэтага можна чакаць адкрыцця Чырвонага касцёла і вяртання парафіі ў храм. Вернікі непакояцца пра тое, на якіх умовах арэнды і за якую суму ўлады перададуць храм у карыстанне парафіі.