Тадэвуш Кандрусевіч адзначыць 75-гадовы юбілей службай у менскай архікатэдры

03.01.2021 Асоба

3 студзеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначаць сваё 75-годзьдзе — піша Свабода.

0806e4b3-ed98-4844-8b6a-8d6fdb3b849b_w1023_r1_s.jpg

Як удакладняецца на сайце Сatholic.by, уласна сьвяткаваньне юбілею пераносіцца на пазьнейшы час у зьвязку з каранавірусам, аднак у гэты дзень у менскай архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп будзе цэлебраваць Імшу (аб 11.30 і 13.00).

«Час няўмольна ідзе наперад і 3 студзеня, калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годзьдзя, — гаворыцца ў звароце Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў. — Знаходзячыся за мяжой і ня будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не плянаваў адмысловых урачыстасьцяў. Свае карэктывы ўносіць таксама і пандэмія каранавірусу. У сувязі з гэтым юбілейныя ўрачыстасьці пераносяцца на пазьнейшы і больш прыдатны час».

24 сьнежня Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў выгнаньня — улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта езьдзіць у Польшчу «па інструкцыі». Таксама вялася праверка, колькі насамрэч у мітрапаліта грамадзянстваў.

Толькі пасьля ўмяшаньня Ватыкану кіраўніцтва Беларусі дазволіла Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на радзіму.