Сяргей Навумчык: «Рэфэрэндум-95 ня быў легітымным выяўленьнем волі беларускага народу»

Публіцыст Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў Фэйсбук узгадвае, як беларусаў пазбавілі іх нацыянальных сімвалаў.

— Днямі даведаўся, што некаторыя літоўскія палітыкі і грамадзкія дзеячы выказалі сумнеў адносна права беларусаў на герб «Пагоня» у якасьці дзяржаўнага сымбалю, — піша Сяргей Навумчык.

Siarhiej Navumčyk
 Сяргей Навумчык. Крыніца: @Navumcyk

Больш за тое: прагучаў сумнеў, што «Пагоня» сапраўды была дзяржаўным сымбалем у 1991-1995 (дэ-юрэ яна такім і застаецца, пра што ніжэй), і што кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі яе ў такім статусе прызнавалі.

Спачатку падумаў, што гэта розыгрыш. Але паведамілі сябры, для якіх нацыянальныя каштоўнасьці ня могуць быць прадметам жартаў.

Сам я ў часы, калі быў дэпутатам беларускага парлямэнту, не аднойчы сустракаўся з літоўскімі дэпутатамі і ніколі ня чуў ад іх падобнага. Не выказваў пратэсты і Вітаўтас Ландзбергіс — ні тады, калі прыяжджаў з афіцыйнымі візытамі ў Беларусь у статусе старшыні парлямэнта, вёў перамовы з Шушкевічам, падпісваў міждзяржаўныя дамовы і выступаў з трыбуны Вярхоўнага Савета, на якой быў замацаваны дзяржаўны герб «Пагоня», ні пазьней, калі ў якасьці лідэра апазыцыйнай партыі быў госьцем зьезду БНФ, які праходзіў пад «Пагоняй».

Ні слова пратэсту ня выказаў у часе свайго візыту ў 1993 годзе і прэзыдэнт Альгірдас Бразаўскас.

Урэшце, ісьціну высьветлілі самі літоўцы: хтосьці бачыў у архіве МЗС Літвы дакумэнт з «Пагоняй». Мяркую, такіх дакумэнтаў там не адзін і ня два, бо і на міждзяржаўных пагадненьнях, і на даверчых лістах беларускага амбасадара, паводле міжнародных правілаў, подпіс кіраўнікоў беларускай дзяржавы завяраўся пячаткай парлямэнту ці ўраду з выявай дзяржаўнага гербу «Пагоня».

Такую ж пячатку меў і міністар замежных спраў Беларусі. Трэба толькі старанна, а галоўнае, сумленна, пашукаць.

Аднак цяпер некаторыя шаноўныя літоўскія дзеячы кажуць, што так, «Пагоня» была дзяржаўным сымбалем, але ж на рэфэрэндуме 1995 году, які быў праведзены ўжо ў незалежнай Беларусі, беларускі народ добраахвотна, без усякага прымусу, выказаўся супраць «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. Проста кажучы, заявіў — не, «Пагоня» чый заўгодна сымбаль, але ня наш, не беларускі.

Што датычна таго, як выказваліся ў 1995 годзе беларусы, калі мелі магчымасьць свабодна гаварыць — працытую інфармацыю з незалежнай газэты: «Толькі адзін з 62 студэнтаў выпускнога курса факультэта беларускай філялёгіі і гісторыі Віцебскага пэдагагічнага ўнівэрсытэта падтрымаў ідэю правядзеньня рэфэрэндуму аб дзяржаўнай мове і сымболіцы. Астатнія палічылі гэтую акцыю непатрэбнай або шкоднай» («Свабода», 7 красавіка 1995).

Прававую ж ацэнку таго, што прынята называць рэфэрэндумам-95, найбольш ляканічна даў доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы член Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў: «Вынікі рэфэрэндуму ня могуць мець легітымнасьці і юрыдычнай моцы з моманту вынясеньня гэтых пытаньняў на разгляд» (Радыё Свабода, 14 траўня 2014 г).

Ёсьць і міжнародная ацэнка — Парлямэнцкая асамблея OSCE заявіла, што і выбары (адначасна абіраўся новы склад Вярхоўнага Савета), і рэфэрэндум не адпавядалі міжнародным стандартам свабоднага і справядлівага галасаваньня.

На гэтым можна было б паставіць кропку.

Аднак прайшло ўжо тры дзесяцігодзьдзі, шмат што сьцерлася з памяці ня толькі ў нашых літоўскіх сяброў, але і нас, беларусаў. Прычым сьцерлася даволі хутка: гадоў дзесяць таму ці нават болей журналістка аднаго незалежнага выданьня заявіла мне, што «у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, і гэта воля народа, выказаная на рэфэрэндуме»; яшчэ ў канцы 90-х пачуць такі аргумэнт ад супрацоўніка непраўладнага СМІ было гэткім жа неверагодным, што ад яго ж пачуць дыфірамбы Лукашэнку.

Таму ў чарговы раз спынюся на абставінах правядзеньня рэфэрэндуму-95.

Тое, што прынята лічыць рэфэрэндумам, ня можа лічыцца канстытуцыйна правамоцным свабодным волевыяўленьнем народа паводле шмат якіх прычынаў, але вылучым тры асноўныя:

Неадпаведнасьць пытаньняў Канстытуцыі і законам;

Парушэньні заканадаўства ў часе прызначэньня рэфэрэндуму;

Парушэньні заканадаўства ў часе правядзеньня галасаваньня.

Любой з гэтых прычынаў было б дастаткова, каб не прызнаваць вынікі рэфэрэндуму; мы ж маем усе тры ў сукупнасьці.

Антіыканстытуцыйнасьць і антызаконнасьць пытаньняў

Нагадаем, што Лукашэнка ініцыяваў чатыры пытаньні: аб роўным статусе беларускай і расейскай моваў (што азначала пазбаўленьні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай), аб увядзеньні мадэрнізаванай БССРаўскай сымболікі як дзяржаўнай, аб эканамічнай інтэграцыі з РФ і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Першыя тры пытаньні мелі абавязковы характар, апошняе — кансультацыйны.

Паводле артыкулу 78 Канстытуцыі, пытаньні, якія не маглі выносіцца на рэфэрэндум, вызначаліся адпаведным законам. Сам жа Закон аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме) у частцы 3 артыкулу 3 вызначаў, што на галасаваньне ня могуць выносіцца пытаньні нацыянальна-гістарычнай адметнасьці, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасьць.

Патлумачу на прыкладзе мовы: яна стваралася стагодзьдзямі, і сучаснае пакаленьне ня мае права вырашаць лёс таго, што належыць пакаленьням будучым. Гэта ўсё роўна, як бы вы ўзяліся перадвызначаць лёс сваіх пра-пра-праўнукаў, зьмяніўшы генэтычны код (навукоўцы, магчыма, знойдуць хібы ў маім параўнаньні, але сэнс, спадзяюся, зразумелы).

Два пытаньні з чатырох патраплялі пад гэтую катэгорыю: мова і нацыянальныя сымбалі, якія мелі статус дзяржаўных.

Статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай быў вызначаны артыкулам 17 Канстытуцыі, а артыкул 148 забараняў уносіць папраўкі ў Канстытуцыю цягам апошніх шасьці месяцаў кадэнцыі Вярхоўнага Савета. Паўнамоцтвы дзейнага Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня павінны былі завершыцца ў першы дзень працы парлямэнта новага скліканьня, а праца гэтая, у сваю чаргу, павінна была пачацца не пазьней чым праз тры месяца пасьля яго абраньня. Выбары, нагадаю, былі прызначаныя на 14 траўня.

Такім чынам, рэфэрэндум па пытаньні, якое патрабуе зьмены Канстытуцыі (скажам, паўнамоцтвы прэзыдэнта альбо ліквідацыя вобласьцяў), мог быць праведзены не раней 14 лістапада (і тое пры ўмове, што належная колькасьць дэпутатаў была б абраная ўжо ў першым туры, што, як мы ведаем, не адбылося). Але ў выпадку з артыкулам 17 (статус мовы) ён, паўтараю, ня мусіў праводзіцца ўвогуле.

Дадам, што Камісія ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам зьвярнулася ў Канстытуцыйны Суд на прадмет прызнаньня пытаньня пра мову неканстытуцыйным. Суд, які на прапанову Лукашэнкі ўзначальваў былы сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня, не прыняў зварот да разгляду; член Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў заявіў, што такая адмова была памылкай.

Такім чынам, ужо адно толькі парушэньне Канстытуцыі пры вынясеньні пытаньня аб мове на рэфэрэндум робіць гэты рэфэрэндум неканстытуцыйным. Адпаведна, і галасаваньне па трох іншых пытаньнях нельга прызнаць легітымным (паколькі яно адбывалася ў межах агульнага рэфэрэндуму).

Існуюць і іншыя прававыя аспэкты, якія не дазвалялі выносіць на рэфэрэндум прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні і на якія зьвярталі ўвагу дэпутаты Апазыцыі БНФ.

Адно зь іх тычылася якраз зьмены дзяржаўнай сымболікі. Нагадаю фармулёўку пытаньня: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?».

Дэпутаты Апазыцыі БНФ, выступаючы за адхіленьне прапановы Лукашэнкі, зьвярнулі ўвагу на тое, што пытаньне (як і пытаньне пра права прэзыдэнта распускаць парлямэнт) ня мае юрыдычнай дакладнасьці і не дае магчымасьці атрымаць адназначны адказ.

Патлумачу. Можна дапусьціць, што нехта з грамадзянаў быў гатовы зьмяніць сьцяг, але не лічыў патрэбным мяняць герб — тым часам як сьцяг і герб іншлі ў пакеце, і таму выказаць сваё жаданьне ён ня мог (паўтару, што ўвогуле выносіць пытаньне пра нацыянальныя каштоўнасьці забараняў Закон аб рэфэрэндуме).

У кантэксьце пытаньня, слова «новы» ня мела юрыдычнай дакладнасьці слова і было некарэктным.

Але ўзьнікла гэтае слова невыпадкова — яно мусіла заблытаць грамадзянаў (што і адбылося).

«Пагоня» і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў існавалі толькі 2,5 гады — пасьля амаль чатырох дзясяткаў знаходжаньня ў такім статусе БССРаўскай сымболікі. Ці ўспрымалі «Пагоню» як «новы» дзяржаўны герб? Шмат хто —так, успрымаў.

І, забягаючы наперад, скажу, што пасьля галасаваньня шмат ад каго чуў, што галасавалі «за», бо лічылі, што галасуюць менавіта за «Пагоню» і нацыянальны сьцяг, бо яны — «новая» сымболіка, а тая, якую прапаноўваў Лукашэнка — «савецкая», то бок «старая».

На гэта і быў разьлік.

Спрыяла блытаніне і тое, што ў бюлетэнях выяваў прапанаваных Лукашэнкам герба і сьцяга — не было! На выбарчых участках іх разьмяшчалі на стэндах недзе ў кутку, падалей ад людзкіх вачэй.

Дарэчы, герб на стэндах ў пэўных дэталях адрозьніваўся ад таго, які распаўсюдзілі сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета пры прызначэньні рэфэрэндуму. А герб, які потым афіцыйна стаў дзяржаўным, адзрозьніваўся ад разьмяшчанага на ўчастках для галасаваньня.

Увогуле, цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў лукашэнкаўскі герб мяняўся некалькі разоў, пры тым, што калі ўжо рэжым лічыць той рэфэрэндум адпаведным Канстытуцыі, дык Канстытуцыя дазваляе мяняць прынятыя рэфэрэндумам рашэньні толькі праз іншы рэфэрэндум, і ніяк інакш.

Парушэньні пры прызначэньні рэфэрэндуму

Калі максымальна ляканічна — рэфэрэндум быў прызначаны шляхам дзяржаўнага перавароту.

Падчас прызначэньня былі парушаныя Канстытуцыя, шэраг законаў (аб рэфэрэндуме і аб статусе дэпутата), Часовы Рэглямэнт Вярхоўнага Савета (меў статус закона), а таксама Крымінальны Кодэкс.

Паводле закона, прызначаць дату рэфэрэндуму меў права толькі Вярхоўны Савет.

Па тым, як ішла сэсія, было зразумела, што большасьць дэпутатаў схільная падтрымаць прапановы Лукашэнкі.

Раніцай 11 красавіка 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ пайшлі на скрайнюю меру — абвясьцілі галадоўку супраць рэфэрэндуму, сеўшы перад прэзыдыюмам, вочы ў вочы да сваіх калегаў. І прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні пачалі «правальвацца» адно за другім — не набіралі належнай колькасьці галасоў.

Гэта былі пытаньні пра статус беларускай мовы, дзяржаўную сымболіку і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Прайшло толькі адно пытаньне — аб эканамічнай (падкрэсьліваю: эканамічнай, не палітычнай) інтэграцыі з Расеяй.

Фактычна, Вярхоўны Савет пагаджаўся толькі на рэфэрэндум пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй (праўда, колькі-небудзь юрыдычна патлумачыць, што гэта такое, ня здолеў нават ініцыятар пытаньня).

І тады ў ноч з 11 на 12 красавіка ў Дом ураду былі ўведзеныя ўзброеныя падразьдзяленьні Мінабароны, МУС і КДБ (усяго — больш за 600 байцоў і афіцэраў, шмат хто — з агнястрэльнай зброяй аж да гранатамётаў, што зафіксавана сьледзтвам Генпракуратуры). Дэпутаты Вярхоўнага Савета (19 чалавек) былі зьбітыя афіцэрамі групы КДБ «Альфа», байцамі спэцназу і міліцыянтамі.

Раніцай 12 красавіка Дом ураду быў ачэплены спэцвойскамі, дэпутатаў (усіх) на загад кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына і кіраўніка справамі прэзыдэнта Івана Ціцянкова ў будынак не прапускалі. Тым ня менш, старшыня ВС Мечыслаў Грыб сабраў Прэзыдыюм ВС, заявіў, што Беларусь «ня мяжы грамадзянскай вайны» (потым адмовіўся ад сваіх слоў), а генэральны пракурор Васіль Шаладонаў узбудзіў крымінальную справу (неўзабаве Лукашэнка здыме яго з пасады).

На наступны дзень пасьля зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета, прыгнечаныя і запалоханыя, прагаласавалі за ўсе прапанаваныя Лукашэнка пытаньні і прызначылі дату рэфэрэндуму (а таксама ратыфикавалі сумнеўныя пагадненьне аб мытным саюзе паміж Беларусьсю і Расеяй, дамову паміж Беларусьсю і Расеяй «аб сумесных намаганьнях па ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», і заадно— вярнулі 7-му лістапада статус дзяржаўнага сьвята).

Адзначу два істотныя моманты. Першы — факт зьбіцьця ў тую ж ноч быў засьведчаны мэдычнай экспэртызай (супрацоўнікамі т.зв. «лечкамісіі»), а пазьней пацьверджаны сьледзтвам, якое вялося пад кіраўніцтвам сьледчага ў асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Язэпам Бролішсам.

То бок, зьбіцьцё не зьяўляецца фантазіяй дэпутатаў, як тое імкнуўся прадставіць Лукашэнка, і зьбілі дэпутатаў у Авальнай залі (а некаторых — яшчэ і ў фае ды на лесьвіцы, па якой цягнулі ў двор Дому ўраду, дзе кінулі ў «варанкі», перад тым, як кінуць у «варанкі», як мяне, і на вуліцы, калі выкідалі з «варанкоў», як Алеся Шута).

Другая істотная акалічнасьць. На ранішнім паседжаньні Вярхоўнага Савета 12 красавіка Лукашэнка заявіў, што «знал» пра ўсё, што адбывалася ў Авальнай залі і заявіў, што разам з кіраўніком адміністрацыі Леанідам Сініцыным і кіраўніком спраў прэзыдэнта Іванам Ціцянковым аддаваў распараджэньні адпаведным сілавым структурам (зрэшты, слова «сілавік» тады не ўжывалася).

Вось ягоныя словы, зафіксаваныя ў стэнаграме сэсіі:

«Знал или не знал президент о том, что происходило здесь в моей резиденции, в резиденции правительства? Уважаемые депутаты! Ну конечно же, знал... Ну конечно же, знал президент. Президент не просто знал. Президент каждые 30 минут был информирован как глава государства... Кого-то может, простите меня за это непрезидентское выражение, жиманули где-то, выводя... Публично заявляю, что президент знал об этой операции и спасал этих голодающих людей, потому что я отвечаю за их жизнь»

А «спасал этих голодающих людей» Лукашэнка таму, што яны... пагражалі адрэзаць самім сабе галовы (ізноў стэнаграма: «Почему я начал здесь действовать более жёстко... Мне Тесовец са слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: «Александр Григорьевич, не получается по-хорошему, повыниамли ножи, достали лезвия... Первое, говорят — вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё». Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента, это уже слишком...»).

Важна тое, што Лукашэнка пацьвердзіў факт уласнага, кіраўніцтва злачыннымі дзеяньнямі.

Такім чынам, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года падчас разгляду парлямэнтам пытаньня аб прызначэньні рэфэрэндуму на загад дзейнага прэзыдэнта група ўзброеных людзей прымяніла фізычную сілу ў дачыненьні да дэпутатаў парлямэнта.

Паводле і тагачаснага, і цяперашняга Крымінальнага Кодэксу, гэта кваліфікуецца як тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў, пакараньне — аж да вышэйшай меры (калі штуршок сяржанта -амапаўца ацэньваецца як тэрарыстычны акт, дык чым тады ёсьць зьбіцьцё людзьмі са зброяй дэпутатаў парлямэнту?).

Потым мне даводзілася чуць розныя экстравагантныя ацэнкі галадоўкі кшталту «А чаго вы дамагліся?». Сілавая акцыя супраць дэпутатаў парлямэнту дэлегітымізавала рэфэрэндум. Як сказаў тады на сэсіі Валянцін Голубеў, «парлямэнт, у які ўведзены войскі — ужо не парлямэнт»; гэтак жа рэфэрэндум, прызначаны сілавым спосабам — ужо не рэфэрэндум.

А вось што заявіў доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы член Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў: «Толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме» (ды яшчэ ў будынку парлямэнта!) ставіць пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савета наконт прызначэньня рэфэрэндуму, паколькі рашэньне было прынятае пад прымусам.

Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і нападзеньне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам».

Іншымі словамі — як дзяржаўны пераварот. Менавіта гэтак ужо 12 красавіка ацанілі падзеі дэпутаты Апазыцыі БНФ, гэта ацэнкі трымаюся і па сёньня.

Ніякага свабоднага волевыяўленьня не было

Тыя, хто імкнуцца прадставіць рэфэрэндум-95 легітымным, забываюцца і на тое, што пытаньні супярэчылі Канстытуцыі, і на абставіны ягонага прызначэньня.

Але ўявім, што і пытаньні былі канстытуцыйныя, і парлямэнт іх зацьвердзіў у поўнай адпаведнасьці з законам, і не было ніякага зьбіцьця дэпутатаў. Нават у такім выпадку вынікі рэфэрэндуму, прадстаўленыя ў траўні 1995 году Цэнтральнай камісіяй па выбарах і рэфэрэндуму, адлюстраваньнем народнага волевыяўленьня лічыцца ня могуць.

Бо свабоднага волевыяўленьня не было.

І справа ня толькі ў тым, што падчас галасаваньня 14 траўня былі зафіксаваныя парушэньні на ўсіх участках, дзе прысутнічалі назіральнікі БНФ (а гэта некалькі тысяч участкаў), а з выявай прапанаваных Лукашэнкам гербу і сьцяга правялі махінацыі.

Найважнейшай умовай свабоднага волевыяўленьня грамадзяніна (і народа, калі мы кажам пра маштаб краіны) зьяўляецца доступ да максымальна поўнага аб’ёму інфармацыі, у выпадку рэфэрэндуму — да аргумэнтаў «за» і «супраць». Толькі такі доступ дазваляе прызнаць выбар асэнсаваным і свабодным. І доступ гэты быў прадугледжаны ў Законе аб рэфэрэндуме.

У беларусаў на момант галасаваньня 14 траўня 1995 такой магчымасьці ўжо не было. Гэта пацьверджана Парлямэнцкай асамблеі OSSE, якая заявіла, што і выбары, і рэфэрэндум не адпавядалі міжнародным стандартам свабоднага і справядлівага галасаваньня.

Ізноў жа, зраблю рэтраспэкцыю, гэтым разам датычную тэмы свабоды слова і доступу грамадзянаў да інфармацыі.

Адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады пачалося мэтанакіраванае зьнішчэньне тых элемэнтаў свабоды слова, якія існавалі пры Кебічу.

Адразу пасьля інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта, у жніўні 1994 дэпутаты Апазыцыі БНФ у ВС-12 былі пазбаўленыя доступу да дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё, які гарантаваўся ім Законам аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета.

У верасьні 1994 былі скарочаныя, а затым і спыненыя трансьляцыі сэсіі Вярхоўнага Савета; старшыня Белтэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель з трыбуну Вярхоўнага Савета наўпрост заявіў дэпутатам, што прынятыя парлямэнтам рашэньні аб трансьляцыі сэсіі для яго нічога ня вартыя, ён будзе выконваць толькі загады прэзыдэнта.

Рашэньне Вярхоўнага Савета аб немагчымасьці знаходжаньня на пасадзе Кісяля было Лукашэнкам праігнараванае.

Калі пры Кебічу на мае звароты як члена Камісіі ВС па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека адносна парушэньняў свабоды слова прыходзілі адпіскі, дык кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын і начальнік Упраўленьня інфармацыі адміністрацыі Аляксандар Фядута на іх увогуле не адказвалі.

У сьнежні 1994 на распаражэньне таго ж Аляксандра Фядуты дзяржаўныя газэты не надрукавалі даклад дэпутата Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі (замест яго зьявіліся сумнавядомыя «белыя плямы»).

У студзені 1995 найбольш папулярныя незалежныя выданьні («Свабода», «Белрорусская деловая газета», «Газета Андрея Климова», «Фемида») былі пазбаўлены магчымасьці друкавацца там, дзе яны гэта рабілі (у «Беларускім Доме друку»).

У сакавіку 1995, пасьля таго, як Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум, орган Вярхоўнага Савета «Народная газэта» зьмясьціла ліст супраць гэтай ініцыятывы, і 17 сакавіка Лукашэнка зьняў з пасады галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча — хаця права на гэта меў толькі Вярхоўны Савет.

Незаконна прызначаны новы кіраўнік «Народнай газэты» адразу пазбавіў дэпутатаў-апанэнтаў Лукашэнкі магчымасьці апэляваць да выбаршчыкаў. Заўважу, што, аднаўленьне Сярэдзіча на пасадзе было адным з патрабаваньняў дэпутатаў БНФ — удзельнікаў галадоўкі 11-12 красавіка 1995.

Так атрымалася, што менавіта 12 красавіка 1995, праз некалькі гадзінаў пасьля зьбіцьця ў Авальнай залі, мне давялося прадстаўляць пазыцыю больш як 70 дэпутатаў на паседжаньні Канстытуцыйнага Суду ў справе супраць Лукашэнкі ў пытаньні манапалізацыі СМІ. У сваім дакладзе я апэраваў выключна юрыдычнымі катэгорыямі, стрымаўшы натуральныя пасьля падзеяў у Авальнай залі эмоцыі.

Рабіць гэта было псыхалягічна цяжка, але тое была справа гонару, бо ў свой час быў адным з аўтараў фармулёўкі артыкулу Канстытуцыі, які забараняў манапалізацыю СМІ — «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца».

(Парадаксальна, але ў скарэктаваным выглядзе яна захавалася і ў т.зв. Канстытуцыі 2022: «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, арганізацыямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца». Канешне, цяпер гэта пустыя словы, як і ўвесь тэкст Канстытуцыі).

Сёньня гэта выглядае неверагодным, але КС прызнаў неканстытуцыйным шэраг рашэньняў прэзыдэнта (а фактычна — наяўнасьць факту манапалізацыі СМІ). Нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага Суду скасаваць не адпаведныя Асноўнаму Закону рашэньні, Лукашэнка гэтага не зрабіў.

Пры наяўнасьці палітычнай волі ў кіраўніцтва Вярхоўнага Савета і ў большасьці дэпутатаў гэта ўжо тады магло быць дастатковай прававой падставай для пачатку працэдуры імпічмэнту.

Такім чынам, да моманту галасаваньня на рэфэрэндуме Лукашэнка цалкам падпарадкаваў сябе ЎСЕ дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі; для незалежных жа выданьняў былі створаныя надзвычай цяжкія ўмовы.

Ужо да траўня 1995 свабода слова ў Беларусі ў Беларусі была істотна абмежаваная, а ў дачыненьні да тэмаў, вынесеных на рэфэрэндум, яна адсутнічала цалкам.

Красамоўным пацьверджаньнем зьяўляецца тое, што з выступаў кандыдатаў у дэпутаты ў дзяржаўных СМІ (яны гарантаваліся Законам аб выбарах) выразалася ўсё, што было супраць пытаньняў, вынесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум.

Не маглі мы патлумачыць людзям і махінацыі з фармулёўкай пра «новую» сымболіку і яе выявамі — у дзяржаўныя СМІ након гэтага не патрапіла ніводнага слова, усё выразалася.

Дзяржаўныя СМІ публікавалі хлусьлівую інфармацыю пра Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і «Пагоню», не даючы пры гэтым магчымасьці яе абвергнуць. За некалькі дзён да галасаваньня па БТ быў паказаны фільм Азаронка-старэйшага «Дети лжи», у якім прамовы Зянона Пазьняка і мае супраць рэфэрэндуму на мітынгу ля Опэрнага тэатра накладаліся на кінахроніку з выявамі нямецкіх генэралаў часоў нацысцкай акупацыі.

Мне адмовілі ў публікацыі пратэстнага ліста ва ўсіх дзяржаўных СМІ, куды я зьвяртаўся (што было парушэньнем і Закона аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета, і Закона аб выбарах, і Закона аб рэфэрэндуме).

Падсумуем: апанэнты Лукашэнкі ня мелі магчымасьці данесьці да грамадзян поўную і аб’ектыўную інфармацыю па пытаньнях рэфэрэндуму і, адпаведна, беларусы былі пазбаўленыя магчымасьці зрабіць свабодны і асэнсаваны выбар.

У такіх умовах казаць, што вынікі рэфэрэндуму 1995 — гэта воля беларускага народа будзе альбо памылкай, альбо падманам.

У тыя дні незалежны друк зьмяшчаў інфармацыю пра настроі

Між іншым, нельга лічыць «свабодным волевыяўленьнем» і «гарбачоўскі» рэфэрэндум 17 сакавіка 1991 аб захаваньні СССР. На тэрыторыі Беларусі ён увогуле праходзіў незаконна (пастанову аб правядзеньні прыняў Прэзыдыюм ВС, а мусіў — Вярхоўны Савет), прыхільнікі Незалежнасьці былі пазбаўленыя гарантаванай законам магчымасьці агітацыі.

Так, зварот 11 сакавіка 1991 году дэпутатаў Галіны Сямдзянавай, Зянона Пазьняка і аўтара гэтых радкоў з просьбай даць 40 хвілінаў на тэлебачаньні для выказваньня меркаваньня БНФ па вынесеным на рэфэрэндум пытаньні, застаўся без адказу: па БТ выступалі толькі прыхільнікі захаваньня СССР.

Увогуле, дзіўна прымаць на веру дадзеныя падкантрольнага Лукашэнку ЦВК.

Гэта ўсё роўна, што заявіць пра гарачае імкненьне літоўскага народу быць у складзе СССР, спасылаючыся на данясеньне НКВД Літоўскай ССР аб выбарах 12 студзеня 1941 года; у ім сказана, што ў Коўне «на 43-м участку ўжо ў 12 гадзінаў прыйшло некалькі выбаршчыкаў і прасіла дазволу заначаваць ва ўчастку, паколькі яны жадаюць прагаласаваць першымі».

Альбо на падставе таго, што на выбарах у Вярхоўны Савет Літоўскай ССР у 1947 годзе яўка складала 97,91%, казаць, што абсалютная большасьць літоўскага народа добраахвотна адмовілася ад ідэі незалежнасьці Літвы.

І ледзь не паўстагодзьдзя пацьвярджала сваё волевыяўленьне на выбарах у лютым 1955, у сакавіку 1959, у сакавіку 1963, у сакавіку 1967, у чэрвені 1971, у чэрвені 1975, у лютым 1980, нарэшце, у лютым 1985, — паколькі ў выбарчых праграмах ніводнага кандыдата ў дэпутаты Літоўскай ССР не было а ні слова пра выхад з СССР, а на выбарчых участках грамадзяне апускалі бюлетэні ў скрыні цалкам сабе «свабодна», не пад дуламі «калашнікава».

Ці была сытуацыя ў Літве ў лютым 1985 году больш ці менш дэмакратычнай, чым у Беларусі ў траўні 1995 — пытаньне дыскусійнае. Але дэпутатаў Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР у залі паседжаньняў дакладна ніколі не зьбівалі. У Беларусі ў 1995 — зьбівалі.

Але ж мы разумеем, пасьля чаго (рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі, ліквідацыя свабоды слова ды іншых грамадзянскіх свабодаў) праходзілі тыя «выбары» і якое «волевыяўленьне літоўскага народа» на іх адбывалася. Сапраўдную сваю волю літоўскі народ выказаў на першых свабодных выбарах у сакавіку 1990-га, пасьля якіх свабодна абраны парлямэнт аднавіў Незалежнасьць.

Надыдзе час, і беларускі народ таксама выкажа сваю волю.

Але паўтару тое, што кажу шмат гадоў. Час ад часу некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі (альбо тыя, хто прэтэндуе імі быць), гавораць, што пытаньні дзяржаўных сымбаляў і статусу беларускай мовы трэба вырашаць на свабодным народным галасаваньні.

Заяўляць падобнае — іх права, але тады ня варта адначасна прыгадваць «аднаўленьне законнасьці», «вяртаньне да канстытуцыйных нормаў» ды казаць іншыя прыгожыя словы. Законнасьць павінна пачацца зь вяртаньня да зламаных у 1995 годзе канстытуцыйных нормаў.

І на аднаўленьня дэ-факта таго, што застаецца такім дэ-юрэ, а менавіта статусу нацыянальнай сымболікі як дзяржаўнай і беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай — спатрэбіцца роўна столькі сэкундаў, колькі зойме подпіс новага прэзыдэнта альбо сьпікера парлямэнта (я ўсё ж застаюся пасьлядоўным прыхільнікам парлямэнцкай рэспублікі).