Хочацца салодкага, але не ведаеце, чаго менавіта? Прапануем прыгатаваць кварккойльхен і братэпфель. Не зразумелі, што гэта? Сырнікі і печаныя яблыкі! Па адной з версій, стравы маюць саксонскія карані і могуць стаць смачным сняданкам або дэсертам для вас і вашых блізкіх.
Сырнікі і печаны яблык ці кварккойльхен і братэпфель?
Дакладна невядома, адкуль з’явіўся рэцэпт звыклых нам сырнікаў. Ёсць дзве версіі паходжання і развіцця стравы. Першая — страву, падобную да сырнікаў, пачалі гатаваць амаль адразу, як чалавек прыручыў карову і стаў вырабляць сыр. Сырам у старажытнасці называлі на нашых землях любыя тварожныя і сырныя прадукты. Таму і тварожная аладка называлася сырнікам. Рэцэпт сырнікаў, як і любой стравы, з часам развіваўся, у іх пачалі дадаваць цукар, муку для эканоміі тварагу, есці з дадаткамі: смятанай, потым з мёдам і варэннем.
Ёсць меркаванні, што сырнікі з’явіліся на сталах нашых продкаў з прыходам да ўлады ў Рэчы Паспалітай саксонскага кюрфюрста Аўгуста Моцнага. Яго абралі каралём у 1697 годзе, і кіраваў краінай Моцны да 1733 года. Пры ім з’явіліся кварккойльхен — салодкая страва саксонскай кухні, вельмі падобная да традыцыйных сырнікаў, толькі з дадаткам таўчонай варанай бульбы. Бульба ў тыя часы была зусім непапулярным прадуктам у нашых продкаў, таму замест яе дадавалі муку ў тварог, рабілі аладкі і смажылі іх на масле.
Рэцэпт печаных яблыкаў паходзіць з саксонскіх зямель, там печаныя яблыкі падавалі на Раство. Называлася такая страва братэпфель. Не выключана, што страва патрапіла да нас дзякуючы Аўгусту Моцнаму і яго атачэнню. У яблыкі пры запяканні для смаку дадавалі мёд, арэхі ці тварог. А што рабіць, калі насмажылі сырнікаў, а тварог застаўся? Прыгатаваць печаныя яблыкі з тварагом і мёдам!
Як прыгатаваць сырнікі і печаныя яблыкі?
У тварог дадаць разынкі, убіць яйка, дадаць цукру, мукі і смятаны, перамяшаць да аднароднай тварожнай масы, сфармаваць аладкі і абсмажыць на разагрэтым алеі ці масле з двух бакоў да залацістага колеру.
У яблыка выразаем хвосцік, вычышчаем знутры семкі, у адтуліну кладзем тварожную масу або любое іншае начыненне, якое вам падабаецца. Паліваем яблык мёдам і ставім у разагрэтую духоўку да 160 градусаў на 40 хвілін, узровень гатоўнасці можна правяраць зубачысткай, робячы ёй праколы ў яблыку. Пячы яблык можна па часе больш ці менш, залежыць ад вашага густу.
Запечаны яблык паліць мядовай карамеллю, якая застаецца ў форме для запякання. А сырнікі лепш падаваць са смятанай ці варэннем.
Смачна есці!
На порцыю сырнікаў і яблыкаў нам спатрэбяцца:
Тварог — 300 грамаў
Разынкі — 20 штук
Адно яйка
Цукар — сталовая лыжка
Дзве лыжкі мукі
Дзве сталовыя лыжкі алею
Яблык
Лыжка мёду
Лыжка смятаны
Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з "Будзьма"» глядзіце тут.