Уся сям’я гэтага шляхціча пацярпела ад рук расійскіх карнікаў пасля паўстання 1863. Пра жыццёвы шлях ваеннага інжынера Тэадора (Тодара) Нарбута, які закахаўся ў гісторыю роднага краю, піша Ганна Ермаковіч у «Новым Часе».
Тэадор (Тодар) Нарбут
«Яму было 11, калі кароль Станіслаў Панятоўскі падпісаў Акт адрачэння ад кароны»
Тэадор Нарбут нарадзіўся ў лістападзе 1784 года ў Лідскім павеце ў маёнтку Шаўры.
Маёнтак Шаўры
Як піша краязнаўца Леанід Лаўрэш, ужо ў дзяцінстве Нарбут вызначаўся незвычайным розумам. У падлеткавым узросце яго зацікавіла гісторыя паганскай Літвы: нават бачыў сны пра Міндоўга і вайдэлотаў.
«Яму было 11 гадоў, калі кароль Станіслаў Панятоўскі падпісаў у Гродне Акт адрачэння ад кароны, Рэч Паспалітая знікла, а тытул вялікіх князёў літоўскіх перайшоў да расійскай імператрыцы», — пісаў даследчык Канстанцін Тарасаў.
«Як і большасць шляхецкіх сыноў, Тэадор пачатковую адукацыю атрымаў дома, затым выхоўваўся ў лідскай кангрэгацыі базыльянаў, а адтуль паступіў на матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1803 годзе ён ужо значыцца ў спісах Пецярбургскага кадэцкага корпуса, дзе рыхтавалі вайсковых інжынераў».
У 1810-м распрацаваў праект Бабруйскай фартэцыі і браў удзел у яе будаўніцтве
У 1810 годзе Нарбута скіравалі ў раён паміж Магілёвам і Рагачовым з даручэннем знайсці прыдатнае месца для збудавання фартыфікацыі, якая павінна была стрымаць войскі Напалеона.
«Ніводная крэпасць Расіі не была такой карыснай, як Бабруйская ў 1812 годзе», — пісаў генерал-маёр Міхайлоўскі. Больш за чатыры месяцы яе гарнізон стрымліваў націск 20-тысячнага французскага войска.
«Душыўся і мучыўся ў абціскаўшым яго расейскім мундзіры»
Перад вайной 1812 года Тэадор Нарбут сыходзіць у адстаўку у чыне штабс-капітана. Тады за плячыма Нарбута было ўжо 2 вайны — расейска-пруска-французская і расейска-шведская.
«Гарачы патрыёт роднага краю — Тэадор душыўся і мучыўся ў абціскаўшым яго расейскім мундзіры, чакаў вызваліцеля Напалеона і выказваў свае экзальтаваныя пачуцці ў паэзіі. У адным са сваіх тагачасных твораў ён апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні з духам Лідзейкі. Першае, што робіць дух прыняўшы вобраз архікаплана ў такі важны для Літвы момант — здымае з галавы Тэадора трохкутную шляпу, ненавісны і непрыстойны для Нарбута. Гэты паэтычны твор доўга гадзіну захоўваўся ў сям’і і загінуў пад час падзей 1863 года», — піша Леанід Лаўрэш.
У 56 гадоў ажаніўся з беднай шляхцянкай
Як піша Канстанцін Тарасаў, жонкай Тэадора Нарбута стала Крысціна Садоўская, 1803 года нараджэння, бедная шляхцянка, якая вяла ў Шаўрах гаспадарку. Ажаніўся ён на ёй позна, але ў «грамадзянскім» шлюбе складаўся шмат гадоў, і ўсе іх дзеці, народжаныя да шлюбу, былі як бы «нелігітымныя». У 1840 годзе яны такую легітымнасьць атрымалі.
У 1831 годзе напісаў «пасквіль супраць Расіі»
«Пасля паўстання 1831 г. «адстаўны капітан-інжынер» Тэадор Нарбут абвінавачваўся расійскімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Дызыдэры Адама Хлапоўскага ў Лідскім павеце (23 траўня 1831 года) напісаў «пасквіль супраць Расеі». За гэта атрымаў зняволенне ў турэмнай вязніцы. Але хутка быў вызвалены са спадзяваннямі, што ў яго знікне ахвота да такой творчасці», — пісаў гісторык Алесь Хітрун.
Больш істотны ўдзел Нарбута ў дзеяннях паўстанцаў не быў даказаны.
Аўтар аднаго з першых навуковых сачыненняў, прысвечаных мінуламу Літвы
Тэадор Нарбут зацікавіўся гісторыяй роднага краю яшчэ у 1812 годзе. Ён збіраў этнаграфічныя і фальклёрныя матэрыялы, праводзіў археалагічныя раскопкі.
У 1835 і 1841 гадах у Вільні пабачыла свет найбольш значная ягоная праца ў 9-ці тамах, выдадзеная пад назвай «Гісторыя літоўскага народа».
Як адзначаюць даследчыкі, «у «Гісторыі...» шмат месца адведзена беларускаму народу, яго мове і пісьменнасьці. Шмат цікавых зьвестак пра Менск, народныя абрады беларусаў Лідчыны».
«Нарбут заслугоўвае вялікай пашаны, як адзін з піянераў у даследаванні мінуўшчыны Літвы і тым, што сваім прыкладам заахвоціў іншых да далейшага вывучэння гісторыі краю», — пісаў краязнаўца Леанід Лаўрэш.
У паўстанні 1863 года прынялі ўдзел і абяссмерцілі свае імёны дзеці тады ўжо 80-гадовага Тэадора Нарбута
Трое першых дзяцей Тэадора Нарбута і Крысціны Садоўскай — Міхал, Антон і Альдона — памерлі ў дзяцінстве.
Старэйшы сын Тэадора — Людвік Нарбут — прысвяціў змаганню з расійцамі ўсё жыццё. Яшчэ ў 1851-м 18-гадовы Людвік быў арыштаваны за спробу стварыць таемную антырасійскую арганізацыю з мэтай вызвольнага паўстання.
На пачатку 1863-га ён быў прызначаны вайсковым начальнікам Лідскага павета.
«На праводзіны сабралася ўся вялікая сям’я Нарбутаў. Людвік быў узброены рэвальверам і старой каўказскай шабляй. Сястра Тэадора ўручыла яму вышыты сваімі рукамі баявы сцяг-харугву з «Пагоняй». Паўстанцкага камандзіра багаславілі бацькі, абняла маладая жонка, якая не здолела стрымаць слёз, і Людвік разам з братам Баляславам і шасцю аднадумцамі развітаўся з мірным жыццём», — пісаў Уладзімір Арлоў.
30 красавіка Віленскі паўстанцкі камітэт прысвоіў Нарбуту званне палкоўніка паўстанцкіх войск. А на пачатку траўня 1863-га ў Дубіцкім лесе Людвік, Нарбут прыняў свой апошні бой.
Брат Людвiка — славуты ўдзельнік паўстання Баляслаў Нарбут — далучыўся да змагання пасля гiмназii. Ён быў арыштаваны ў Друскенiках. Ваенны суд у Гродне прысудзiў яго да смерцi, аднак з прычыны непаўналецця (яму было 17 гадоў), прысуд змянiлi на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амнiстыi вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем i памёр у 1889 годзе.
Яшчэ адзін сын Тэадора Нарбута, Францiшак, пасля заканчэння дваранскага iнстытута ў Вiльнi вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта. За ўдзел у падпольнай арганiзацыi ў 1861 годзе быў арыштаваны i быў змушаны хавацца ад пераследу за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганiзаванай эмiгрантамi ў Італіі, вярнуўся дадому i ваяваў у атрадзе Лангевiча, дзе атрымаў званне капiтана. Пасля паразы паўстання эмiграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыi ў 1892 годзе.
Дачка спадара Нарбута Тэадора, удава службоўца Манчунскага, таксама брала чынны ўдзел у паўстаннi. Вiленская следчая камiсiя пасля заканчэння следства пастанавiла: «Удава Тэадора Манчунская з дома Нарбутаў — вiнаватая у тым, што брала чынны ўдзел у фармаваннi партыi яе брата Людвiка Нарбута, даставiла ў Шаўры 2 гарматы, порах i волава i намовiла 2 афiцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручнiка Нiкалаi i iншага, прозвiшча якога невядома. Аднак Манчунская ўцякла невядома куды, таму... аддаць яе пад суд завочна...». Спадарыня Тэадора сапраўды здолела збегчы, спачатку хавалася ў Гродне, потым жыла ў Парыжы. На пачатку 1920-х польскi выдаў сястры Людвіка Нарбута пенсiю за ўдзел у паўстанні i ўзнагародзiў ордэнам «Адраджэнне Польшчы». Памерла Тэадора ў 1925-м годзе ў Кракаве.
Жонка Тэадора Нарбута была абвінавачаная ў «няправільным выхаванні дзяцей»
Тэадор Нарбут памёр 26 лістапада 1864 года ва ўзросце 80 гадоў.
Як пісаў Леанід Лаўрэш, жонка Тэадора Крысцiна Садоўская, афiцыйна абвiнавачаная ў «няправiльным выхаваннi» сваiх дзяцей, была арыштаваная палкоўнiкам Алхазавым, якi кiраваў ператрусам маёнтка, i, «хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы», яна была вывезеная на суд у Вiльню, адразу пасля суда трапiла ў турэмную лякарню, а пасля яе была адпраўленая па этапе ў Сiбiр. Пяць гадоў знаходзiлася ў Пензенскай губернi. Потым спадарыні Крысціне было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна i памерла 16 лiпеня 1899 г.