Багач — свята пераходнага паміж летам і восенню перыяду. Адзначалася амаль па ўсёй Беларусі. Свята вядомае таксама пад назвамі: Багатнік, Гаспожка Багатая, Другая Прачыстая (Малая), Багатуха, Спожка. У хрысціянскай традыцыі гэта дзень народзінаў Божай Маці.
Што гэта за свята і як яго адзначаюць сёння, распавядаем у артыкуле.
Багач адзначаюць адпаведна грыгарыянскаму календару 8 верасня, па юльянскім календары — 21-га.
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г.
Багач — назва адначасова і самога свята, і галоўнага яго атрыбута — місы з зернем і ўтыркнутай у яго свячой. Адпаведна звесткам этнографа Адама Багдановіча, запісаным у Ігуменскім павеце, зерне для Багача збіралі ўсе вяскоўцы, а пасля ладзілі ўрачысты абыход вёскі. Напрыканцы з багачом абыходзілі статак. Рытуал скіраваны на захаванне ладу, дабрабыту, ураджайнасці. Пасля лубок з жытам і свячой пакідалі на год у адной з хат — такі сабе амулет да наступнага года. Па традыцыі гаспадары абранай хаты частавалі ўдзельнікаў абраду.
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г. Фота: Аляксей Сталяроў
Падчас шэсця і пераносу свячы выконвалі як восеньскія, так і жнівеньскія песні. Бо свята гэта заканчвае пераход ад лета да восені.
Багач — падсумоўванне вяснова-летніх клопатаў
Сама назва ўжо падказвае, што гэта свята новага ўраджаю. Гэты дзень заканчваў цыкл работ па вырошчванні збожжа, гародніны і г. д. Ён паказваў вынік працы руплівых гаспадароў і з’яўляўся адначасова мяжой паміж летам і восенню. Да гэтага дня ўжо стараліся скончыць палявыя работы, сабраць зернавыя.
Аднак да адпачынку сялянам было яшчэ далёка: «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бярыся за сявеньку ды сей памаленьку». Мяняўся від працы. Але заставалася яе яшчэ вельмі шмат.
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г. Фота: Аляксей Сталяроў
І лакальныя рытуалы былі скіраваны на тое, каб паўплываць на ўраджай наступнага года. Так, напрыклад, на Віцебшчыне жанчыны хадзілі па палях, дзе сеялі лён, і прыгаворвалі: «Няхай лён будзе такей даўгей, сколькі мы прайшлі!». А на захадзе было прынята на Багача рэзаць барана. Калі хто шкадаваў ахвяраваць жывёлу на святочны стол, казалі, што воўк усё адно задзярэ.
Багач — «сонечнае» свята
Адпаведна народнаму календару Багач — свята, набліжанае да восеньскага раўнадзенства. Запаленая свечка сімвалізуе Сонца як галоўную жыццядайную сілу ў карціне свету нашых продкаў. У спалучэнні з зернем дае нам сімвал дабрабыту і багацця. І адначасова гэта падзяка Сонцу за багацце новага ўраджаю.
Таксама гэта час запальвання агню для асвятлення хаты. То-бок прастора дзеяння чалавека звужаецца: ад летняга раздолля палёў, лясоў, паплавоў да «культурнай» лакацыі падворка і хаты.
Дзень Народзінаў Божай Маці
У хрысціянскай традыцыі 8 (у каталікоў) / 21 (у праваслаўных) верасня адзначаецца дзень народзінаў Багародзіцы. Гэта свята — складнік цыкла так званых багародзіцкіх святаў (святкоў) — цыкла святаў у гонар Дзевы Марыі: Успенне (15 / 28 жніўня), Багач (8 / 21 верасня) і Пакровы (14 верасня ў праваслаўных). І называлі іх адпаведна — першы святок, другі, трэці. Пра Багач казалі: «Другі святок — ужо восень, браток».
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г. Фота: Аляксей Сталяроў
У народных вераваннях Маці Божая атаясамлялася з Маці-Зямлёй, лічылася апякункай чалавечага лёсу ўвогуле, магла паспрыяць добраму ўраджаю.
Як адзначыць Багач у сучасных умовах
Ужо некалькі год запар Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства ладзіць святкаванне Багача ў Вязынцы на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка. Таксама культурна-забаўляльныя праграмы па матывах свята ладзяць аграсядзібы (напрыклад, сёлета на Багача запрашае Дукорскі маёнтак).
Калі вам не выпадае наведаць Вязынку ці іншую пляцоўку, прапануем некалькі ідэй, як адзначыць асенні пераход у гарадскіх умовах.
Падзяка. Эмацыйная аснова свята — радасць і ўдзячнасць за новы ўраджай, багацце і дабрабыт. Адкладзіце на дзень усе турботы і свае фінансавыя задачы і проста парадуйцеся сваім дасягненням. Нагодай для радасці могуць паслужыць не толькі наяўныя ў гаманцы ці грошы на рахунку. Нарыхтоўкі на зіму ў кладоўцы, квітнеючыя клумбы ля дома, новыя знаёмствы, новыя веды, нейкія карысныя звычкі, завершаныя праекты альбо цікавыя задумкі на будучыню, ціхія ўтульныя вечары з сям’ёй альбо галавакрутныя летнія прыгоды. Ды што заўгодна! Выдыхніце, азірніцеся і ўважліва прыгадайце — вы знойдзеце шмат нагодаў ганарыцца сабой, парадавацца свайму ўласнаму «ўраджаю» ды падзякаваць Сусвету (Богу)!
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г. Фота: Аляксей Сталяроў
Чысціня. Як і любы пераходны перыяд, Багач можа прынесці ў ваша жыццё лёгкую куламесу. Не варта гэтага палохацца ці пакутаваць. Проста прыбярыцеся! У хаце, у думках, у нататніках, на працоўным стале. Разбярыце рэчы ў шафе: летняе — падалей, цёплае — бліжэй. Памыйце і разбярыце летні абутак, торбачкі.
Каб навесці парадак у галаве, складзіце план на восень: што б вы хацелі зрабіць, чаму навучыцца, дзе пабываць, з кім пабачыцца, якія кнігі пачытаць, якія фільмы паглядзець.
Утульнасць. З чым у вас асацыюецца восень? Плед, фатэля, гарачы шакалад. Цёплыя пульсэткі, вязаныя шкарпэткі, залатая лістота, маркотны дожджык за акном, пярэстыя парасоны. Абярыце некалькі значных для вас дэталяў, што зробяць вашу восень па-сапраўднаму ўтульнай і радаснай.
Упрыгожце сваю прастору: букет асенніх кветак ці залатых лісцікаў, гарбуз, абматаны гірляндай, паднос з яблыкамі, грушамі, прыгожая місачка з журавінамі альбо зернем — усё, што падкажа ваша фантазія.
Запаліце свечы. Жывы агонь — абавязковы атрыбут свята. Можна выкарыстоўваць араматычныя і зрабіць атмасферу яшчэ больш утульнай і святочнай.
Свята Багач у Вязынцы, 2013 г. Фота: Аляксей Сталяроў
Стасункі. Багач — агульнае для грамады свята. Не варта ў гэты дзень зачыняцца ў кватэры сам-насам са сваёй радасцю. Дзяліцеся ёю з іншымі людзьмі. Наведайце выставу, схадзіце ў кіно альбо на вечарынку. Ці збярыце кампанію самі. Прыгадайце, з кім вы даўно хацелі «як-небудзь сабрацца на каву», але ўсё ніяк не выпадала. Вось у вас ёсць цудоўная нагода зрабіць гэта!
Няхай Багач прынясе вам сапраўднае багацце — мір у душу ды гармонію ў сэрца!
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022)
Ева Вятрыскіна, budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Святы Сямён, гані мух вон!». Народны каляндар беларусаў на верасень