Сяргей Чыгрын і Зміцер Бартосік выступілі на Слонімшчыне

03.09.2015 Музыка

Напрыканцы ліпеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Лясны”, што ў Слонімскім раёне, адбыліся дзьве літаратурныя сустрэчы з удзелам слонімскага пісьменьніка і краязнаўцы Сяргея Чыгрына і мінскага журналіста і барда Змітра Бартосіка.

Сустрэчы адбыліся дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Як прыемна, што сярод канікул, часу, калі школьнікі менш за ўсё думаюць пра вучобу, дзецям даюць магчымасьць паўдзельнічаць у вельмі цікавым і патрэбным уроку. Уроку беларускасці.

Надзвычай парадваў Сяргей Чыгрын. Так нязмушана і ўмела здольны завалодаць вялікай дзіцячай аўдыторыяй. Ён чытаў свае гумарныя вершы, ладзіў віктарыны на тэму гісторыі і літаратуры. У спякотны сонечны дзень, калі, здавалася б, усё думкі дзяцей павінны быць занятыя вуліцай, лесам ці гульнямі, у залі ўзнікла бясконцая чарга з ахвочых паўдзельнічаць у Чыгрынавай гульні. Найцікавейшыя адказы ўзнагароджваліся прызамі ад “Будзьма беларусамі!”.

Вельмі змястоўна выступіў і Зміцер Бартосік, які пазнаёміў дзяцей з жанрам аўтарскай песні, выканаўшы класічныя творы Булата Акуджавы ў перакладзе рыгора Барадуліна, а таксама свае песні.

Абыякавых твараў у залі не было. І малодшыя, і старэйшыя школьнікі засталіся вельмі задаволенымі. А яшчэ хочацца верыць, што нашы творцы яшчэ не раз завітаюць у “Лясны”.