Разам з даследчыкам Змітром Пілецкім працягваем адкрываць таямніцы геральдыкі і сімволікі Мінска. Гэтым разам распавядаем пра сімвалы спадзеву і разбурэння горада другой паловы ХІХ стагоддзя.
Ці могуць фотамайстэрня і фатаграфія быць сімваламі Мінска? Можа, а ва ўмовах каланіяльнай сістэмы — ды яшчэ як! У 1850 г. Антон Прушынскі адкрыў першую ў Мінску сталую фатаграфічную майстэрню на Францішканскай вуліцы. Знакамітасць фотамайстру прынёс не толькі першы здымак панарамы Мінска (1863)... Напярэдадні паўстання Антон Прушынскі, удзельнік ранейшых розных нацыянальных рухаў, вырабляў партрэты выразна патрыятычнага зместу. Дзякуючы фотамайстэрні Прушынскага сёння мы маем унікальныя здымкі паўстанцаў з Міншчыны.
У час паўстання фатограф далучыўся да лагера «чырвоных» Мінскага паўстанцкага камітэта. Дзейнасць фотамайстры прыцягнула пільную ўвагу расійскіх агентаў у горадзе. Як вынік — выракам суда 29 кастрычніка 1863 г. Антон Прушынскі быў сасланы ў Сібір.
Самая вядомая партрэтная праца фотамайстры — здымак пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, зроблены ў 1861–1962 гг. Даследчыкаў даўно турбуе пытанне пра аркушы, якія трымае пісьменнік у руцэ — яны былі зарэтушаваныя. Некаторыя сыходзяцца на думцы, што таямнічыя лісты — гэта асобнік «Мужыцкай праўды» ад імя Каліноўскага. У 1863 г. у друкарні Мінскага губернскага праўлення быў выдадзены здвоены нумар часопіса П. Архангельскага «Фатаграфічная ілюстрацыя», у якім апублікаваны першыя фота з відарысам Мінска. Калі Прушынскі быў арыштаваны па абвінавачанні ва ўдзеле ў «мецяжы», адным з фактаў абвінавачання быў той, што пры здымках выкарыстоўвалася крэсла з высокай спінкай, наверсе якой знаходзіўся падвойны герб з «Арла» і «Пагоні» (сімвалы паўстання яшчэ ў 1831 г.). На «экстрэмісцкім» крэсле былі сфатаграфаваны не толькі ўдзельнікі паўстання (напрыклад, Міхаіл Цюндзявіцкі), але і родная маці фатографа Роза Станьская.
Сацыяльна-палітычны «бэкграўнд» прыняцця Маніфеста аб скасаванні прыгоннага права (1861) прымаў выразна трывожныя формы не толькі ў традыцыйна неспакойных заходніх літоўска-беларускіх губернях. Вядома, што частка няскоранай польскай і літвінскай шляхты краю ўдзельнічала ў паўстаннях «Вясны народаў» 1848–1849 гг. на тэрыторыі Аўстра-Вугоршчыны, брала ўдзел у Крымскай кампаніі на баку Асманскай Порты, запісвалася ў іншаземныя легіёны на баку Гарыбальдзі ў Італіі...
17 лістапада 1861 г. вучні Мінскай гімназіі прыйшлі ў Кафедральны касцёл і пасля службы пачалі спяваць «рэвалюцыйныя гімны» па ўгодках паўстання 1830–1831 гг.
Мінская мужчынская гімназія — гэта адзін з інтэлектульных сімвалаў Мінска. Адсюль выходзілі архітэктары і інжынеры, дактары і вучоныя, паэты і кампазітары. Гімназісты лічыліся самымі непакорнымі расійскімі падданымі — шмат хто з іх быў у шэрагах паўстанцаў або адкрыта спачуваў вызвольнаму руху, яны былі чальцамі таемных таварыстваў і носьбітамі вальнадумства. Новы будынак гімназіі (1844) пацярпеў у часы Другой сусветнай вайны. У пасляваенны перыяд, падчас рэканструкцыі вул. Леніна, яго вырашылі разабраць. Ці можна было захаваць помнік мінскаму вольнаму духу, кузні мясцовай эліты? Параўнанне здымкаў з калажа дае відавочны адказ, а мемарыяльная дошка не ў стане пералічыць усіх выбітных выпускнікоў.
У лістападзе 1862 г., падчас выбараў у Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход, назіралася напружаная сітуацыя: мясцовыя эліты рыхтавалі ліст на імя імператара, у якім абгрунтоўвалася магчымасць далучэння губерні да Царства Польскага. Такія ж лісты рыхтаваліся і ў іншых губернях рэгіёна — ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай хаця б у форме аўтаноміі не пакідала шляхецкія слаі грамадства. Аднак рэакцыя на месцах была імгненнай і адназначнай — забараніць! На перыяд 1863–1870 гг. Мінск, як і ўся губерня, зноў трапіў у ваеннае становішча.
Паўстанцкае кіраўніцтва мела ўсе прыкметы дзяржаўных органаў. Калекцыя пячатак, сабраная расійскім вайскоўцам падчас следства (унізе), уражвае: Начальнік Мінскага ваяводства, Камісар Нацыянальнага Урада Мінскага ваяводства, Начальнік Мінскага павета Мінскага ваяводства, Начальнік места Мінск Нацыянальнага Урада. У 1850-х гг. пашыраецца ўжыванне новай пячаткі (злева ўверсе) для органаў дваранскіх сходаў — на тле імперскага арла вакол буйной пячаткі Мінска (а больш дакладна — Мінскай губерні) месцяцца пячаткі павятовых (уездных) цэнтраў. Каланіяльны медаль «За усмирение польскаго мятежа» (уверсе ад правай) — самы ганебны і жахлівы сімвал гэтых часоў. У 1865 г. было адбіта каля 370 тысяч светла-бронзавых і больш за 230 тысяч цёмна-бронзавых медалёў, якія атрымалі не толькі неадукаваныя сяляне, расійскае чынавенства ці праваслаўныя святары, немалую долю, разам з грашовымі выплатамі, атрымалі прадстаўнікі аднаго з паўстанцамі саслоўя — шляхта, а таксама мяшчане і прадстаўнікі гандлёвых колаў.
Восенню 1863 г., калі ўзброенае выступленне ў рэгіёне было амаль падаўлена, мясцовыя эліты мусілі скласці «вернападданіцкі» адрас «о забвении прошедшего по случаю мятежа в крае и об оказании милости» на імя імператара, каб зацвердзіць сваю прыхільнасць да існага палітычнага рэжыму. Ад Мінскай губерні адрас падпісалі 2744 асобы. Пакаранні былі жорсткімі, незалежна ад ступені саўдзелу, саслоўнага стану, узросту ці гендару: мінскіх гімназістаў секлі розгамі ад 25 да 100 удараў, спісвалі ў салдаты, аддавалі «на парукі»; жанчын, апранулых жалобны строй — штрафавалі на значныя сумы, а жонак удзельнікаў «мецяжу» — прымушалі прадаваць маёмасць і з’язджаць разам з сужонцам у ссылку.
Любы месціч, западозраны ў тым, што спяваў «забароненыя» песні, насіў адпаведную сімволіку (пярсцёнкі, абразкі, строй ці нават колер адзення) або меў «возмутительную» літаратуру, мог патрапіць пад каток судовых рэпрэсіяў.
Яшчэ да паўстанцкіх часоў па стане і сэнсе геральдычных выяваў стала заўважным, наколькі фармалізаваным зрабіўся падыход каланіяльных уладаў да сімволікі краю.Так, у атласе 1858 г. Н. Зуева з картамі і гербамі губерняў герб Мінскай і Валынскай губерняў памяняліся месцамі (і гэта далёка не адзіны падобны выпадак). Афіцыйныя выданні з друкарні Губернскага праўлення нясуць на воклады цяжка пазнавальныя, абстрагаваныя гербы. Тое, што геральдыка ператварылася ў фікцыю, заўважна па тым, што ад запытаў з Герольдыі гарадскія і губернскія ўправы проста адпісваліся ці адмахваліся. Герб ужо не абслугоўваў нейкі пэўны тэрытарыяльны пункт, а ператварыўся ў адзін са шматлікіх элементаў сістэмы захадаў царскага ўрада па ўмацаванні ягоных ідэйных пазіцый. У сярэдзіне ХІХ ст. форму герба ў гэтым плане яшчэ больш «удасканалілі» пад кіраўніцтвам барона Кёнэ. Яскравы прыклад — першая спроба рэформы губернскіх гербаў і праект герба Мінскай губерні ў 1859 г. (унізе): залатое поле французскага шчыта нібыта сімвалізуе хлебныя нівы і мірную працу жыхароў краю, хвалістыя паясы блакітнага колеру ўвасабляюць галоўныя рэкі рэгіёна... Такі бессэнсоўны герб можна было надаць любому імперскаму гораду ад Паволжа да чарнаморскіх стэпаў.
Падзеі ў краі і канкрэтна — у Мінску сарвалі апошнія маскі «добразычлівасці» з імперскай адміністрацыі: працэс русіфікацыі і пацыфікацыі захоніх губерняў пачаў набіраць абароты. У 1866 г. каланіяльныя ўлады пераназвалі агулам 17 мінскіх вуліцаў і завулкаў тыповымі расійскімі назвамі. Іншым кірункам палітыкі стала руйнаванне помнікаў сакральнай архітэктуры. У другой палове XIX ст. былі знішчаны мураваныя касцёлы баніфатаў, кармелітаў і францішканаў, знявечаны касцёлы бернардзінцаў і дамініканцаў, перабудаваны ў псеўдарускім стылі Духаўская і Петрапаўлаўская цэрквы. Да нашага часу ў аўтэнтычным выглядзе захавалася дзясятая доля з гэтай архітэктурнай спадчыны.
Перыяд паўстання 1863 г. у Мінску і на Міншчыне — вельмі важны (і паваротны) момант у гісторыі горада і краіны. Мы вернемся да гэтай тэмы ў асобным падрабязным артыкуле.
Чыгуначная лінія, якая прайшла ў 1870-х праз Мінск, зрабіла яго важным цэнтрам прыцягнення прамысловасці, фінансаў і гандлю. Чыгункай стала лёгка дастаўляць тавары з Заходняй Еўропы, Прыбалтыкі, Украіны, і дасылаць туды сваю прадукцыю з мінімальнымі выдаткамі. Рэгулярныя планы гарадской забудовы, распрацаваныя ў 1800, 1809, 1817, 1858 гг., ужо не адпавядалі ні патрэбам, ні апетытам пачаўшага хутка разрастацца ўшыркі і людскасцю горада. Горадабудаўнічы і добраўпарадкавальны план 1873 г. стаў пятым і апошнім, які меў найвышэйшае зацвярджэнне. Месца хаатычнай прыватнай забудовы ад гэтага часу павінны былі заняць рэгулярныя кварталы — новыя гарадскія тэрыторыі Мінска забудоваліся ўжо толькі так.
Мінск з боку Раманаўскай Слабады, 1882 г., раскаляраваная літаграфія (крыніца: Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном и бытовом значении. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. — СПб., 1882). Прыняццем у 1876 г. «Гарадавога ўлажэння» клопат аб добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый быў ускладзены на думу і яе выканаўчы орган — управу. Уніфікаваны, безаблічны герб Мінскай губерні, разарваўшы ўсялякую сувязь з гербам горада, па «Гарадавым улажэнні» 1870 г. стаў неад’емнай часткай форменнага строю не толькі жандараў і чыноўнікаў, але і чыгуначнікаў, пажарных, тэлеграфістаў, нават базарных наглядчыкаў і кантралёраў за каналізацыяй. Імперскі «пустамоўны» герб зрабіўся сапраўдным сімвалам іншага, індустрыяльнага, прамысловага, бізнесовага і бюракратычнага Мінска. Так, прыведзеныя выявы (уверсе) з цяжкасцю расчытваюцца як герб горада і герб губерні.
Адмена прыгоннага права (1861) запусціла працэс урбанізацыі — беларускія сяляне сталі ездзіць у Мінск на заробкі, павялічваючы колькасць гарадскіх жыхароў. Дзеянне ўказу аб межах габрэйскай асёласці стабільна падвышала адсотак юдзейскага гарадскога насельніцтва. Выхадцы з Татарскай абшчыны горада таксама прымалі ўдзел у палітычным і культурным жыцці горада. На пачатку ХХ ст., а асабліва — у часы Першай сусветнай вайны значна падвысіўся адсотак польскага (і ў тым ліку — коштам вымушанага бежанства) насельніцтва горада. У горадзе мелі свой бізнес украінцы і туркі, немцы і чэхі, выхадцы з прыбалтыйскіх губерняў. Разам з рускамоўнай і расійскай па паходжанні гарадской вярхушкай горад стаў выразна выглядаць поліэтнічным.
Новы від транспарту надаў Мінску цэлы «чыгуначны ансамбль» сімвалаў — гэта і таварны Брэсцкі (Аляксандраўскі) вакзал у Добрых Мыслях (1871, не захаваўся) і галоўны, Віленскі (Лібава-Роменскі) вакзал (1871, не захаваўся), управа Лібава-Роменскай чыгункі ў адметным «доме Кастравіцкай», збудаваным у стылі мадэрн Антонам Краснапольскім (1911, захаваўся, але перабудаваны), і Казанская (Чыгуначная) праваслаўная царква ў неавізантыйскім стылі (1914, узарвана бальшавікамі). Новы герб узору 1878 г. мог пасаваць толькі іншаму, Новаму гораду...
У 1873 г. пачаў дзейнічаць адзін з першых у Беларусі Мінскі камерцыйны банк. Хуткасць росту горада, ягоных вуліц і попытаў прывяла да таго, што ў 1890 г. пачаў дзейнічаць першы агульнаграмадскі транспарт — конка. Гарадскі (Губернатарскі) сад усё яшчэ заставаўся ключавым месцам адпачынку і масавых мерапрыемстваў. Адкрываліся гімназіі і вучылішчы, розныя таварыствы і аб’яднанні, якія адстойвалі інтарэсы гараджан, або займаліся культурным развіццём горада і яго жыхароў: напрыклад, у 1906–1909 гг. існавала кніжнае таварыства «Мінчук» у цесным супрацоўніцтве з «Нашай Нівай».
Тым часам рэвалюцыйны рух, нібыта збіты пасля здушэння паўстання 1863 г., зноў пачаў набіраць абароты. Мінск таксама не выглядаў «сонным губернскім горадам» — тут на працягу 1870-х — 1880-х гг. ужо дзейнічалі асобныя гурткі «народнікаў», напрыканцы стагоддзя пачалі складвацца партыі. Новы рэвалюцыйны ўздым быў заўважны і ў падзеях 1905 г. — «Курлоўскі расстрэл» мірнай дэманстрацыі на доўгія гады стаў спецыфічным сімвалам адносінаў імперскай улады да народа.
Некаторыя з аб’ектаў тэхнічнага прызначэння сталі не толькі візітоўкай, але і сімвалам горада. У 1874 г. афіцыйна адкрыты мінскі водаправод — у гонар гэтай падзеі ў Аляксандраўскім скверы быў устаноўлены знакаміты фантан «Хлопчык з лебедзем». У 1876 г. мінскі губернатар на прашэнне гараджан зацвердзіў статут Мінскага вольнага пажарнага таварыства (будынак пажарнага дэпо захаваўся). Створаная каманда мела для барацьбы з агнём воз з пажарнай прыладай, 2 помпы, 6 бочак на колавым хаду. Мець пажарную каманду ў павялічаным амаль у 10 разоў горадзе было проста неабходна: у 1881 г. ад маштабнага пажару выгарэлі 19 кварталаў, і каля 2 тысяч мінчан аказаліся без даху над галавой. У 1895 г. на правым беразе Свіслачы каля водапомпавай станцыі пачала працаваць гарадская электрастанцыя (на здымку, унізе — яна паказаная па стане на 1909 г.). Воданапорная вежа ў стылі эклектыкі (1910) у прадмесці Грушаўка — адзіны падобны захаваны да нашых дзён тэхнічны аб’ект Мінска.
Публічная прастора ў архітэктурным плане павялічвалася на новыя культавыя сімвалы горада. Ансамбль Архірэйскага падвор’я пашырыўся на Свята-Пакроўскую царкву (1885, зруйнавана за Саветамі) і Юбілейны дом (гісторыка-археалагічны музей, 1909, захаваўся), з’явіліся каменныя і драўляныя праваслаўныя вайсковыя цэрквы. З’явіліся новыя прымогілкавыя культавыя забудовы — напрыклад, царква Аляксандра Неўскага (1896–1898) на Вайсковых могілках.
Поліэтнічнасць горада выразна падкрэслівалася і канфесійнай разнастайнасцю жыхароў і ягонымі рэлігійнымі будынкамі. У Татарскай слабадзе паўстала каменная Саборная мячэць у ісламскім традыцыйным стылі (1901, не захавалася). Для юдзейскай абшчыны горада была збудавана Харальная сінагога ў рэдкім маўрытанскім стылі (1906, цалкам перабудавана па вайне). Чырвоны касцёл (Касцёл св. Сымона і Алены, 1905–1910 гг.), пабудаваны ў сваім адмысловым неараманскім стылі, ператварыўся на сапраўдны аб’ект-візітоўку горада.
Падвысілася значэнне прадмесцяў і ваколіц: дамкі ў Грушаўцы і Добрых Мыслях падняліся ў цэнах за кошт блізкасці чыгункі; суседнія Уборкі забудоўваліся так хутка, што гарадскія ўлады не паспявалі правяраць дамы на адпаведнасць будаўнічым і пажарным нормам; прамысловая Ляхаўка таксама расла нібы на дрожджах; Камароўка, Старажоўка, Серабранскія Млыны і падобныя ім прадмесці набывалі значнасць праз мясцовыя рынкі і склады. У сядзібных дамах Сляпянак, Лошыцы, Курасоўшчыны збіраўся бамонд не толькі з Мінска, але і з усяго краю.
Напрыканцы ХІХ ст. — пачатку ХХ ст. зноў абуджаецца інтарэс да былой сімволікі горада і краіны. Мінск зноў заваёвае сваё пачэснае месца аднаго з культурных цэнтраў краю, нароўні з Вільняй. Нягледзячы на імперскую цэнзуру, пашыраецца кола выдавецтваў і перыядычных выданняў, а ва ўжо існуючых — усё часцей з’яўляюцца краязнаўчыя артыкулы і зацемкі. На памежжы стагоддзяў пачынаюць тыражавацца паштоўкі з сімволікай ВКЛ і Рэчы Паспалітай, буклеты і выданні, прысвечаныя старадаўняй гісторыі горада або краю.
У калажы — варыяцыі месцкага герба Мінска з рукапісных зборнікаў Баляслава Стажыньскага (паміж 1875 і 1900), складзеныя паводле старых рукапісаў, старадрукаў і актавых матэрыялаў (Herby Rzeczypospolitej Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego. Biblioteka Jagiellońska). Крайняя правая выява — крыху пераасэнсаваны герб Мінска з выдання Herbarz litewski: herby miast W. Ks. Litewskiego (Dmochowski T., Petersburg, 1910).
Гістарычныя ўмовы фармавання гарадской культурнай прасторы і сімволікі Мінска за доўгае ХІХ ст. былі вельмі спецыфічнымі.
Па-першае, Мінск перыядычна знаходзіўся ў «топе» гарадоў краю, вялікалітоўскіх або губернскіх, і перыядычна пачынаў «дыхаць у патыліцу» самой Вільні. На пачатку ХХ ст. Мінск упэўнена лідзіраваў адразу ў некалькіх намінацыях — культурных, прамысловых, гандлёвых, транспартных, ствараючы сапраўдны спаборніцкі настрой у дачыненні да Вільні. Па-другое, увод у эксплуатацыю чыгункі зноў зрабіў Мінск цэнтрам, гэтым разам — прамысловым. Па-трэцяе, у адрозненне ад сітуацыі ў ХХ ст., Мінск доўгі час не прырастаў за кошт беларускай вёскі (як найманых рабочых) або местачковых разначынцаў і меў у асноўным іншаэтнічную аснову. Вялікім мінусам была адсутнасць сапраўдных дэмакратычных органаў гарадскога самакіравання (што ўскосна заўважна па дэвальвацыі гарадской і ўвогуле — адміністрацыйнай сімволікі), пры гэтым грамадскае жыццё трымалася сталых традыцый і агульнай талерантнасці.
У 1890 г. адкрыўся новы будынак Гарадскога тэатра — адзін з сімвалаў нараджэння беларускай дзяржаўнасці, новай эпохі ў жыцці Мінска, калі яму было наканавана стаць сталіцай дзяржавы.
Пасля ўваходжання Мінска ў склад Расійскай імперыі яго архітэктурнае аблічча адначасова трансфармавалася ў бок класіцызму і псеўдарускага стылю і пры гэтым знікала былая мяжа паміж горадам і прадмесцямі, а таксама новымі кварталамі і Старым горадам (як добры прыклад — узнікненне Верхняга горада). Узаемаўплыў польскай, габрэйскай і расійскай культур ператварыў Мінск да пачатку ХХ ст. у полікультурны цэнтр, пры гэтым, што парадаксальна, ён не страціў нацыянальнай самабытнасці, і гэта стала адным са спрыяльных фактараў фармавання Мінска як сталіцы.
Працяг будзе...
Змітро Пілецкі, budzma.org
Асноўныя крыніцы ілюстрацый: Wikimedia, delcampe.net, ebay.com, heraldicum.ru, niab.by