Фолк-метал гурт TerraKod презентаваў альбом Paspality. Паўнафарматны альбом – вынік працы фармацыі, якая пачалася, як жывы all stars band музыкаў з Берасця. Пераможцы фестываляў Sound of Borderland і Men’s Fest ды ўдзельнікі Zahid, Basowiszcza, Bandersztat, Kupalskaje Kola сабралі ў дэбютны лонгплэй лепшыя нумары з жывых выступаў. Назва Paspality – ідэальная для альбома, у якім пад стылізаваным сімвалам Берасця аб’ядналіся такія розныя музыкі і стылі.
Каментуе салістка Кася, – “Падыход да стварэння альбома быў дастаткова простым і шчырым: мы ўзялі лепшае з жывых выступаў гурта, песні, пад якія публіка шалее максімальна. TerraKod працуе, закцэнтавана на драйве і жывых выступах як першакрыніцы і мы вырашылі не сабе не здраджваць. Проста павыкідалі ўсё залішняе – балады і лірычныя адхіленні. Па выніку – 100% фолк-метал. Без саплей”
Выходу альбома папярэднічалі два «інтэрнацыянальных» сінгла – Myata і Rasa.by. Першы – беларуска-польскае прысвячэнне Эрнэсту Хэмінгуэю – стаў «візіткай» гурта на байк-фестывалях. Другі – пераасэнсаванне латышскай песні Migla Migla Rasa Rasa – быў выдадзены ў Беларусі і Латвіі адначасова і стаў падзеяй, якая вызначыла наканец назву стыля гурта – «новая хваля беларускага фолк-метала».
Рэзюмуе вакаліст Байсан,- “У альбоме шмат лірыкі і поту жывых выступаў. Мы ў студыі перажылі па некалькі жыццяў саміх сябе і гэтых песень і шмат спачатку запарваліся на тэндэнцыйных парадах калямузычнай тусоўкі. А потым у адзін момант прыйшло такое дакладнае разуменне – да нахалеру ўвесь гэты фэйк. Брудныя танцы – значыць брудны саунд. Сэкс, дуда, ракенрол!”
Паслухаць альбом ужывую можна 6га чэрвеня на байк-фестывалі ў Кабылянах. Канцэртная прэзентацыя альбома ў Берасці пройдзе 13га чэрвеня.