Таццяна Печанко: “Неабыякавасць”

piecankofota

— Усё адбывалася вельмі лагічна, паступова. Мне заўсёды ў школе падабалася беларуская мова і літаратура, хаця чытаць я вучылася, як і большасць тагачасных дзяцей па буквары са словамі на першай старонцы: “Ленін жыў, Ленін жывы”…і так далей па тэксту. Людзі майго ўзросту і старэйшыя, думаю, памятаюць гэтыя радкі. І сапраўды я першыя свае школьныя гады чытала апавяданні пра Леніна і шчыра верыла, што гэта такі харошы дзядзечка, які любіў дзяцей і зрабіў шмат добрага. Аднак праз некаторы час прыйшлі змены.

Памятаю, як мой бацька адзін з першых у нашым маленькім гарадочку здаў свой партбілет. Нарэшце ўголас загаварылі пра незалежнасць. На той момант мне было зусім мала год і шмат чаго я не разумела, аднак усё, што адбывалася вакол, аказвала свой уплыў.  Памятаю, як я зайздросціла малодшай сястры, якой пашчасціла патрапіць у хвалю беларусізацыі, і яна да 8-га класа вучылася па-беларуску. Хаця нашы бацькі і не размаўляюць па-беларуску, аднак яны любяць беларускую мову і вельмі добра асэнсоўваюць, што жывучы ў Беларусі натуральна думаць і размаўляць па-беларуску, таму і аддалі сястру ў беларускамоўны клас. Яшчэ ўзгадваю момант, калі не гледзячы на ўсе ўгаворы, а пасля і пагрозы, увесь мой клас адмовіўся ўступаць у БРСМ.  Наш дырэктар тады назваў наш клас “асіным гняздом”, але зрабіць нічога не змог, так і сышоў ні з чым. Як ні дзіўна можа прагучаць, на той момант гэты агульны пратэст быў для нас праявай любві да сваёй краіны і праявай беларускасці. Калі я прыйшла вучыцца ва ўніверсітэт, мне пашчасціла сустрэць беларускамоўных сяброў. І я сама стала гаварыць па-беларуску. Гэта не было для мяне цяжка і я не мучылася падбіраючы словы. Усё атрымалася вельмі натуральна. Да гэтага моманту ў маёй галаве ўжо склаліся ўсе элементы пазла. У нечым можна сказаць, што мая беларускасць расла разам са мной.

Мне падаецца, што на сённяшні дзень быць беларусам – гэта калі табе не ўсё роўна. Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў гэтай краіне, калі ты асэнсоўваеш веліч і прыгажосць беларускай мовы, усю непаўторнасць і багацце беларускай культуры. Калі ты гатовы штосьці рабіць для таго, каб у гэтай краіне жыць было лепей, каб твае дзеці не праходзілі свой шлях да беларускасці, а ад самага нараджэння раслі ў беларускім асяроддзі. Калі ты не будзеш крычаць гледзячы футбол “Ура! Нашы выйгралі!” ў выпадку, калі выйграла расейская каманда. Калі адпачываючы на самым прыгожым пляжы ў свеце ля самага сіняга мора, праз некалькі дзён ты ўсё адно хочаш дадому, у Беларусь.

Аб праекце “Як я стаў беларусам”