Таямніцы і загадкі паэмы «Тарас на Парнасе»

130 гадоў таму ў газеце «Мінскі лісток» упершыню пабачыла свет ананімная паэма «Тарас на Парнасе», твор, ахутаны таямніцамі з самага пачатку свайго існавання і дагэтуль. І, здаецца, таямніцы яго не скончацца ніколі. Так склалася, што прафесійная, аўтарская беларуская літаратура бярэ пачатак ад двух твораў, аўтары якіх якраз-такі былі невядомыя, піша Марыя Шамякіна ў «Звяздзе». Ці думалі асобы, якія стваралі «Энеіду навыварат» і «Тараса на Парнасе», наколькі важнае значэнне адыграюць іх сачыненні ў айчыннай культуры?


Kniha

Такім чынам, першай таямніцай стала аўтарства «Тараса...». І пратрымалася яна даволі доўга. Але выдатны навуковец, надзелены і немалым пісьменніцкім талентам, Генадзь Кісялёў, разгледзеўшы асобы і біяграфіі некалькіх прэтэндэнтаў-аўтараў, паказаў, што паэма «Тарас на Парнасе», хутчэй за ўсё, належыць пяру Канстанціна Вераніцына. Кніга Кісялёва, дзе падрабязна разглядаюцца ўсе крокі яго даследчыцкай працы «Жылі-былі класікі», чытаецца як захапляльны дэтэктыў.

Але канчаткова ставіць кропку ў пытанні аўтарства «Тараса на Парнасе», здаецца, яшчэ рана, бо ёсць навукоўцы, якія разглядаюць на ролю складальніка «Тараса...» іншых асоб. І іх аргументы таксама пераканаўчыя. І яны, несумненна, маюць рацыю.

Напрыклад, Ігар Запрудскі мяркуе, што аўтарам «Тараса...» можа быць Ялегі Пранціш Вуль (сапраўднае імя Элігій-Францішак Карафа-Корбут). Так, навуковец у адным з раздзелаў сваёй працы «Па дарозе на Парнас» заўважае, што «ўжо ў ранні перыяд творчасці індывідуальная манера будучага пісьменніка фарміравалася пад вызначальным уплывам сінтэзу беларускай народнай культуры і традыцый рускай прафесійнай паэзіі, спалучала краязнаўчую тэматыку, якая не ўяўляецца па-за патрыятычным кантэкстам, з шырокімі магчымасцямі мемуарнай формы выкладання. А гэта якраз тыя знешне разнародныя плыні, якія так бліскуча скантамінуюцца ў геніяльных творах — паэме «Тарас на Парнасе» і гутарцы «Два д’яблы». (Твор «Два д’яблы», верагодна, напісаны тым жа пісьменнікам, што і «Тарас на Парнасе»)».

І сапраўды, за асобу Вуля кажа, напрыклад, тое, што быў ён добрым знаўцам рускай літаратуры, а яшчэ ж М. Багдановіч характарызаваў аўтара «Тараса...» як «чалавека рускай культуры», бо на подступах да Парнаса ён сустракае рускіх класікаў і двух вядомых удзельнікаў літаратурнага працэсу сярэдзіны ХІХ ст. (Грэча і Булгарына).

Асобу Я.П. Вуля не абмінуў і сам Г. Кісялёў, які адзначаў, што па маштабе таленту і сваіх мастацкіх густах якраз Э.-Ф. Карафа-Корбут падыходзіць на ролю аўтара «Тараса...».

Калі нават гэта і не Я.П. Вуль, дык, як заўважаюць некаторыя даследчыкі, паэма можа быць напісана і не адным К. Вераніцыным, а ў сааўтарстве з яго аднакашнікамі ці сябрамі, адным ці некалькімі.

Дарэчы, не толькі ў пытанні аўтарства паэмы рана ставіць канчатковую кропку, але і ў вызначэнні яе жанру. Даследчыкі выступаюць з рознымі меркаваннямі, і кожны з іх мае рацыю.

Больш за тое! Мы не можам быць на 100 % упэўнены і ў датаванні «Тараса...» Лічыцца, гэта 1855 год. Але і тут магчымы варыянты!

Аднойчы ўжо згаданы навуковец Ігар Запрудскі дзеля высвятлення лёсу Тараса звярнуўся да зорак і апісаў вынік у працы ««Тарас на Парнасе»: праблема гісторыка-літаратурнага каментарыя». Падставай для яго разваг сталі радкі, у якіх даволі дакладна апісваюцца акалічнасці часавага адрэзку, калі разгортваецца дзеянне твора: «На самага Кузьму-Дзям’яна // Пайшоў я біць цецярукоў» і «Гляжу я: мусіць, ужо вечар, // Бо маладзік на неба ўзлез».

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць разлічыць, у якія гады на канкрэтную дату прыпадае тая ці іншая фаза месяца, у якім сектары неба знаходзіліся тыя ці іншыя планеты Сонечнай сістэмы і г. д. Звычайна такія праграмы выкарыстоўваюць астролагі і аматары прадказання лёсу па зорках. Але ў нашым выпадку магчымасці яе выкарыстаў літаратуразнавец і атрымаў вельмі цікавыя вынікі.

«Паводле інфармацыі ў электронных рэсурсах у Беларусі маладзік на восеньскія Кузьму-Дзям’яна, ці 14 лістапада ўвечары можна было назіраць у наступныя гады — 1841, 1849(?), 1852, 1860, 1863(?), 1868(?). Цікава, што 14 лістапада 1852 года, а гэта была нядзеля, маладзік якраз толькі з’явіўся на вячэрнім небасхіле, нібы сапраўды «на неба ўзлез»».

Такім чынам атрымліваецца, што паэма магла быць напісана і раней. А ці магла пазней? Да гэтых разваг падштурхнулі імёны рэальных гістарычных асоб, пра якіх сказана ў творы.

Як мы памятаем, побач з антычнымі багамі (грэчаскімі і рымскімі ўперамешку), у паэме згадваюцца і рэальныя постаці: Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль, якія «прайшлі як павы на Парнас», а таксама Фадзей Булгарын (Ян Тадэвуш Кшыштаў Булгарын) і Мікалай Грэч.

Амаль усе са згаданых асоб на момант напісання паэмы памерлі ўжо, акрамя нашага земляка Фадзея Булгарына, які сышоў з жыцця ў 1859 г. Такім чынам, калі паэма сапраўды пісалася недзе ў 1855 г., дык Булгарын, паводле тэксту, хацеў узлезці на Парнас яшчэ жывым!

Аднак, безумоўна, гэта зусім не доказ таго, што твор напісаны пазней за 1859 год, калі памёр апошні са згаданых на подступах да Парнаса рэальных персанажаў. У сярэдзіне ХІХ ст. не было яшчэ тэхналогій, якія дазвалялі б лёгка даведацца аб гадах жыцця і біяграфіях сваіх сучаснікаў, і аўтар «Тараса...» мог проста не ведаць, што Фадзей Булгарын на той свет для паэтаў прэтэндаваць не можа не толькі таму, што не паэт, але і таму, што дагэтуль жывы-здаровы ходзіць недзе па зямлі.

На сённяшні дзень паэму «Тарас на Парнасе» (як і многія іншыя творы айчыннай класікі) атачае вялікая колькасць надзвычай цікавых тэкстаў, бо многія даследчыкі вывучалі яе з розных ракурсаў.

Шматлікія даследаванні і новыя тэхналогіі, якія робяць для нас даступнымі неверагодную колькасць інфармацыі, як бачым, зусім не пазбавілі свет таямніц і загадак. Наадварот, вывучаючы іх, можна сутыкнуцца з новай таямніцай, адшукаць цікавы факт там, дзе ўжо і не чакаеш яго знайсці.