Вы будзеце задаволеныя, калі ваша жонка або муж прыйдуць дадому позна вечарам, ды яшчэ і з кветкамі? Прычым шэсць разоў на тыдзень! Між тым, такі лёс большасці акцёраў і актрыс. “Будзьма” выбрала пяць пар, якія вырашылі праблему арыгінальна: стварылі тэатральныя сем’і. У гэтым ім дапамаглі бардаўская песня, газетная нататка, ліст з рыбалкі і тэхніка пацалунка.
Яны пазнаёміліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыліся ў адзін час, але на розных курсах. Пазней разам здымаліся ў кіно. А потым Гарцуеў сышоў у армію. Калі вярнуўся, Зоя перажывала расстанне з каханым чалавекам. “Пасля горкага вопыту я зараклася мець стасункі з жанатымі мужчынамі і блізка Сашу не падпускала, – прызнавалася актрыса. – Але бачыла, што ў сям’ю ён не спяшаецца… Я вельмі палохалася гэтага, але менавіта Саша вярнуў мяне да жыцця: з ім было цікава, весела, прыгожа і шчыра”. Сам Гарцуеў расказваў, што яны сышліся на глебе моднага тады захаплення бардаўскай песняй. “Я шмат песень пісаў, Зоя добра спявае – такі вось дуэт у нас атрымаўся. Зоін бацька (акцёр Валянцін Белахвосцік – Будзьма), назіраючы за намі, адразу сказаў, што дабром гэты дуэт не скончыцца. Вось і даспяваліся…” Дачка Зоі і Аляксандра, Валянціна Гарцуева, таксама стала актрысай і працуе ў Купалаўскім разам з маці. Аляксандр стаў рэжысёрам і з’яўляецца мастацкім кіраўніком РТБД.
Будучае сямейнае шчасце салістам балета Дзятко і Кузняцову прынесла газетная нататка. Канстанцін нарадзіўся ў Смаленску, дзе займаўся ў Народным тэатры балета. У Мінску ў яго было шмат сваякоў. Аднойчы ім на вочы трапілася газета, у якой паведамлялася пра набор у харэаграфічнае вучылішча. 10-гадовы Кузняцоў якраз хацеў пабываць у Мінску, у той жа прыезд здаў уступныя экзамены і паступіў. Разам з ім у адным класе апынулася карэнная мінчанка Юлія Дзятко: яе сваякі гралі у аркестры Опернага тэатра. Канстанцін і Юлія трапілі ў адзін клас. Педагогі пачалі ставіць іх разам у дуэтных танцах. Калі пара скончыла вучылішча і была прынятая ў Музычны тэатр, Канстанцін пераехаў на кватэру да Юліі. Праўда, як сябра і балетны партнёр, жыў у суседнім пакоі. Бацькі былі не супраць, толькі тата часам ціха пытаўся ў дачкі: “Калі ж вяселле?” Прапанову танцоўшчык зрабіў праз два гады. Цяпер Дзятко і Кузняцоў – не толькі вядучыя салісты Опернага тэатра, але і харэографы, чые балеты ідуць на вялікай сцэне.
Мінчанка Кацярына магла пазнаёміцца са сваім будучым мужам адразу пасля школы: у 1988 годзе яна паступала ў Тэатральна-мастацкі інстытут на курс, дзе выкладаў Аляксандр Ткачонак, зорка Рускага тэатра. Але з першага разу ў ВНУ не трапіла. Таму знаёмства адбылося… праз 11 гадоў, калі Шатрова прыйшла на прагляд у Рускі. Тады ў калектыве існавала традыцыя – кожнае лета, дваццаць ліпеньскіх дзён, трупа выступала з канцэртамі ў ваенных частках. Ткачонак быў іх актыўным удзельнікам, Шатрова – вядучай. Выпадкова атрымалася так, што ў аўтобусе Кацярына сядзела адна, Аляксандр – таксама, таму падчас дарогі акцёры разгаварыліся. “Ён часта браў з сабой плэер, і ў дарозе мы слухалі музыку, абменьваліся поглядамі на жыццё, дзяліліся ўражаннямі аб прачытаным або ўбачаным, – расказвала Шатрова, – І гэтыя размовы ў нейкі момант зрабіліся для мяне проста неабходнымі. Яны вельмі натуральна сталі часткай майго жыцця”. Калі трупа вярнулася ў Мінск, акцёры сышлі ў адпачынак. Але мужчынская частка трупы на два тыдні з’ехала на рыбалку. Праўда, ужо праз два дні Аляксандр напісаў Кацярыне ліст. Тая адказала… Дарэчы, сукенку на ўласнае вяселле Шатрова пашыла сама.
У канцы 1990-х у Беларускай акадэміі мастацтваў аб’явілі набор на першы эксперыментальны курс: рэжысёр і педагог Барыс Утораў рыхтаваў сваіх вучняў для працы ў Музычным тэатры. У выніку на сцэне гэтага калектыву працуюць Ілона Казакевіч і Кацярына Дзегцярова, а Юлія Шпілеўская выступае на сцэне Купалаўскага. Але галоўнае, што зрабіў Утораў для сваіх вучняў, – дапамог Дзмітрыю Якубовічу і Анастасіі Грыненка адшукаць шчасце. Дзмітрый рыхтаваўся стаць акцёрам, Анастасія – рэжысёрам. Яны разам рыхтавалі ўрыўкі з двух п’есы Грыгорыя Горына – “Каралеўскія гульні” і “Чума на вашыя дамы”. У абодвух творах маладзёны павінныя былі граць закаханую пару. Таму Утораў вучыў студэнтаў тэхніцы пацалунка на сцэне (а ўвесь курс ціха падглядваў). Відаць, тады паміж Грыненка і Якубовічам прабегла іскра. У канцы другога курса яны пачалі сустракацца, а на трэцім, у 1999 годзе, узялі шлюб. Цяпер Анастасія – мастацкі кіраўнік тэатра “Тэрыторыя мюзікла”, Дзмітрый – дырэктар гэтага калектыву і адначасова саліст Музычнага тэатра.
Спявачка Галаўлёва і рэжысёр Панджавідзе пазнаёміліся ў маскоўскім Вялікім тэатры. “Я быў стажорам, а Каця – салісткай, – расказвае Панджавідзе. – Я даў сабе зарок: пакуль стажор, ніякіх раманаў. Таму быў пай-хлопчык, на жанчын нават не глядзеў. Хоць Кацю заўважыў адразу, у першую чаргу таму, што яна была вострая на язык. Дасціпнасць у жанчынах для мяне вельмі каштоўная, тым больш што даволі рэдка сустракаецца. Калі стажыроўка скончылася, мяне перавялі ў штат. Ад радасці я вырашыў зладзіць гэтакі “гусарскі забег”. Заходжу ў тэатр у пошуках першай ахвяры, а насустрач Кацярына. Запрасіў яе на шампанскае, яна паабяцала і не прыйшла. Мяне гэта так распаліла, што я пачаў да яе заляцацца, каб дасягнуць свайго. У выніку дасягнуў – закахаўся і ажаніўся. Тым мой “гусарскі забег” і скончыўся. Першая “ахвяра” аказалася і апошняй. Вось і жывём разам ужо амаль дваццаць гадоў”.
Міхаіл Панджавідзе – галоўны рэжысёр Нацыянальнага тэатра оперы і балета, Кацярына Галаўлёва – салістка адразу двух Вялікіх тэатраў – мінскага і маскоўскага.
Дзяніс Марціновіч