Міёры такога яшчэ не бачылі. Землякі і госці райцэнтра 4-5 ліпеня пранікліся бытам і культурай вікінгаў — скандзінаўскіх воінаў-мараходаў, іх традацыйнымі касцюмамі, трэніроўкамі, змаганнямі. Зараз у нас ведаюць, як гартаваўся дух і мацавалася цела байцоў.
Фестываль сярэдневяковай культуры “Спадчына старажытнай Мерэі” адкрыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін.
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў уручыў прадстаўнікам усіх клубаў даверчыя граматы ў сярэдневяковым стылі, у якіх шаноўным гасцям даравалася права хадзіць па міёрскай зямлі, абяцалася ахова з боку землякоў, агучаны і іншыя абавязкі гаспадароў і магчымасці воінаў.
Клуб “Свора” прыехаў са сталіцы. Расшыфроўваецца назва як Саюз вольных ратнікаў. Удзельнікі страляюць з лука, б’юцца на мячах. Мінскі “Сход спадчаннікаў шляхты і дваранства” адраджае гісторыю і культуру Беларусі, родаў. Клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання “Эйра” аднаўляе матэрыяльную і духоўную культуру Ірландыі канца 15-пачатку 16 стст. Сваёй задачай акрэсліваюць не стральбу з лука ці ваенныя дзеі, а найперш—прыносіць радасць людзям. Ваенна-спартыўнае аб’яднанне “ВАРТА” прыехала са Смаленскай вобласці. Вёска, адкуль ратнікі, таксама мае 500-гадовую гісторыю, як і наш горад. “ВАРТА”—канструктывісты, якія дэманструюць значныя гістарычныя відовішчы. Напрыклад, Лядовае пабоішча, Зімовы Траян.
Полацкая камандорыя ордэна Паўночнага Храма займаецца бытавой і ваеннай рэканструкцыяй. У “Сярэбранага пегаса” са Слуцка таксама прыярытэтная задача—аднаўленне. У полі іх дзейнасці—ВКЛ у 14-15 стст. Дарэчы, “Сярэбраны пегас”—віртуозныя фаершчыкі, вячэрняе вогненнае шоу—справа іх рук. Аднаўленнем прыкладна гэтага ж перыяду, дэманстрацыяй знакавых падзей займаецца ваенна-гістарычны клуб “Дайнава”. Вялікую ўвагу надаюць Грундвальскай бітве, у якой мужныя ліцвіны перамаглі тэўтонцаў. Трое ўдзельнікаў “Дайнавы” прадстаўляюць групу “Рывея”, якая “запальвала” міярчан у вячэрні суботні час. Прысутнічалі і прадстаўнікі коннага клуба. Праўда, паколькі фестываль праходзіў у Міёрах упершыню—меў своеасаблівую спробнасць. У наступныя разы, якія па жаданнях землякоў мусяць адбыцца, конная армада пашырыцца.
Адкрыццё фестывалю на плошчы Леніна плаўна перацякло на мясцовы паўвостраў. Там радаваў пашыраны гандаль. Можна было набыць мёд розных гатункаў, халву і квас з пчалінага ласунку, васкавыя вырабы—гэта і іншае прадстаўляў майстар з Докшыц. Рамеснікі з Заходняй Украіны прывезлі драўляныя хлебніцы, цацкі, келіхі, бочкі, посуд—пераважна з буку, дубу, чарэшні. Цікавіліся міярчане (забабонныя і не толькі) славянскімі амулетамі. Прадавалі сваю прадукцыю мясцовыя мясакамбінат і хлебазавод.
Шматлюдна было на рыцарскім турніры, які паказала ваенна-спартыўнае аб’яднанне “ВАРТА”. “Адзін з усімі, адзін за ўсіх, адзін супраць усіх”,—з такімі словамі прыступілі воіны да змагання. Амуніцыя вікінга складаецца са шчыта, падкальчужніка, кальчугі, шлема і налічвае вагу амаль 20 кг. Нялёгка ўсё гэта трымаць на сабе і адначасова весці бой. Ратнікі дэманстравалі мужнасць, разумнае саперніцтва і братэрства, пасля сутычкі абдымаліся і паціскалі адно аднаму рукі. Бывала, што змагаліся і без шчытоў, шлемаў.
Асабліва здзівіла, калі без абароны галавы выйшла на рысталішча (так па-сярэдневяковаму называецца рынг) жанчына. Гэта Галіна Лабанава са Смаленшчыны. Не апранае шлем зусім не з-за смеласці, а проста трымаць яго на галаве цяжка і горача. Здараюцца і траўмы, як адзначае сама,—паказвае сіні палец.
—Як думаеце, мужчыны змагаюцца з вамі нароўні?—пытаюся.
—Нароўні, але прысутнічае пачуццё беражлівасці.
Расказвае Галіна Лабанава, што на выступленнях стараюцца прытрымлівацца тагачаснага быту. Ежа натуральная (сала, цыбуля, агуркі…). Асталяваліся воіны на паўвостраве ў палатках і за два дні тут добра прыжыліся.
Пасля рыцарскага турніру госці паўвострава змаглі паназіраць за трапнасцю лучнікаў, якія стрэламі цэлілі ў мішэнь з розных пастаў—развароту, калена.
—Лучнікі ў арміі заўсёды ставіліся ў авангард (наперад) і былі вельмі патрэбным звяном, бо стрэлы прабіваюць і дрэва, і шчыт. З-за ўпору пляча да вагі стралы дадаецца 100-150 кг,—расказвае галоўны каардынатар фестывалю, кіраўнік аб’яднання лучнікаў ледзі Маргарыта з Мінска.
Дарэчы, адметна і тое, што між стралкоў быў (дарэчы, заняў другую пазіцыю) і наш зямляк Віктар Клец—асоба рознабаковая і цікавая. Менавіта дзякуючы яго знаёмству з ледзі Маргарытай (на здымках “Героеўскага”) наладзілася сувязь з рыцарамі. Мясцовае кіраўніцтва з задавальненнем падтрымала прапанову іх выступлення ў родных пенатах.
—Я нават бараду спецыяльна адпусціў, каб адпавядаць сярэдневяковаму часу,—расказвае таленавіты зямляк Віктар Клец. Сам ён ездзіць два разы на тыдзень у Віцебск, каб удасканальваць лучнае майстэрства.
З лучнага паядынку гледачы накіраваліся зноў на рысталішча, дзе адбыліся масавыя рыцарскія бітвы. Удзельнікі літаральна сцякалі потам ад сонечнай спякоты, фізічных высілкаў і вагі даспехаў.
Не толькі дзеці, але і дарослыя (у тым ліку і дзяўчаты) паўдзельнічалі ў анімацыйнай гульні “Золата дракона” ў жанры квест, якая была рассяроджана па ўсім паўвостраве. Незабыўныя сустрэчы і спаборніцтвы з эльфамі, русалкай, вартаўніком лесу, крумкачом. Адзіная мэта—забраць скарб (залатыя манеты), якія, паводле тлумачэнняў арганізатараў, прыносяць рэальныя грошы. Што ж, магчыма…
Прысутныя з задавальненнем вучыліся рухам тагачасных танцаў, слухалі канцэрт сярэдневяковай музыкі, дзівіліся вогненным фігурам фаер-шоу, слухалі рок-групу “Рывея”.
Назва фестывалю “Спадчына старажытнай Мерэі” спецыяльна прымеркавана да нашага горада, які калісьці так называўся—Мерэя. Рыцары вандруюць ужо ля 10 гадоў па розных кутках свету—бліжнім і дальнім замежжы. А калі раптам у вас не атрымалася паглядзець гэтае відовішча ў нашым райцэнтры, наступны рыцарскі фэст адбудзецца ў Мсціслаўлі 17-18 ліпеня. Прадстаўнікі улады гэтага горада прысутнічалі ў Міёрах і сардэчна запрашалі на фестываль усіх жадаючых. Так што—майце на ўвазе.
Алена Басікірская, фота К. Блажэвіча, mijory.by