Лідар гурта Teleport Яўген Цярэнцьеў распавёў пра досвед удзелу ў вядучых еўрапейскіх шоўкейс-фестывалях.
Гурт Teleport тры гады не паказваўся на людзі. Музыкі сядзелі на кропцы, выдумлялі музыку, перапайвалі схемы ў гітарных дэвайсах і карысталі рарытэтную апаратуру для таго, каб знайсці свой гук. Плён гэтых пошукаў выявіўся ў іх дэбютніку “Maukliva”. Дыск выйшаў летась, і пра яго было сказана нямала станоўчага з боку абазнаных у сучаснай музыцы асобаў, прычым не толькі з Беларусі. Пахваліў працу нават Максім Жбанкоў: “Такі альбом маглі запісаць “Песняры” ў 1969-м. Ёсць спакуса запісаць гэты дэбют у шэраг чарговых рэаніматараў поп-архіву, але яна цалкам перакрываецца бясспрэчнай абаяльнасцю матэрыялу і шчырасцю артыстаў”. У шэрагу найлепшых беларускіх альбомаў года гэты дыск назвалі эксперты з Літвы, Польшчы і Латвіі, а галоўрэд Zvuki.ru Дзмітрый Куркін дык наогул паставіў яго на першае месца сярод усіх беларускіх альбомаў года.
Сёлета Teleport зрабіў яшчэ адзін крок наперад. Ён стаў адзіным беларускамоўным гуртом, які быў абраны адразу на тры еўрапейскія шоўкейс-фестывалі. Пра свае ўражанні ад пачутага і ўбачанага ў Таліне, Вільні, Гамбургу распавёў лідар гурта Яўген Цярэнцьеў.
Талін. Нахабнасць перадусім
Шоўкейс-фестываль у сталіцы Эстоніі праходзіць у тры дні на трох дзясятках пляцовак. Якраз сёлета тут быў пастаўлены рэкорд: у ім удзельнічала 250 артыстаў з 33 краін ды 600 музычных адмыслоўцаў, канцэрты наведала каля 35 тысяч гледачоў. Заяваў жа ад музыкаў было пададзена каля 1300. Сярод адабраных удзельнікаў быў і Teleport. Яўген раіць музыкам быць настойлівымі і нахабнымі. Яго гурт узялі толькі з трэцяга разу.
“Калі мы заяўляліся першы раз, то нават не мелі прыстойна, ды і непрыстойна таксама, запісаных песень. Фота было толькі адно, а публікацыі і згадкі пра нас у медыях адсутнічалі наогул. У наступным годзе мы мелі ўжо цэлы альбом, але яшчэ недароблены і недазведзены. Таму нас зноў чакала адмова. А ў трэці раз мы маглі ўжо паказаць альбом, прэс-рэліз, публікацыі пра нас, фота і канцэртныя відэа. І здарыўся цуд!”.
Музыкі не надта добра ўяўлялі спецыфіку мерапрыемства. Гэта цяпер Яўген можа распавесці, як трэба паводзіць сябе ў межах такога маштабнага дзвіжу, каб звярнуць на сябе ўвагу дэлегатаў фэсту – кіраўнікоў лэйблаў, прадусараў і прамоўтараў. Па-першае, усведамляць, што на такога плану фестывалі артыст едзе ў першую чаргу не людзей забаўляць, а паказаць сябе. Па-другое, адмовіцца ад думкі хоць нешта зарабіць – аніякага ганарару такія мерапрыемствы не прадугледжваюць, а максімум, на што могуць разлічваць музыкі, – жытло ў дзень выступу. Па-трэцяе, удзельнік сам клапоціцца, каб на ягоны выступ прыйшло як мага болей людзей. Для гэтага на сайце фестывалю ёсць спiс дэлегатаў, i лiтаральна кожнага трэба запрасiць, распавесці, чаму менавіта гэты выступ яму абавязкова трэба ўбачыць. Някепска таксама папрацаваць у тэматычных суполках у сацыяльных сетках, каб завабіць слухачоў, якія цікавяцца новай музыкай.
Але Teleport не зрабіў у Таліне ніякіх захадаў, бо яшчэ нічога пра гэта не ведаў. “Па выніку мелі амаль пустую залу з 15 мясцовымi гледачамi, якiя апатычна пацягвалi піўко і не выказвалi iнтарэсу да таго, што адбываецца. I гэта быў досвед! Вучыцеся на чужых памылках!” – кажа Яўген.
Вільня. Мова вабіць
У літоўскую сталіцу Teleport паехаў, бо трапіў у лік удзельнікаў яшчэ аднаго аўтарытэтнага шоўкейс-фэсту, “What’s Next In Music?” – пераемніка “Vilnius Music Week”. Гэтае мерапрыемства музыкі асабліва вылучаюць у плане арганізацыі. Яны з цеплынёй прыгадваюць сваіх куратараў Карнэлію і Ёзаса, якія сустрэлі на вакзале, засялілі ў хостэл, адвозілі і прывозілі на саўндчэк.
У Вільні Teleport меў два выступы. Першы на Vasaros Terasa, гэта атмасфернае месца ў дворыку ў самым цэнтры старога горада, а другi непасрэдна на самiм “What’s next in music”, якi адбываўся у рамках Loftas fest. Фэст праводзіцца ў прамысловым комплексе з адпаведнай тэхнагеннай стылiстыкай. Гурт Цярэнцьева выступаў на сцэне, якая ўяўляла фургон без адной сценкi.
У параўнанні з Талінам тут беларусам атмасфера прыйшлася больш даспадобы за кошт таго, што ўся публіка канцэнтруецца ў адным месцы, а ў эстонскай сталіцы імпрэзы раскіданыя па ўсім горадзе. Разам з Teleport у “What’s Next In Music?” узялі ўдзел таксама музыкі з Беларусі – Take the Cookies, Alexei de Bronhe і праект Triangle.
У Вільні Teleport таксама ўзяў удзел на канферэнцыі “Listening party”, у межах якой прафесіяналы музычнай індустрыі з Амерыкі і Еўропы слухалі творы ўдзельнікаў шоўкейса. Сярод іншага паўстала моўнае пытанне.
“Ёсць меркаванне, што дасягнуць поспеху за мяжой можна толькi спяваючы па-ангельску. Вiдаць, гэтага прынцыпу прытрымлiвалiся i лiтоўскiя музыкi. Пачалi слухаць песнi. На першы погляд, гучыць прыстойная ангельская мова, вымаўленне i выкананне вельмi i вельмi моцнае. Але большасць каментараў з боку журы было кшталту: “А на якой гэта мове? На ангельскай? Дзіўна, гэта мая родная мова, але нічога не зразумеў, не слухаў бы яшчэ раз”. Нашая песня “Лета” выклiкала зусiм iншыя водгукi. Адмыслоўцы ўдакладнілі, што гэта за мова, і зазначылі, што па-беларуску няма шанцаў нічога зразумець, але ёсць адчуванне, што пяецца нешта асэнсаванае, пра нешта важнае і, нягледзячы на не вельмі якасны запіс, ёсць жаданне паслухаць яшчэ раз”, – распавядае Яўген.
Гамбург. Праца над памылкамі
Такая ж рэакцыя на беларускую мову была і ў Гамбургу на фестывалі Reeperbahn, прычым як з боку прафесiяналаў, так i з боку простых слухачоў, водгук якiх атрымалася зняць на вiдэа.
Reeperbahn – гэта вулiца у Гамбургу, дзе цягам 1960-1962 гадоў выступалi The Beatles. Яна дала назву найбуйнейшаму ў Нямеччыне шоўкейс-фестывалю. “Сама вулiца Рыпербан уражвае. Асаблiва нас, беларусаў, звычных да парадачку i чысціні. Першая вылазка на начны Рыпербан выклiкае захоплены паток прыслоўяў i клiчнiкаў, прычым не заўсёды цэнзурных. Так ужо тут свабодна, прыгожа, зiхотка, адкрыта ды непрыхавана, вольна i нахабна!” – дзеліцца ўражаннямі Яўген. Праводзіцца Reeperbahn Festival ажно 5 дзён на 100 розных пляцоўках. Сёлета ў ім дзякуючы Iнстытуту Гётэ ў Мінску i еўрапейскай праграме MOST упершыню брала ўдзел дэлегацыя з Беларусі, якая падрыхтавала асобны канцэрт у кавярні “Sommersalon”. На сцэну акром Teleport выйшлі Super Besse, Mustelide, Deech і Alexei De Bronhe.
Гэтым разам музыкі падыйшлі да свайго прома як мае быць: разаслалі запрашэнні, раздрукавалі візітоўкі, прадстаўнікі дэлегацыі перад уваходам у клуб запрашалі мінакоў. Таму і атмасфера вечара была вясёлая і пазітыўная. Пасля канцэрта музыкі працягнулі вечар спевамі на вуліцы.
“Для нас гэта быў досвед, выпрабаванне на трываласць, выступ на ўзроўнi, так бы мовiць. Iмгненнай карысцi мы не атрымалi, але ў перспектыве, я ўпэўнены, гэта дасць нам свае бонусы. Мы змаглi паглядзець на сябе збоку, адчулi свае слабыя i моцныя бакi, акрэслiлi мэты. Вiдавочна, нават на сярэднееўрапейскiм узроўнi мы даволi моцны гурт, але ёсць пэўныя хiбы, над якiмi цяпер i iдзе праца”, – падсумоўвае вынікі паездкі Яўген.
Мінск. Падцягнуць публіку да сябе
Цяпер Teleport выступае ў абноўленым складзе – сышоў сузаснавальнік гурта Максім Мацэвіч. Музыкі кажуць, што не сышліся характарамі. І хоць напружанасць знікла, цяпер даводзіцца цяжкавата – не стае другога вакалу. Цяпер музыкі рыхтуюць EP з 4 зусім новых песень і хочуць зняць прыстойнае відэа. Таму Teleport рады будзе прыняць на гэтую вакансію новага чалавека. Адносна запатрабаванасці сваёй музыкі і будучыні гурта Яўген Цярэнцьеў кажа наступнае:
“Мы яшчэ самi не змаглi наблiзiцца да таго, як мы самi ўяўляем сваю музыку. Я думаю, гэта справа аднаго-двух наступных альбомаў. Як сказаў Уладзiмір Мулявiн, музыканты не могуць апускацца да ўзроўню публiкi, яны павiнныя публiку падцягнуць на свой узровень. Teleport дакладна не будзе прытрымлiвацца сённяшнiх трэндаў, старацца быць “модным, стыльным, маладзёжным”, а цi хопiць нам таленту i ўдачы ў нашай справе, пакуль не бяруся сказаць”.
Размаўляў Сяргей Будкін