Сяргей Пукст: Трыюмф мовы

pukst

У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” выканаўца Сяргей Пукст прадстаўляе сваю песню “Трыюмф волі”. Яе беларускі тэкст напісаў паэт Андрэй Хадановіч. “Беларуская мова мне вельмі дапамагла сказаць слухачам тое, што я хацеў”, – прызнаўся выканаўца нігілістычнага джазу і спявак сюррэалістычнага гвалту.

У Пукста трывалыя музычныя карані. Яго дзед – Рыгор Пукст – славуты беларускі кампазітар, аўтар такіх операў як “Машэка” і “Свіцязянка”. Але Сяргей абраў авангард. “У дзяцінстве нахадзіўся ў філармонію, таму класічную музыку ўспрымаю праз паціну”, – кажа ён і прызнаецца, што праз спецыфіку савецкай адукацыі расійскамоўная культура з паэзіяй Платонава і Хлебнікава для яго адкрылася куды раней за беларускую. Таму і сам ён пачаў пісаць песні па-расійску. Ён пэўны ў тым, што беларускую мову не варта выкарыстоўваць у якасці плакатнай, таму для свайго дэбютнага твору абраў менавіта лірычную кампазіцыю – “Трыюмф волі” з аднайменнага альбому. “Мне падаецца, што менавіта па-беларуску можна сачыняць своеасаблівыя кампазіцыі, але менавіта лірычныя і зусім не расійскападобныя, – кажа ён. – У выпадку з маёй песняй беларуская мова вельмі дапамагла сказаць слухачам тое, што я хацеў”.

Беларускі тэкст “Трыюмфу волі” напісаў паэт Андрэй Хадановіч. Пукст называе гэты варыянт чыстым і якасным эквівалентам ранейшай песні. “Сэнс у выніку перакладу змяніўся. Так, знік, напрыклад, правакацыйны радок: “Уйти туда, где нет Бога”. У беларускай версіі ён гучыць: “Ісці туды, дзе нічога…” У тым і была задача, з якой Андрэй Хадановіч справіўся на выдатна – стварыць новы тэкст паводле тэмы”.

Пасля гэтага ўдалага эксперыменту Пукст задумаўся над яго працягам. “Магу сказаць дакладна, што па-беларуску ў мяне будзе яшчэ не адна песня”, – зазначыў выканаўца.

Сяргей Пукст – Трыюмф волі (муз. і сл. аўтара, беларускі тэкст – Андрэй Хадановіч)