У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы — сапраўдная сенсацыя: рэжысёр Дзяніс Фёдараў паставіў на малой сцэне п’есу Паўла Пражко “Ураджай”.
Ацэнка творчасці беларускага драматурга Паўла Пражко — адно з найбольш дыскусійных пытанняў на постсавецкай мастацкай прасторы. Для кансерватараў і традыцыяналістаў яго п’есы — сведчанне дэградацыі тэатра, для наватараў — адна з вышыняў сучаснай драматургіі. У сувязі з гэтым нельга не працытаваць выказванне расійскага тэатральнага крытыка Паўла Руднева, якое згадваецца досыць часта: “Беларус Павел Пражко (…) сёння (…) — сучасны драматург, якога ў Расіі з пакалення 30-гадовых абмяркоўваюць і ставяць найбольш. (…). Павел Пражко змог змяніць ход развіцця сучаснай п’есы ў Расіі. Ён павярнуў “новую драму” (кірунак у сучасным тэатры — Д.М.) ад драматургіі тэмы да драматургіі мовы, да дыскусій вакол строю сучаснай п’есы. Ён зрабіў форму тэксту і мову п’есы тэмамі для абмеркавання. (…). Павел Пражко перш за ўсё ставіць фармальныя эксперыменты на тэрыторыі драматургічнай манеры: ён, па сутнасці, пераварочвае функцыю рэмаркі, ён задумваецца над уласцівасцямі сучаснай мовы, (…), ён грае з рытмам сказа, ён наўмысна выкарыстоўвае прымітывісцкія метады пабудовы дыялогу”. Нездарма сёлета творчы дуэт рэжысёра Дзмітрыя Валкастрэлава і мастака Ксеніі Ператрухінай быў адзначаны спецыяльнай прэміяй журы расійскай тэатральнай прэміі “Залатая маска” за пастаноўку п’есы Пражко “Злая дзяўчына”.
Здавалася б, скласці ўласнае меркаванне наконт творчасці драматурга вельмі проста: дастаткова прыйсці на прэм’еру спектакля, пастаўленага паводле яго п’есы. Але імя Пражко амаль ніколі не трапляе ў афішы беларускіх тэатраў. Прычын тут шмат: арыентацыя нашых калектываў на масавага гледача і адсутнасць вопыту працы з тэкстамі “новай драмы”, недавер да навацый і боязь фінансавай няўдачы (на такіх спектаклях можна і “не зрабіць” касу). Для традыцыяналістаў дадатковым аргументам супраць Пражко з’яўляецца перыядычнае ўжыванне ў яго творах ненарматыўнай лексікі. Не дзіўна, што знаёмства з тэкстамі драматурга часцей за ўсё адбываецца ў фармаце чытак, якія праходзяць лічаную колькасць разоў і апрыёры разлічаныя на вельмі вузкую аўдыторыю. У беларускім рэпертуарным тэатры п’есы гэтага драматурга да гэтага часу ставілі ўсяго двойчы: “Калі скончыцца вайна” (РТБД, 2009 — зрэшты, гэты ранні твор амаль не даў уяўлення пра творчасць аўтара) і “Гаспадар кавярні” (Магілёўскі абласны драматычны тэатр, 2012). Таму сам факт пастаноўкі “Ураджаю” зрабіўся для Беларусі сенсацыяй.
У аснове п’есы — гісторыя пра чатырох маладых людзей. Іра (Кацярына Яцкавец), Люба (Таццяна Васількова), Ягор (Вячаслаў Цыцкоўскі) і Валерый (Анатоль Бараннік) павінны сабраць у садзе яблыкі. Драматург выводзіць у п’есе сучаснае пакаленне інфантылаў, якія не могуць выканаць самую элементарную працу. Нездарма Валера, забіваючы цвік, трапляе малатком сабе па пальцах, Ягор робіцца ахвярай пчалы, Люба ломіць зуб, а Іра пачынае задыхацца, бо ў яе скончыліся неабходныя лекі.
Згодна з задумай драматурга, дзеянне п’есы мае элементы абсурду: героі збіраюць яблыкі, якія ляжаць на зямлі, пазней страсаюць іх з дрэва, а ў фінале ў садзе ідзе снег. Але рэжысёр Д. Фёдараў ўзводзіць прынцып абсурду ў квадрат. Скрыні, у якія збіраюцца яблыкі, не маюць дна. Спроба дастаць цвік з дошкі трактуецца як подзвіг. Калі Ягор выказвае асалоду ад чыстага паветра, Валерый дэманстратыўна курыць. Яблыкі ляжаць на зямлі ўжо ў цэлафанавых пакетах (то бок, ужо гатовыя да продажу). Хлопцы і дзяўчаты апранутыя па сучаснай модзе, і адзенне не пазбаўлена элементаў гламуру (мастак Павел Варашко). Высачэзныя шпількі Іры і Любы адназначна сведчаць: нармальна збіраць на іх яблыкі немагчыма. Атрымліваецца, што паводзіны дзяўчат, ды і сама гісторыя, першапачаткова пазбаўленыя сэнсу.
Дык што, перад намі прыклад класічнага абсурду, ды яшчэ з прысудам сучаснай моладзі? Бо яе прадстаўнікі не толькі няздатныя стварыць штосьці самастойнае, але і, ломячы яблыню, нішчаць сад, які пасадзілі папярэднікі. Але на жаль, шэраг элементаў спектакля не вельмі стасуецца з такой канцэпцыяй.
Сцэнаграфія П. Варашко, па сутнасці, уяўляе інсталяцыю і мусіць дапамагчы нам уявіць сад. Але яе ўзвядзенне хутчэй візуальнае, ніякіх дадатковых сэнсаў яна не раскрывае. Пэўныя пытанні выклікае і выкарыстанне ў спектаклі відэафрагментаў. Напрыклад, падчас аднаго з іх ідуць кадры жніва, якое суправаджаецца чытаннем верша Уладзіміра Маякоўскага “Ураджайны марш”. Іронія з нагоды пафасу старэйшага пакалення відавочная. Больш за тое, калі героі разумеюць, што скрыні для яблык першапачаткова былі гнілыя, дык адчуваюць шалёную радасць. Атрымліваецца, што ва ўсім вінаваты не яны, а іх папярэднікі па зборы ўраджаю. Але падчас дзеяння героі наадварот выглядаюць дастаткова сур’ёзнымі і шчыра перажываюць, што не могуць сабраць яблыкі. Таму стылістыка відэфрагмента кантрастуе з агульным дзеяннем.
Наогул, празмерная сур’ёзнасць часам перашкаджае брэсцкаму спектаклю. Для параўнання згадаю чытку “Ураджаю”, якая адбылася ў кастрычніку мінулага года ў сталічным Цэнтры беларускай драматургіі і рэжысуры. Цікавым ходам рэжысёра Таццяны Ларынай было рашэнне пакінуць пры чытанні рэмаркі Пражко. У выніку мінская версія атрымалася дастаткова іранічнай, а месцамі смешнай. У Брэсце да такога рашэння звяртаюцца ў самым фінале, калі героі сыходзяць са сцэны, а рэплікі і рэмаркі да іх гучаць “за кадрам”. Можа, гэта намёк на поўную несамастойнасць герояў? Але такая інтэрпрэтацыя занадта размытая і не даведзеная да лагічнага завяршэння.
На вялікі жаль, у брэсцкім спектаклі выканаўцы не паказалі сваіх найлепшых якасцяў. Дазволю сабе яшчэ адно параўнанне са згаданай чыткай “Ураджаю”. У мінскай пастаноўцы акцёры здолелі перадаць тонкія нюансы ва ўзаемаадносінах паміж героямі. Напрыклад, адчувалася суперніцтва паміж Ягорам і Валерыем, якія змагаліся як за лідарства ўнутры маленькага калектыву, так і за дзявочую ўвагу. Тая чытка дазваляла акрэсліць і спраектаваць біяграфіі чацвёркі герояў, якія маглі з’яўляцца аднакласнікамі або аднакурснікамі, іх былыя і нават будучыя стасункі (у перспектыве маглі ўзнікнуць дзве пары) і г.д. На жаль, у брэсцкім “Ураджаі” мы бачым герояў без біяграфіяў, якія знаходзяцца не ў соцыуме, а ў вакууме ці адкрытым космасе. На карысць апошняга сведчаць і касцюмы, у якіх акрамя гламуру прысутнічаюць і элементы гістарычнага стылю, і пэўныя аналогіі з касмічнай тэмай.
Некалькі месяцаў таму мне давялося ўбачыць усю чацвёрку выканаўцаў у спектаклі “Лавец у жыце” паводле культавага рамана Сэлінджэра. Версія рэжысёра Цімафея Ільеўскага зрабілася адной з галоўных падзей моладзевага форуму “[email protected]кантакт–2013”. Прычым у той пастаноўцы Брэсцкага тэатра дзейнічаў паўнавартасны ансамбль выканаўцаў. Кантраст з “Ураджаям”, дзе кожны з акцёраў знаходзіцца нібы на сваёй хвалі, відавочны.
У нашых рэаліях сам факт пастаноўкі п’есы Пражко з’яўляецца сведчаннем прагрэсу. Таму і кіраўніцтва тэатра, і пастановачная група вартая, як мінімум, удзячнасці за смеласць і намер разбурыць стэрэатыпы. Нездарма творы драматурга не ідуць ні ў адным сталічным тэатры. Але пагадзіцеся, якая заўгодна пастаноўка класікі (больш ці менш удалая) не зменіць стаўлення гледачоў ці акцёраў да Шэкспіра ці Астроўскага. А вось кожная спроба ўвасаблення “новай драмы” разглядаецца пад павелічальным шклом. На жаль, пераканаць брэсцкага гледачоў у вартасцях Пражко атрымалася далёка не ў поўнай ступені.
Зразумела, дастаткова агрэсіўную рэакцыю публікі (з каментарамі падчас дзеяння і гучнай рэплікай “Паўтарыце яшчэ раз, мы нічога не зразумелі”, што мела месца падчас паклонаў) можна патлумачыць яе інтарэсам да забаўляльнасці. Але спектакль, на жаль, не пераконвае, што гледачам прэзентавалі апошнія дасягненні сучаснай драматургіі. Таму святкаваць паспяховы збор “Ураджаю” і тэатральныя “дажынкі” зарана. Зрэшты, мяне не пакідае спадзяванне, што Пражко і іншыя прадстаўнікі “новай драмы” яшчэ вернуцца ў Брэсцкі тэатр пераможцамі.
Дзяніс Марціновіч
Фота Вольгі Клімук
.