Каляровая, з прыгожымі малюнкамі і ў духу Мантэсоры — такой атрымалася новая кніга Сяргея Календы «Хлопчык Томчык. Tomčyk the Boy». Зборнік вершаў у прозе выйшаў у беларускім выдавецтве Gutenberg Publisher. Кнігу ўжо можна купіць у крамах Варшавы і Вільні, а праз пару тыдняў яна з’явіцца і ў Беларусі.
Сяргей Календа назваў сваю дзіцячую кнігу ў гонар сына. Маленькі Томас, якога ўсе ў сям’і называюць «Томчык» або «Тамасік», не толькі натхніў тату на стварэнне гісторый, а і стаў іх суаўтарам!
«Нарадзіўся сын, і мы з ім кожны вечар пачалі чытаць кнігі — паступова пачалі з’яўляцца гісторыі, якія ён мне сваімі ўчынкамі, ці сам мне па вечарах прапаноўваў скласці гісторыю», — распавядаў у сваім інтэрв’ю пісьменнік.
Пісьменнік Сяргей Календа разам з сынам Томасам
Сродкі на кнігу спачатку збіралі ў інтэрнэце. Пасля з яе друкам дапамагалі сябры і знаёмыя. Нарэшце, можна парадавацца выхаду новага выдання, за якім будзе прыемна бавіць час і заадно вывучаць англійскую мову.
«Вельмі радасна, што кніга выйшла. Пакуль я яе чакаў, ужо і падрос мой сын Томас. Мне здаецца, атрымалася файная кніжка для маленькіх чытачоў і іх бацькоў. Спадзяюся, што гэта будуць смешныя вясёлыя хвілінкі супольнага чытання», — прызнаецца аўтар.
Свае гісторыі пра хлопчыка, які «вельмі любіць гуляць і зусім не любіць спаць», Сяргей Календа ствараў у духу Мантэсоры. Перадусім — увага і павага да дзіцяці. Томчык гуляе, выбірае цацкі, плача ад стомы, гуляе ў хованкі і шукае мора. І што б ён не рабіў — у кожным моманце свайго жыцця ён сустракае спагаду і падтрымку з боку дарослых.
Фота: gutenbergpublisher.eu
У кнізе — сем кароткіх апавяданняў з жыцця рэальнага хлопчыка. Напрыклад, аднойчы Томчык пайшоў з татам у цацачную краму і, як гэта часта бывае, захацеў набыць усё на свеце: матацыкл, аўтобус, яхту! Атрымалася вясёлае і нязмушанае практыкаванне на пералічэнне і пашырэнне слоўнікавага запасу на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.
Фота: gutenbergpublisher.eu
Яшчэ адна гісторыя называецца «Простыя рэчы» — гэта Томчыкаў рэцэпт шчасця. А развітваецца з намі хлопчык аповедам пра тое, як ён ехаў з Мінска ў Вільню. Усе гісторыі аздобленыя прыгожымі каляровымі малюнкамі мастачкі Марыі Шэндзель. Галоўнага персанажа гісторыі яна змалявала з сына Сяргея Календы.
Фота: gutenbergpublisher.eu
Дырэктарка выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева запрашае на сямейную чытанку:
«Кніжку варта пачытаць, бо яна нестандартная, як і ўсё ў Календы — ён ідзе сваёй дарогай, не азіраючыся. І робіць так, як ён бачыць. Ён не дае маралей, ацэнак, і гэта такая цікавая пазіцыя! Найперш, пазіцыя даверу з боку дзіцяці. Я патэсціла на сваім сыне, і яму вельмі спадабалася».
Фота: gutenbergpublisher.eu
Кніга «Хлопчык Томчык. Tomčyk the Boy» ўжо з’явілася на сайце выдавецтва і даступная да анлайн-продажу. Таксама яе можна набыць у кніжнай краме Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве, а ў Вільні яна прадаецца ў крамах А2, Hartajka і ў Музеі Луцкевіча. Неўзабаве гісторыі пра хлопчыка Томчыка можна будзе купіць і ў Беларусі.
Паліна Часноўская, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Вуррр-мяў!» Выдавецтва Słowianka дэбютуе ўнікальным беларускім зборнікам для дзетак «Каток-пестунок»