Тацяна Заміроўская: «Сьвята маргінальнасьці і цуд дыпляматыі»

Журналістка Тацяна Заміроўская пра праект «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2»: «Крыўдна, што такі праект адбываецца на ўзроўні культурнай рэзервацыі. Але гэта нармальна, што лепшыя праекты ў гэтай краіне робяць маргіналы і пасыянарыі. Акром таго, што дадзены дыск — нейкае трагічнае сьвята маргінальнасьці, гэта яшчэ і цуд дыпляматыі».

perazahruzka2_img_400 Цудоўны праект сайту «Тузін Гітоў» і кампаніі «Будзь­ма» – у першай частцы на беларускай засьпявалі беларускія расейскамоўныя поп-зоркі, а ў другой пяюць экспаты, эмігранты, беларусы, што праславіліся за мяжой ды знакамітыя артысты зь беларускімі каранямі – вось у Лагуценкі дзед з Магілёву.

Прычым пяюць фігуры глябальнага маштабу. То бок, калі бы гэты праект рабіла Міністэрства культуры, то быў бы канцэрцік на СТВ і ОНТ, глябальнае сьвята ды дыскач у Палацы Рэспублікі. Але ж не, бо гэта ў нас «Будзь­ма» і «Ту­зін», якія знаходзяцца ў культурнай рэзервацыі, выйшаў амаль маргінальны праект. Яны ў прынцыпе рады яго рэклямаваць – разаслалі дыскі па ўпраўленьнях культуры абласных гарадоў, на радыёстанцыі, паклікалі кагосьці з Мінкульту на прэзэнтацыю ў бар, але гэта ж бар, хто туды пойдзе, там жа Алег Хаменка забаронены ходзіць! А праект жа трэба неяк рэклямаваць у агульнанацыянальным сэнсе – бо свае песьні на беларускай перасьпявалі «Му­мий Тролль», «Воп­лі Ві­доп­ля­сова», Але­на Сьві­рыда­ва, Zdob Si Zdub, «Смыс­ло­вые Гал­лю­цина­ции» і нават Le­on Gur­vitch Pro­ject, які грае сапраўдны эўрапейскі джаз, а зусім ня той караванчык, які большасьць нашых зьехаўшых джазмэнаў валіць у рэстаранчыку. І што? На адну назву паглядзіце, яна трохпавярховая і невымаўляльная: Будзьма. Тузін. Перазагрузка. Што да чаго? Праекту патрэбная нейкая простая, ясная і дзікая назва з аднаго слова. Як «Песь­ня­рок», «Крам­бамбу­ля», «Мэ­лян­хо­лія» ці «Эй­лафьяд­лайокудль».

Акром таго, што дадзены дыск — нейкае трагічнае сьвята маргінальнасьці, гэта яшчэ і цуд дыпляматыі: трэба, каб кожны пайшоў у студыю, запісаў нешта; угаварыць усіх, паразмаўляць, пераканаць. Некаторыя ўзялі старую фанаграму ды перарабілі вакал, нехта перапісаў усё наноў (напрыклад, Алег Скрыпка, які ўзяў удзел у менскай прэзэнтацыі праекту і адыграў ды-джэйскі сэт). Зрэшты, магчыма замежных зорак угаворваць куды лягчей, чым беларускіх. Для іх падобны праект — экзотыка, урачыстасьць, выклік. Алег  «Джагер» Мінакоў, экс-лідэр Ro­ub­le­zone, наогул заявіў, што ўпершыню ў жыцьці засьпяваў па-беларуску. Хаця ў 80-х ён расьпяваў сьмешныя песьні на трасянцы, яшчэ да «Ляпісаў». Але тое іншае.

Нават калі не зьвяртаць увагі на гэтыя ўсе кантэкстуальныя рэчы, дыск выйшаў някепскім. Беларуская мова ў кожнага выканаўцы выходзіць свая, часам зусім атыпічная. Напрыклад, у Скрыпкі, як высьветлілася, наогул увесь фанэтычны апарат фізіялягічна заточаны пад украінскі — і на беларускай ён гучыць, як Алег Хаменка. Імаверна, падладжваецца інтуітыўна, бо гурт «Па­лац» любіць і паважае. А вось Алег Джагер сьпявае так, нібы зь дзяцінства беларускамоўны, дарма, што з 90-х жыве ў Бельгіі. Зрэшты, у яго і з ангельскай першапачаткова вельмі нязмушана атрымлівалася. Відаць, проста здольнасьці да моваў мае. «Му­мий Тролль» зрабілі натуральны экслюзыў — іхні гімн кантрабандыстаў, які пачынаецца з слоў «Нам бы ў Бе­ларусь, хоць баць­ка не да­ваў ка­ман­ды», увайшоў у канцэртны рэпертуар. Лагуценка сьпявае па-беларуску сьмешна, як на космалінгве, гаворцы будучыні. Макс Лорэнс раптам таксама апынуўся беларусам дарэшты, тое самае —  Аляксандар Рыбак: расейская ў яго гучыць штучна, а вось беларуская — няма праблемаў.

Крыўдна, што такі праект адбываецца на ўзроўні культурнай рэзервацыі — згадзіцеся, той жа Рыбак з гэтай песьняй на ОНТ, дапусьцім, выступаў, але там яго ніхто не ўгаварыў засьпяваць яе на беларускай, а тут угаварылі. Але гэта нармальна, што лепшыя праекты ў гэтай краіне робяць маргіналы і пасыянарыі. Больш за тое, вядучыя музыкі бліжэйшых краінаў таксама супрацоўнічаюць не з афіцыйнай культурнай прасторай РБ, а зь людзьмі, што прыдумваюць такія складанкі. Ну, няхай, вось у Міністэрства культуры, кажуць, адправілі гэты дыск — дужа цікава, як ім там спадабаецца, што нехта робіць фактычна іх працу, прычым наўрад ці горш, чым яны самі.

Будзь­ма! Тузін. Пе­разаг­рузка-2, інтэрнэт рэліз Tuzin.FM і Budzma.org.

Cпампаваць складанку можна тут.