Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Астрэйкі, таленавітага, але амаль забытага цяпер паэта, які мог бы ў свой час стаць заўважным у беларускай літаратуры аўтарам. З гэтай нагоды прыгадваем цікавосткі з жыцця творцы, які пражыў усяго чвэрць стагоддзя, але пакінуў сапраўды адметную літаратурную спадчыну.
Сяргей Астрэйка, 1935 год
Сяргей Адамавіч Астрэйка нарадзіўся 9 ліпеня 1912 года ў вёсцы Каласоўшчына, што на Капыльшчыне ў сялянскай сям’і. Праўда, ёсць меркаванне, што насамрэч з’явіўся на свет будучы паэт у Рызе. Зрэшты, гэта не мае вялікага значэння, бо вядома, што ягонае дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Беларусі.
Пачатковую адукацыю Сяргей Астрэйка атрымаў у Капыльскай школе-семігодцы. Затым паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Галоўны здабытак таго часу — не столькі атрыманыя веды, колькі знаёмства з іншымі маладымі літаратарамі, якія таксама вучыліся ў тым тэхнікуме. Напрыклад, Астрэйка пасябраваў з Лукашам Калюгам.
Прыхільнасць да літаратуры Сяргей Астрэйка меў з самых малых гадоў, бо шмат чытаў. Найперш класіку, у тым ліку і беларускую. «Памятаю той час, калі наша літаратура трымалася на трох „кітах“: Купала, Колас і Цішка Гартны», — прыгадваў іншы беларускі паэт, Сяргей Грахоўскі, які быў на год маладзейшы за Астрэйку. Што тут казаць, калі Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч, быў сам родам з Капыля.
Менавіта ён і дапамог дэбютаваць са сваім вершам зусім яшчэ маладому паэту ў 1928 годзе на старонках газеты «Чырвоная змена». Таксама па ягонай жа парадзе Астрэйка вырашыў паступаць у тэхнікум, які скончыў у 1930-м годзе. Жылуновіч у той час наогул часта дапамагаў маладым. Каму з публікацыяй, каму з выданнем кнігі ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве, якое тады ўзначальваў, каму з грашыма.
Верш «Я стаяў ля дарог». Часопіс «Полымя» № 3, 1930 г.
Пачынаў Сяргей Астрэйка, як і многія, з пейзажнай лірыкі. Акрамя гэтага, пісаў на актуальныя для таго часу тэмы — калектывізацыю і становішча ў Заходняй Беларусі. Але нягледзячы на тэматыку, ягоныя вершы выразна выбіваюцца з агульнай каляіны. Дзякуючы ў першую чаргу надзвычай арыгінальнай лексіцы.
Мяркуйце самі, адны назвы чаго вартыя: «Пошчак з усхонаў», «Далёка паяюць асначы», «Прошвы пэўнасці» ды і іншыя.
Верш «Пошчак з усхонаў». Часопіс «Полымя» № 6-7, 1931 г.
Верш «Далёка паяюць асначы». Часопіс «Полымя» № 6-7, 1931 г.
Ці не самая вядомая паэма Сяргея Астрэйкі, якую ён напісаў у 1931 годзе і якая так і не пабачыла свет пры жыцці аўтара, называецца «Смарагды кроз». Сучасны чытач без слоўніка можа і не зразумець, што гэта наогул значыць. Смарагд — гэта дарагі камень зялёнага колеру, ізумруд. Ну а крозіць — гэта па-руску «грезить». Падобнае да мроіць, але ўсё ж не тое самае.
Верш «Прошвы пэўнасці». Часопіс «Чырвоная Беларусь» № 1, 1932 г.
Яшчэ адну сваю паэму «Бенгалія» Астрэйка напісаў пад уплывам прыезду ў Савецкі Саюз індыйскага паэта Рабіндраната Тагора ўвосень 1930 года. Беларускі паэт не проста зацікавіўся гісторыяй далёкай краіны, але здолеў правесці паралелі з Беларуссю, якая аказалася пад уладай больш моцных суседзяў. На думку адных, пад Бенгаліяй аўтар меў на ўвазе БССР, якая была складовай часткай Савецкага Саюза. На думку другіх, пад Бенгаліяй ён меў на ўвазе Заходнюю Беларусь, якая тады была пад Польшчай. Як бы там ні было насамрэч, але ў любым разе Сяргей Астрэйка, скарыстаўшыся эзопавай мовай, здолеў паказаць сапраўднае становішча сваёй Бацькаўшыны. Кажуць, што хваліў гэты твор сам Янка Купала, якому давялося яе паслухаць у выкананні аўтара.
Пасля сканчэння тэхнікума Астрэйка працаваў нейкі час рэдактарам выданняў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці. А ў 1932-1933 гадах — навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук БССР. Быў у камісіі, якая займалася складаннем слоўнікаў. І тое невыпадкова, бо да беларускай мовы ў яго быў яўны піетэт. Прычым, у Астрэйкі можна заўважыць цікавыя падыходы — практычны і творчы, што адбіваецца на лексіцы ў ягоных вершах.
Летам 1932 года ён публікуе ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце», які выклікае вялікі розгалас. Астрэйка абрынаецца з крытыкай на непісьменных выдаўцоў, а таксама пераймаецца праз наяўнасць вялікай колькасці русізмаў і недарэчнага калькавання, якое забівае самастойнасць мовы. Дазваляе сабе паўшчуваць і партыйных дзеячоў. Да рэформы беларускага правапісу, якая пачалася ў 1933 годзе, заставаўся год...
Шчыраваў Сяргей Астрэйка не толькі на ніве вершаскладання. Праявіў сябе таксама і як перакладчык.
Увосень 1932 года ў Савецкім Саюзе адзначалі 40 гадоў творчай дзейнасці Максіма Горкага. Не стала выключэннем і Беларусь. Класіка расійскай літаратуры прынялі ў нашую Акадэмію Навук, яго віншавалі, перакладалі, прысвячалі творы, а ў ягоны гонар ладзіліся шумныя літаратурныя вечары. Выйшаў нават тэматычны нумар «Чырвонай Беларусі», які быў прысвечаны знакамітаму пісьменніку. У ім змешчаны пераклад «Песні пра буравесніка», які зрабіў Сяргей Астрэйка. Не цяжка здагадацца, што менавіта гэты варыянт вядомага верша адрозніваецца ад іншых перакладаў найперш дзякуючы ягонай адметнай лексіцы.
Верш «Песня пра буравесніка». Часопіс «Чырвоная Беларусь» № 19, 1932 г.
Перакладаў Сяргей Астрэйка таксама творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага і Ісаака Бабеля. Але змрочныя хмары ўжо згушчаліся над галавой, праўда, не аднаго яго.
Часопіс «Чырвоная Беларусь», заахвочваючы сваіх чытачоў да падпіскі на наступны год, анансуе ў снежні 1932 года публікацыю твораў, у тым ліку, і Сяргея Астрэйкі. Але анонсы так і застануцца анонсамі, бо ўжо 22 лютага 1933 года яго арыштуюць, а вясной таго ж года перастане выходзіць і сам часопіс.
Літаратурны анонс на 1933 год. Часопіс «Чырвоная Беларусь» № 23-24, 1932 г.
За датычнасць да чарговай «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якой у сапраўднасці не існавала, Астрэйка будзе асуджаны на пяць гадоў высылкі з Беларусі. Пакаранне ён будзе адбываць у горадзе Ірбіт Свярдлоўскай вобласці разам са сваім даўнім сябрам Лукашам Калюгам.
У высылцы Астрэйка будзе працаваць бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. Менавіта там, у Ірбіце, у 1935 годзе будзе зроблены самы вядомы ягоны фотаздымак. І менавіта там ён скончыць перакладаць «Яўгена Анегіна» Аляксандра Пушкіна. Які, аднак, так і не ўбачыць свет.
Паўторна яго арыштуюць у жніўні 1937 года, не даўшы адбыць да канца тэрмін высылкі паводле першага прысуду. Астрэйка будзе асуджаны да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны» — і 14 верасня 1937 года расстраляны. Рэабілітуюць паэта толькі праз 20 гадоў, у 1957 годзе.
Сёння творчы даробак паэта мы можам ацаніць хіба што па публікацыях, якія можна адшукаць у перыёдыцы міжваеннай Беларусі. Бо архіў паэта быў незваротна страчаны ў час вайны. Паэма «Смарагды кроз» упершыню будзе надрукаваная толькі ў 1990 годзе. Ну, а фрагмент «Бенгаліі», які аўтар хутчэй за ўсё рыхтаваў да друку і які быў адшуканы адносна нядаўна, пабачыў свет некалькі гадоў таму.
За 25 гадоў жыцця і за няпоўныя дзесяць гадоў творчасці Сяргей Астрэйка паспеў шмат чаго. І ў яго несумненна былі ўсе шанцы ўзняцца на літаратурныя вышыні. Калі б не трагічныя абставіны, якія без пары абарвалі ягонае жыццё, як і жыцці іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў таго часу.
Л.Г., budzma.org