Першы месяц быгучага, 2013-га году, для Рэспубліканскага савету Таварыства аховы помнікаў пайшоў не так, як планавалася, а значна напружаней. Звязана гэта з грамадскім абмеркаваннем карэктыровак ПДП Гістарычнага цэнтру нашай сталіцы, стратэгічнага горадабудаўнічага дакументу, ад якога залежыць, быць у Мінску хоць мінімальнаму куточку аўтэнтычнай гарадской прасторы, ці жыць нам на ўсе 100% у тым сурагаце, які, на жаль, рэалізуецца зараз.
Фота І.Чарняўскага
Некалькі публічных абмеркаванняў, праца над вывучэннем горадабудаўнічых рэгламентаў ПДП, распрацоўка абгрунтаваных заўваг і прапаноў па дэтальнаму плану, мабілізацыя прэсы для шырокага асвятлення праблемы і грамадскасці, для ўдзелу ў працэдуры абмеркавання. Усё гэта вымагала вялікай канцэнтрацыі сілаў і часу.
Але мабыць нездарма. Бо даўно праблемы гісторыка-культурнай спадчыны не выклікалі такога шырокага грамадскага рэзанасу. І што не ўдавалася раней – вывесці на больш шырокі ўзровень параблему перспектыўнай рэгенерацыі пляцоўкі паўднёва-ўсходняй часткі Замчышча і тэрыторыі гарадскіх Нізкага і Мяснога рынкаў, – удалося зараз, нават з рэзананснымі публікацыямі ў “Савецкай Беларусі”, галоўнай дзяржаўнай газеце ў Беларусі.
Праўда, нягледзячы на ўсю напругу, не забываліся мы і пра працу ў межах кампаніі “Будзьма Беларусамі”. Ажыццяўлены рэгіянальныя паездкі, дзе праведзены шэраг сустрэч і круглых сталоў па абмеркаванні праблем аховы помніказ гісторыі і культуры ў рэгіёнах. На круглым стале ў Жыткавічах прысутнічалі прадстаўнікі польскага боку, з якімі дасягнута дамоўленасць аб працы па мемарыялізацыі памяці ахвяраў нацызма ў мястэчку Ленін (у жніўні 1942 г. нацыстамі там знішчана каля 3-х тысяч чылавек жыдоўскага насельніцтва, а ў лютым 1943 карнікі расстралялі амаль 1500 местачкоўцаў-хрысціян).
А галоўнае, дасягнута дамоўленасць з Анджэем Аскальдовічам – бізнэсмэнам са Шчэціна, маючага карані ў Леніне, у гэтым старадаўнім мястэчку, пра яго ўдзел у якасці інвестара ў працах па рэстаўрацыі і аднаўленню каплічкі 1863 г. пабудовы на хрысціянскіх могілках у Леніне.
І, што немалаважна, выяўлены цэлы шэраг помнікаў, вартых надання ім статуса гісторыка-культурных каштоўнасцяў, дзеля чаго ўжо паступова рыхтуюцца прапановы, якія будуць прадстаўлены ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.