«Каб паказаць гісторыю з перспектывы чалавека»: у Беластоку прайшла прэзентацыя новай кнігі архіва VEHA «Руіны Беларусі»

У беластоцкай галерэі «Арсенал» адбылася прэзентацыя кнігі «Руіны Беларусі». На сустрэчы паразмаўлялі пра значэнне працы з памяццю і пра дакументаванне спадчыны, піша reform.news.

«Ruiny Biełarusi»

Арганізатар імпрэзы — Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які з’яўляецца сувыдаўцом кнігі «Руіны Беларусі»: у выданне ўвайшлі фотаздымкі з архіва, што збірае гэта інстытуцыя.

Ruiny Kreŭskaha zamka i Troickaj carkvy
1915-1918 гг., Крэва, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл. Руіны Крэўскага замка і Троіцкай царквы. Прадаставіў Яўген Мшар. Архіў VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі». Фота: veha-archive

Ілона Карпюк, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, якая вяла імпрэзу, патлумачыла, што «Руіны Беларусі» ўзніклі, каб убачыць, як «руйнаванне стала характарыстыкай беларускай культуры. Але архіўная практыка VEHA — гэта форма ціхага і паслядоўнага супраціву і інструмент перабудовы калектыўнай памяці па-за межамі існуючых канонаў. Беларусы павінны самастойна супраціўляцца свайму культурнаму паглынанню і ўнутры краіны, і па-за яе межамі».

Ruiny Bohajaŭlenskaj carkvy
Ліпень 1941 г., Магілёў. Руіны Богаяўленскай царквы (з 1920-х гадоў у будынку месціўся цэнтральны архіў БССР, канчаткова знесеная пасля Другой сусветнай вайны). Крыніца: Алег (Давід) Лісоўскі, «Архіў гісторыі Магілёва». Архіў VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі». Фота: veha-archive

Новая фатаграфічная калекцыя VEHA распавядае пра лёс беларускіх камяніц. Войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках.

Niamiecki vajskoviec z rovaram pierad byłoj jezuickaj škołaj, kasciołam Imia Dzievy Maryi i kalehiumam jezuitaŭ
1941-1944 гг., Мінск. Нямецкі вайсковец з роварам перад былой езуіцкай школай, касцёлам Імя Дзевы Марыі і калегіумам езуітаў. Прадаставіў Яўген Мшар. Архіў VEHA, калекцыя «Руіны Беларуси». Фота: veha-archive

У кнізе змешчаны фатаграфіі разбураных помнікаў архітэктуры, што паходзяць з 45 сямейных і публічных архіваў.

Niamieckija žaŭniory na fonie Navahrudskaha zamkaЛістапад 1915 г., Навагрудак, Гродзенская вобл. Нямецкія жаўнёры на фоне Навагрудскага замка (захаваўся ў зруйнаваным стане). Прадаставіў Яўген Мшар. Архіў VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі». Фота: veha-archive

Леся Пчолка, заснавальніца архіва VEHA, расказала, што над новай калекцыі фатаграфій яны працуюць ужо трэці год. Кожная праца з калекцыяй пачынаецца са збору матэрыялу, пасля ідуць аналіз, напісанне тэкстаў і выданне кніг.

У кнігу «Руіны Беларусі» найперш увайшлі здымкі, якія дасылалі людзі. «То-бок будынкі, якія мы абралі, не абавязкова з’яўляюцца самымі важнымі ў гэтых рэгіёнах, бо мы рабілі акцэнт на фатаздымках з прыватных сямейных архіваў, каб паказаць гісторыю з перспектывы чалавека», — растлумачыла Леся Пчолка.

Каманда працягвае збіраць матэрыялы для другога тома «Руін Беларусі», які з‘явіцца па меры таго, як будуць дасылацца здымкі.

VEHA — незалежны лічбавы архіў, што збірае фотаздымкі, зробленыя да 1980 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і даследуе візуальную гісторыю паўсядзённасці.