Пісьменніца Ганна Златкоўская прызнаецца, што не любіць адказваць на пытанне, якія кнігі варта пачытаць. Але ў гэтым тэксце яна ўсё ж дае кніжныя парады, а таксама распавядае, пасля прачытання якой кнігі яна не размаўляла некалькі дзён, якія кнігі любіла ў дзяцінстве і што чытае цяпер.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Вельмі частыя пытанні: «Якія кнігі вы параіце?», «Якія вашы ўлюблёныя кнігі?» альбо «Што пачытаць, каб пачаць пісаць?».
І я амаль ніколі на гэтыя пытанні не адказваю, бо лічу, што чытаць мастацкую літаратуру ўжо само па сабе крута, але ў кожнага свой густ.
Нармальна не любіць Дастаеўскага, захапляцца, скажам, Паланікам, а па выхадных і зусім чытаць жаночыя часопісы, каб разгрузіць галаву.
Я вельмі люблю чытаць і заўсёды знаходжуся ў пошуку цікавай кнігі. Сваю першую кнігу я прачытала ў чатыры гады, прымусіўшы маму хуценька мне расказаць пра алфавіт. Гэта быў аповед пра Нязнайку. Ну а потым гэты працэс было ўжо не спыніць.
Маімі любімымі дзіцячымі кнігамі на ўсё жыццё сталі «Хронікі Нарніі» і «Прыгоды Алісы» Кіра Булычова. Я нават будучы дарослай іх перачытвала — не магу палічыць, колькі разоў. Праўда, у маёй бібліятэцы не хапае некалькіх частак «Прыгодаў Алісы», аб чым я вельмі шкадую. І тая, і другая кніга былі для мяне падарожжам у дзіўны свет, магчымасцю разам з героямі перажыць нешта цудоўнае, тое, што ў рэальнасці не здараецца.
Мне падаецца, што любоў да дзіцячых кніг — пра размову са сваім унутраным дзіцём, пра магчымасць яго слухаць і разумець ягоныя патрэбы. Нельга дарослым забываць пра той перыяд у жыцці, калі мы былі маленькімі і даверлівымі, бо інакш мы патрошку губляем веру ў дабро і таксама не вельмі добра разумеем нашых дзетак, іх жаданні ды жахі.
Была ў маім жыцці кніга, скончыўшы чытаць якую, я некалькі дзён не размаўляла. Памятаю і дагэтуль гэты момант — тады мне было гадоў 18, калі не памыляюся. Гэта кніга «Доўгая прагулка» Стывена Кінга. «Доўгая прагулка» — гэта агульнанацыянальнае мерапрыемства, якое ўяўляе сабой гульню на выжыванне. Пераможца можа быць толькі адзін.
Крыніца: oz.by
Шчыра кажучы, я не памятаю, што мяне так уразіла (трэба зноў перачытаць, мабыць, уражанне зменіцца), але маніпуляцыя са смерцю заўсёды вымушае задумацца пра сваё жыццё і ягоную каштоўнасць. Цікавы факт, што гэты раман выдавецтвы не прымалі і адмаўлялі пісьменніку ў выданні, і ён быў упершыню апублікаваны пад псеўданімам Рычард Бахман. Добры напамін, што ніколі не трэба здавацца.
І, дарэчы, восенню павінна выйсці стужка па гэтай кніжцы — ужо можна паглядзець тызер.
Кніга, якую абавязкова трэба прачытаць кожнаму (ой, я даю парады), — гэта «Круты маршрут» Яўгеніі Гінзбург. Сталінскія рэпрэсіі, цяжкія часы, калі чалавек здзекаваўся з чалавека. Разам з гераіняй, якая апісвае сваё жыццё, мы пражываем усе пачуцці і выпрабаванні, разумеючы, як нялёгка захаваць годнасць. Гінзбург піша вельмі прыгожай мовай, яна дасканала заглыбляецца ў прыроду чалавека, паказваючы розныя бакі ягонай душы. І, канешне, немагчыма не праводзіць паралелі з сучаснасцю. Ведаючы гісторыю, можаш прадказаць будучыню. На жаль, рамантызму тут месца няма. Але вера, што ўсё дрэннае таксама аднойчы канчаецца, усё ж такі застаецца.
Крыніца: oz.by
Яшчэ адна пісьменніца, кніга якой стала для мяне адкрыццём віртуознага стылю, — гэта Дзіна Рубіна і яе раман «На сонечным баку вуліцы». Радасна, што рускамоўная пісьменніца не падтрымлівае вайну ва Украіне, і можна прыгадаць яе творчасць без сораму за аўтара. Пра сюжэт вы можаце пачытаць самі, я ж толькі скажу, што не магла адарвацца. Асабліва мяне ўразіла апісанне Ташкента, у якім я ніколі не была. Але разам з аповедам быццам апынулася там — сярод жоўтага пекла і пахаў садавіны.
Крыніца: oz.by
Шмат кніг яшчэ можна прыгадаць. Але падзялюся той, што чытаю зараз. Гэта «Дом на краі свету» Майкла Канінгама. Працытую анатацыю з інтэрнэту: «Амерыка шасцідзясятых гадоў. Два падлеткі з Кліўленда, Джонатан Гловер і Бобі Морроу, знаёмяцца ў школе і неўзабаве становяцца лепшымі сябрамі. Ім трэба будзе разам пераадолець дзіцячыя траўмы, наркатычную і алкагольную залежнасці, боль першых сур’ёзных страт, цяжкасці сталення. А потым паспрабаваць прыняць сваю іншасць, скарыць Нью-Ёрк і нават спасцігнуць сэнс жыцця...»
Крыніца: ast.ru
Мне падабаецца, што ў кнігі ёсць свой настрой — трошкі меланхалічны і рэфлексіўны. Адчуваюцца нерв і глыбокі псіхалагізм. Некаторыя перажыванні герояў адгукаюцца. Я люблю самакапанне, асабліва зараз у мяне такі стан, што трэба трошкі разабрацца са сваім унутраным светам. Увогуле люблю кнігі, якія вымушаюць або заглянуць у таямніцы сваёй душы, або больш разумець іншых людзей, якія на мяне зусім не падобныя. Але важна папярэдзіць, што ў кнізе прысутнічаюць эратычныя моманты. І гамафобам таксама наўрад ці спадабаецца.
Ну і канешне, трэба сказаць пра беларускіх пісьменнікаў. Але тут я наўрад ці зраблю нейкае адкрыццё для заўзятых чытачоў. Мой любімы беларускамоўны аўтар-сучаснік — гэта Андрусь Горват. Яго мова вельмі лёгкая, ён не намагаецца пісаць прыгожа, але пры гэтым ягоныя тэксты вельмі душэўныя і шчырыя. Горват — назіральны і рэфлексіўны, не баіцца паказаць асабістыя слабасці — усё гэта мне вельмі адгукаецца.
Ганна Златкоўская, Budzma.org