Такой шчырай кнігі ў айчыннай літаратуры яшчэ не было. Макс Шчур рыхтуе да выдання белетрызаваную аўтабіяграфію

Выдавецкая ініцыятыва SayBeat у Варшаве хутка павінна выдаць кнігу Макса Шчура «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе». Кніга — белетрызаваная аўтабіяграфія. Сам аўтар вызначае жанр кнігі як «мэм-угáры». Ягоная спроба зразумець, чым ёсць само па сабе і як узнікае асобна ўзятае чалавечае «я», падаецца з уласцівым аўтару гумарам, часта на мяжы здзеку: не толькі з чытача, але і з сябе самога. На краўдфандынгавай платформе Gronka адкрыты збор на выданне кнігі.

Kniha Maksa Ščura

Пра што кніга?

Дзеянне кнігі пачынаецца ў 1910-м і заканчваецца ў 2006 годзе. Гісторыя сям’і беларускіх партызан і аргентынскіх рэпатрыянтаў, (не)савецкае дзяцінства, перабудова ў асобна ўзятай школе на ўскрайку Брэста, далучэнне да беларушчыны і паэзіі, удзел у Таварыстве беларускай мовы, літаратурны андэграўнд, стварэнне першага рок-гурта...

Далей — навучанне ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, анархісцкая тусоўка, sex drugs rock’n’roll, «Менская вясна», «суткі», уцёкі з Беларусі, лагер бежанцаў, жыццё на сквоце, пражскі эмігранцкі асяродак, праца на «Радыё Свабода», хаатычныя закаханасці, гісторыя алкагалізму і псіхічнай хваробы...

Ніякіх падрабязнасцей, у тым ліку інтымных, аўтар ад чытачоў не хавае. Падобна, такой шчырай кнігі ў айчыннай літаратуры яшчэ не было!

Хто такі Макс Шчур?

Макс Шчур — палітэмігрант, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця (2016 г.) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004 г.). З 1998 года жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрага кніг паэзіі і прозы («Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладчык з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайта «Невідочнае места» (2003–2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013–2020). Пераклаў на беларускую фільм «Крымінальнае чытво», у 2008–2020 гг. як перакладчык супрацоўнічаў з тэлевізіяй «Белсат». Аўтар ютуб-канала, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.

Максім Жбанкоў: 

«Макс Шчур — сакрэтны еўрапеец сучаснага белліту. Ён жыве на мяжы моў, стыляў ды трэндаў — і праходзіць іх наскрозь. Пражскі жыхар і шчыры знаўца rock’n’rolla, майстар ментальнага фрыстайла і алдовы фанат Канчэўскага з Кэралам, Шчур заняты прыватным дызайнам іншай беларускасці. Яна не мае шанцаў адбыцца мэйнстрымам. Затое, безумоўна, належыць будучыні. Новы раман — адначасова прыватныя мемуары, інтымны дзённік, шумы ў эфіры і партрэт эпохі».

Хто выдае кнігу?

Новая выдавецкая ініцыятыва SayBeat, створаная ў рамках Studio Magenta (Варшава).

Які аб’ём кнігі?

Выданне плануецца ў двух тамах:

І. Нявіннасьць (1910–1994), каля 500 старонак;

ІІ. Досьвед (1994–2006), каля 500 старонак.

Калі выйдзе кніга?

Запланаваны час выдання — студзень-люты 2025 г.

Якім накладам выйдзе кніга?

Кніга выйдзе ў двух тамах, кожны том накладам 200 асобнікаў.

Якім правапісам выйдзе кніга?

Правапіс аўтарскі (тарашкевіца).

Як паўдзельнічаць у зборы на выданне кнігі?

На выданне кнігі Макса Шчура «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» неабходна сабраць 4000 еўра. Сабраныя сродкі пойдуць на друк 200 асобнікаў кнігі, ганарар рэдактара, карэктара, аўтара вёрсткі і дызайнера вокладкі кнігі. Дадатковыя выдаткі на дастаўку, падаткі і камісію плацежнай сістэмы ў гэту суму не ўваходзяць.

Падтрымаць збор можна на платформе gronka.org па спасылцы.