У Беларусі заўжды любілі і працягваюць танцаваць – у горадзе і ў вёсцы. Нездарма танцы называюць значнай часткай нацыянальнай культуры. На «Кірмашы праектаў», што падтрымліваюць кампанія «Будзьма беларусамі!» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA у розных гарадах краіны, часта прысутнічаюць танцавальныя ініцыятывы, якія асабліва ўхваляюцца публікай.
Мы паразмаўлялі з ініцыятарамі танцавальных праектаў у Бабруйску і Маладзечне, каб даведацца, у якім фармаце можна і варта танцаваць і як народныя танцы ўзбагачаюць гарадскую культуру.
Бабруйск
Юлія Літвінава: «Вельмі хочацца, каб Бабруйшчына танцавала найперш сваё»
Ад моўных курсаў да народных танцаў
Вечарыны з жывой музыкай і народнымі танцамі пачаліся ў Бабруйску тры гады таму, калі ў горадзе стартаваў праект «Мова Нанова». Падчас аднаго з заняткаў, прысвечанага музычным інструментам, Зміцер Мурашка зайграў на дудзе, а Юлія Літвінава прапанавала станчыць. Натхнёныя досведам сталічных сустрэч на вядомым сярод танцораў і музыкаў «Карчы» і ў «Жар-птушцы», Юля і Зміцер вырашылі ладзіць такія вечары ў Бабруйску, дзе танцавальнага жыцця на той момант зусім не хапала.
Танцы два разы на месяц пад гармонік, дуду і гітару
Аматары народных танцаў збіраюцца на пляцоўцы бабруйскага тайм-клуба «1387» два разы на месяц: у 1,3 альбо 2,4 нядзелю. У цёплы час танцавальныя вечарынкі адбываюцца на свежым паветры: у гарадскім скверы ці моладзевым парку каля Палаца мастацтваў. Танцуюць заўжды пад жывую музыку. Перадусім гэта гармонік, а таксама дуда – на інструменце, што прываблівае і гукам, і выглядам, грае Зміцер Мурашка. Завяршае трыа гітара, што гучыць у руках Змітра Сямёнава. Вечарыны не маюць узроставых абмежаванняў. Танчаць ідуць і дзеці, і людзі сталага веку.
Праект адбыўся напоўніцу
Сёлета на «Кірмашы ідэй» з нагоды атрымання Бабруйскам статусу Культурнай сталіцы праект «Вечарынка: народныя танцы» набраў большасць народных галасоў. Праект прадугледжваў танцавальныя сустрэчы і майстар-класы ад вядомых этнахарэографаў Беларусі. «Праект адбыўся напоўніцу, – распавяла budzma.by Юлія Літвінава. – Мы запрашалі такіх майстроў, як Сяргей Выскварка, Мікола Козенка, Алесь Лось – гэта людзі, з якімі варта пазнаёміцца, якіх варта пачуць. Яны больш падрабязна расказвалі пра танцавальную культуру. Я вельмі цешуся, што яны даехалі да Бабруйска. Так, Мікола Козенка ў свой час даследаваў танцавальны фальклор Бабруйшчыны. Ён змог падзяліцца з намі сваім досведам. Сяргей Выскварка больш расказваў пра танцы Любаншчыны, адкуль прыйшлі пэўныя танцы, як на танцавальную культуру паўплывалі нашыя суседзі. Алесь Лось засяродзіў увагу на абрадавых танцах. Мы хацелі паказаць, што мясцовыя танцы маюць глыбокія карані, яны жывуць і развіваюцца. Танец не мае застылай формы. Ён такі ж жывы, як і мы».
Экспедыцыя ў Ласі
Адным з найважнейшых момантаў сярод дасягненняў праекта арганізатары называюць экспедыцыйны выезд у вёскі Ласі, Пятровічы, Цялуша, Леніна Бабруйскага раёна з мэтай пашырыць веды пра танцавальную спадчыну Бабруйшчыны. «Адзінае, чым мы кіраваліся падчас сваіх вечарынак, – запісаны ў 1996 годзе Рэгінай Гамзовіч фільм «Як скачуць Ласі», – тлумачыць Юля. – Гэта быў адзіны матэрыял, які мы мелі па Бабруйшчыне. Падчас экспедыцый мы змаглі запісаць шмат цікавых момантаў, датычных танцавальнага фальклору і традыцыйнай культуры ўвогуле. Так, нам удалося з’ездзіць у вёску Ласі, куды нас суправаджалі Алесь Лось і Алеся Сівохіна. Мы паспелі сустрэцца з Таццянай Мірончык, якая ў фільме, што здымаўся амаль 20 гадоў таму, падбівала ў бубен, танцавала і спявала. Мы здолелі выйсці да людзей і наладзіць пэўную сувязь, сабраць тое, што яшчэ захавалася на сёння».
Назапашаны экспедыцыйны матэрыял арганізатары плануюць актыўна выкарыстоўваць на вечарынах, а таксама дзяліцца ім з тымі, хто цікавіцца танцавальнай культурай. Запісы ўжо часткова выкладзеныя на YouTube, у танцавальнай суполцы Бабруйска ў сацыяльных сетках. Больш за тое, матэрыялы з экспедыцый былі накіраваныя ў гарадскі аддзел культуры і працягваюць распаўсюджвацца сярод тых, хто займаецца танцамі. «Нашыя вечарынкі працягваюцца, а мы працягваем развучваць новыя танцы, – кажа Юля. – Вельмі хацелася б, каб Бабруйшчына танцавала і ведала найперш сваё. Так, танцы, характэрныя для Бабруйскага краю, – гэта найперш кругавая «Лявоніха», вальс з падманам, вальс з пацалункам з вёскі Ласі, кадрыля «Нажніцы», кадрыля ў тройках з вёскі Варатынь».
Бабруйск есць зефір і танцуе «Пазефір»
Стваральнікі танцавальных вечарын у Бабруйску ўпэўненыя, што важна не толькі танчыць, але і ведаць, што танчыш. Таму на сустрэчах Юля і Зміцер абавязкова расказваюць гісторыю танца, паказваюць асноўныя крокі, рухі, пазіцыі, калі ўдаецца, дэманструюць відэаматэрыялы з экспедыцый. «Мы заўсёды называем пашпарт танца, – працягвае Юля. – Калі не ўдаецца вёску назваць, то раён абавязкова гучыць. Каб людзі ведалі, адкуль той ці іншы варыянт танца. Бо той жа лявоніхі варыяцый вельмі многа. І мы ўжо развучылі некалькі варыянтаў з розных мясцовасцяў». Таксама важна дзяліцца сваімі танцамі ў іншых рэгіёнах. Так, бабруйчане ўжо ездзілі з майстар-класам у Маладзечна, дзе паказвалі бабруйскія танцы. А да сябе прывезлі танец пазефір, які быў запісаны маладзечанскай танцавальнай суполкай у Вілейскім раёне. «Мы падумалі, што паколькі ў Бабруйску ёсць зефірная фабрыка, то і танец пазефір тут таксама павінен жыць», – смяецца Юля. А ўвогуле ў Бабруйску вельмі любяць танцаваць лявоніху, падэспань, авангерку з Любанскага раёна і інш. Ніводная вечарына не абыходзіцца без кракавяка і ўжо традыцыйна заканчваецца ўлюбёным танцам «На рэчаньку».
Цікавасць да народнага танца ёсць
Праект у межах Культурнай сталіцы скончаны, але танцавальныя вечарынкі будуць працягвацца і надалей. Паводле назіранняў арганізатараў, колькасць людзей на сустрэчах павялічваецца. Больш за тое, яны гатовыя танцаваць у новым фармаце. «Раней мы акрэслівалі тэму вечарыны, калі да нас прыязджаў нейкі майстар, альбо сустрэча была прымеркаваная да пэўнага свята, – распавядае Юля. – Але ў будучыні мы б хацелі рабіць тэматычныя вечарыны сваімі сіламі. Матэрыял назапашаны, а людзі ведаюць дастаткова, каб з шэрагу вядомых танцаў вылучыць асобны від і паглыбіцца ў яго. Да гэтай пары мы вучыліся, запаміналі, паўтаралі, нагадвалі, але цяпер можам зрабіць новы крок. Нашыя госці могуць і кадрылю станцаваць, і мазурку, і розныя полькі». Да таго ж стаўленне да народнага танца змянілася і на адміністрацыйным узроўні. Гарадскі аддзел культуры цяпер запрашае танцораў на культурныя мерапрыемствы, імпрэзы і святы. Людзі бачаць, што гэта цікава і прыгожа.
Танцы – добры від адпачынку
Поспех танцавальных вечарын Юля тлумачыць тым, што гараджанам не хапае такіх сустрэч, у той час як у Еўропе танцы сталі неад’емнай часткай гарадской культуры, у тым ліку вулічнай. «Калі мы танцуем у парку, заўважаем, што гэта выклікае цікавасць. Моладзь спыняецца, просіць кантакты, – дзеліцца назіраннямі Юля. – Аднак людзі часта саромеюцца адразу далучыцца, баяцца, што ў іх не атрымаецца. У многіх склаўся стэрэатып, што народныя танцы танцуюцца толькі на сцэне і выконваюцца прафесіяналамі. Сваімі вечарынкамі мы хочам паказаць, што гэта перадусім від адпачынку. Мы танцуем сваё, прапагандуем танцы як частку нашай культуры. Мы бываем на летніках і танцавальных майстар-класах у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і разумеем, што наша спадчына таксама надзвычай багатая і можа быць актуальнай і сёння. Гэта не значыць, што мы заклікаем зноў абуваць лапці. У сучасных гарадскіх умовах можна цікава і весела танцаваць па-народнаму. І няважна, з якой мэтай ты прыйшоў – адпачыць, падтрымаць форму, як на занятках па фітнесе, альбо ўдасканаліць тэхніку і засвоіць чарговы від полькі. У любым выпадку адчуваеш кайф ад таго, што ты можаш, і гонар за тое, што маеш».
Маладзечна
Вольга Трубач: «Павінен прайсці час, каб людзі масава пачалі танцаваць з ранейшым імпэтам»
Маладзечна танчыць на «Вячорках»
Танцавальныя сустрэчы «Вячоркі» ў Маладзечне адбываюцца ўжо трэці год. Аматары народных танцаў збіраюцца на пляцоўцы ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна», што знаходзіцца на Лібава-Роменскай, 71, двойчы на месяц, каб прысвяціць дзве гадзіны вывучэнню крокаў, фігур, пазіцый і рухаў. Уласна «Вячоркі» былі ініцыятывай Студэнцкага этнаграфічнага таварыства на чале з Цімафеем Акудовічам і Аляксеем Крукоўскім, якое паставіла за мэту «растанцаваць» усю Беларусь. Сустрэчы прыжыліся ў Маладзечне і цяпер частка праекта «Свае танцы», адзін з кірункаў якога – папулярызацыя народных танцаў і складанне афішы танцавальных сустрэч па ўсёй краіне.
Больш за тое, амаль адначасова з «Вячоркамі» паўстаў і этнаграфічны клуб KOLA, удзельнікі якога танчаць, спяваюць, шыюць, аднаўляюць, збіраюць культурную спадчыну ў межах Маладзечанскага, Вілейскага і іншых рэгіёнаў Беларусі. «Мы займаемся рэканструкцыяй строяў, – тлумачыць кіраўнік клуба Вольга Трубач. – Аднаўляем спадніцу, кашулю, гарсэт, фартух – абавязкова з вышыўкай. Штотыдзень у нас ідуць заняткі традыцыйнага спеву, якія выкладае Настасся Шпілеўская. Мы таксама ўдзельнічаем у культурным жыцці горада – праводзім майстар-класы па народных рамёствах, арганізуем святы і абрады, ладзім вечарыны розных фарматаў. Напрыклад, на пляцоўцы RedBar адбываюцца Дударскія вечарыны – гэтую ідэю мы перанялі ў Дударскага клуба з Мінска. Цікавым досведам для нас была арганізацыя Вечара сацыяльных танцаў, які падзяляўся на тры блокі. У першай частцы гасцям прапанавалі пазнаёміцца з хастлам, у другой – з лацінаамерыканскімі і танцамі 30-х гадоў, трэці блок быў прысвечаны народным танцам, каб паказаць, што яны такія ж сацыяльныя і модныя. Мы танчым і на іншых гарадскіх святах, а ў межах праекта «Свае танцы» спрабуем «растанцаваць» малыя гарады. Так, у Вілейцы мінулай вясной мы танчылі ў Доме культуры і на беразе Віліі. Цяпер спрабуем разварушыць Смаргонь».
Танцавальнае KOLA пракацілася па Маладзечне
Танцавальны тур этнаграфічнага клуба KOLA па грамадскіх месцах быў адным з пераможцаў на «Конкурсе ідэй» Маладзечна. Ініцыятары праекта абралі незвычайны фармат, каб зацікавіць народнымі танцамі розныя колы грамадства. Два разы на месяц удзельнікі клуба збіраліся ладзіць танцавальныя сустрэчы ў разнастайных установах, школах, каледжах, гандлёвых цэнтрах, кавярнях, каб у далейшым і ў большым складзе працягваць танцавальныя сустрэчы на Лібава-Роменскай, 71. «Зрабіць такі праект у невялікім беларускім горадзе – гэта добры вопыт арганізацыі, – расказвае budzma.by аўтар ідэі-пераможцы Вольга Трубач. – Але былі і складанасці. Часта людзі проста не разумелі, што так можа быць – хтосьці прыйдзе і правядзе танцы. Асобныя культурныя арганізацыі прасілі прымеркаваць прыход да нейкага свята. Прасцей было з установамі, дзе практыкуюць такое. Напрыклад, кіраўніцтва «Дыліс касметык» у межах карпаратыўнага адпачынку запрашае ў цэх артыстаў, музыкаў. Таму дамовіцца з імі было нескладана. Фармат танцавальнага тура мы абралі невыпадкова, бо хацелі паэскперыментаваць, зрабіць нешта, чаго ў горадзе яшчэ не рабілі. Мы кіраваліся слоганам «Карапет, карапет – прыйдзем танчыць у абед» і рабілі імпрэзы ў сярэдзіне дня ці ў абедзенны перапынак. Гэта было нечакана, часам здавалася малаімаверным, аднак у гэтым і была моц праекта».
Танцавальны тур стаў прома-турам
Мэтай праекта было павелічэнне колькасці людзей на «Вячорках». І хаця ў выніку гэтага не адбылося, арганізатары лічаць, што ўсё наперадзе. Бо танцавальны тур стаў добрай рэкламай, своеасаблівым прома-турам і для вечарын, і для клуба. KOLA «круцілася» па цэху «Дыліс касметык», у памяшканні Маладзечанскіх электрасетак, у Маладзечанскім політэхнічным каледжы, у залі сярэдняй школы №9, у гарадской бібліятэцы імя М. Багдановіча, на падвор’і музычнага каледжа імя М. К. Агінскага, а таксама па шэрагу гарадскіх свят – агулам адбылося 8 танцавальных сустрэч. «На танцы рэагавалі па-рознаму, – згадвае Вольга. – Большасць людзей прызвычаеная да фармату канцэртаў, яны часцей стаялі і глядзелі. Аднак пад канец удавалася захапіць і разварушыць, ад танца «Млын» не маглі ўтрымацца нават пажылыя і статусныя мужчыны. Жывая музыка і характар танцаў рабілі сваю справу. Настасся Шпілеўская ў нас грае на акардэоне, Сабіна Пятроўская – на скрыпцы. Мы маем таксама бубен і мару заснаваць уласную капэлу, каб быць больш мабільнымі і незалежнымі. Да таго ж падчас майстар-класаў мы выбіраем найбольш простыя танцы для развучвання – «Польку-бабачку», «Вераб’я», лявоніху, «Млын»».
Прыйдзе час, і кола раскруціцца
«Вячоркі» па-ранейшаму адбываюцца на Лібава-Роменскай, 71, і любы ахвочы можа далучыцца да заняткаў. На вечарыны прыязджаюць госці з іншых гарадоў. Напрыклад, Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка з Бабруйска, гурты традыцыйнага спеву Čarot і Miareža з Мінска, Ганна Клімашэўская – удзельніца клуба KOLA, якая займаецца танцамі ў Школе традыцыйнага мастацтва ў сталіцы. Па назіраннях танцораў, найбольшай папулярнасцю на «Вячорках» карыстаюцца танцы «На рэчаньку», «Карапет», падэспань, «Гішпансер», шляхетны пазефір, габрэйскі танец «Гірша-мойша». «Народныя танцы зараджаюць пазітыўнай энергіяй, – упэўненая Вольга. – Адчуваеш сябе радасным і натхнёным, у адрозненне ад звычайнай дыскатэкі, пасля якой хочацца хутчэй адпачыць. Танцавальная культура – гэта нашыя традыцыі і карані, вельмі багатыя і глыбокія, але часта забытыя. Мы займаемся танцамі, каб узнавіць іх і захаваць. Упэўненая, у свой час кола раскруціцца, і народныя танцы стануць моднымі, як гэта адбылося з вышыванкай, што цяпер паўсюль. Павінен прайсці час, каб людзі масава пачалі танцаваць з ранейшым імпэтам. Танцавальныя гарадскія суполкі, разнастайныя танцавальныя ініцыятывы і эксперыменты, а таксама такі праект, як «Свае танцы», безумоўна, гэтаму спрыяюць».
Здымкі з Бабруйска – з уласнага архіва Юліі Літвінавай
Яна Шыдлоўская