Як працуюць найноўшыя вынаходніцтвы? Што такое «крыпта» і навошта яна патрэбная? Ужо існуе паралельны віртуальны сусвет? Пра ўсё гэта і шмат што іншае вы дазнаецеся ў новым відэапраекце ад «Будзьма беларусамі!» — «Пра тэхналогіі і не толькі», дзе вядомы журналіст Аляксей Шота простымі словамі і па-беларуску распавядае, чаго чакаць ад тэхнічнага прагрэсу ў найбліжэйшай будучыні.
Што такое дапоўненая рэальнасць? Як працуе гэтая тэхналогія ў нашых смартфонах? Якія прыкладанні сацсетак актыўна карыстаюцца AR-тэхнологіяй? У якіх прамысловых сферах задзейнічаная дапоўненая рэальнасць? Ці можна з дапамогай AR зрабіць рамонт у пакоі або падабраць туды мэблю? Якім чынам прыкладанні дапоўненай рэальнасці могуць быць карысныя аматарам футбола на стадыёне? Пра гэта і не толькі ў новым відэароліку праекта распавядзе вядоўца Аляксей Шота.
Сучасны свет вельмі хутка развіваецца ў тэхналагічным плане. Бывае, звычайны чалавек не паспявае сачыць за навінкамі гэтай індустрыі і не можа зразумець, як працуе тое ці іншае вынаходніцтва, як яно можа спрасціць жыццё асобе і грамадству і ашчадзіць час і сілы.
«„Пра тэхналогіі і не толькі“ — гэта праграма пра актуальныя трэнды, цікавыя навінкі і карысныя вынаходніцтвы. Усё, што трэба ведаць пра развіццё тэхналогій і іх уплыў на нашае жыццё. Праграма дапаможа ўтрымацца на тонкай мяжы рэальнасці і віртуальнасці, выбраць, як і чым апгрэйдзіць сваё жыццё, а можа нават будзе карыснай для выжывання ў час паўстання машын», — кажа аўтар і вядоўца праграмы.
Чытайце яшчэ:
Lusterka — беларуская выстава сучасных беларускіх мастакоў у дапоўненай рэальнасці!