Вакалісты берасьцейскага гурта TerraKod Кася Леванюк і Алесь «Байсан» Плотка напярэдадні выступу ў Менску распавялі Tuzin.fm пра вызначальную сустрэчу зь лідэрам Мaanam, скандальнае зьняцьце з польскага тэлешоў, гомельскую мазафаку і мару пабачыць Ulis.
ТГ: Што на сёньня ўяўляе зь сябе TerraKod. Якія зьмены адбыліся ў камандзе з часу прэзэнтацыі на «Тузіне» сынглу «Ночы»?
Кася: З той пары выйшаў сынгл «Мята», які быў выкананы на дзьвюх мовах — беларускай і польскай. Бі-сайдам сынгла ішоў наш, бадай, галоўны канцэртны баевік «Брудныя танцы». Гэта такі антымэйнстрымавы ход: запісаць на ўмоўны другі бок сынгла песьню, якая мацней за асноўную. Але нам падабаецца рабіць нешта не па шаблёне а так, як душа ляжыць. У нас у калектыве зьявіўся таксама Байсан (Алесь Плотка), зьякім сынгл запісалі і працуем далей. На альбом напрацавалі, цяпер пішамся.
ТГ: Якім чынам ты, Алесь, апынуўся ў гэтым гурце? І як гэта гамяльчук, які жыве ў Менску, рэпэтуе зь берасьцейскімі музыкамі?
Байсан: Ёсьць такі чалавек, Зьміцер Назараў, які мяне і запрасіў. Мне як чалавеку, які большую частку жыцьця бавіць у транспарце, было грэх адмаўляцца — тыпу на адзін пункт ваяжаў стала болей. Затое цяпер калі ўзяць у рукі мапу Беларусі і фільціпёрставым флямастарам зьяднаць Берасьце, Менск і Гомель якраз атрымаецца юрлівы трохкутнік нашае філязофіі, на якой будзе пабудаваны ўвесь альбом. У ім, дарэчы, будзе зашыфраванае і нашае разуменьне тых адлегласьцяў, што палягаюць паміж кропкамі гэтага трохкутніка. Можаце паспрабаваць расшыфраваць гэтую формулу.
ТГ: У чым уласна ўнікальнасьць вашай творчай прапановы?
Кася: Называць сябе ўнікальнымі было б ня вельмі сьціпла, але калі канстатаваць відавочнае, галоўная фішка гурта — неакадэмічнае карыстаньне фолькавымі матывамі. Спалучэньне сацыяльнай лірыкі з народнай мудрасьцю ў тэкстах, і дуды зь вельмі шчыльным гукам у музыцы.
Байсан: Вельмі цікава і тое, як гэта ўспрымаецца крытыкамі. І з тых водгукаў у сеціве і камэнтароў у прыват, якія атрымаў сынгл, становіцца зразумела, што творчасьць гурта будзе ацэньвацца вельмі па-рознаму ў Беларусі і, як найбліжэйшы прыклад, у Польшчы. Але гэта звычайная рэч, мы не заганяемся.
ТГ: Ці можна ўжо сказаць, што гурт знайшоў сябе — свой вобраз, свой гук і сваю публіку?
Байсан: Кася выглядае вельмі добра, я лічу. То бок з вобразам усё ў парадку ў нас.
Кася: Окей, без камэнтароў. У парадку, значыць у парадку (сьмяецца)
ТГ: Што за гісторыя выйшла з скандальным зьняцьцём вашага гурта з польскага тэлешоў?
Байсан: Ёсць такое тэлешоў на канале Polsat 1 — «Tylko Musica». Там раней з нашых сьвяціліся The Toobes, а сёлета мы выйшлі ў фінал адбору разам з Drum Exctasy і Rostany. Drum Exctasy можна было бачыць у самым першым выпуску, але яны, на жаль, не прайшлі ў паўфінал.
Соль гісторыі ў тым, што больш за палову гуртоў, якія трапілі ў этэр паводле журы з вынікам тры супраць аднаго, у выніку былі зьнятыя на дадатковым закрытым паседжаньні. Гэта як у нас, толькі ў Польшчы (сьмяецца). Але для мяне ўласна, тая размова, якая адбылася з Корай з гурта Мaanam стала такім пунктам разуменьня, што ўсё робіцца правільна. І гуртом, і ўласна мной. Калі вы чыталі пра эмоцыі Кульлінковічаад атрымання Рок-Кароны з рук Мулявіна, то вось для мяне гэтая размова і гэтая адзнака прыкладна на такім узроўні сакральнасьці.
ТГ: У якіх узаемаадносінах вы з выканаўцамі, зь якімі разам выступіце 21-га сакавіка? І якое маеце стаўленьне да іх творчасьці, толькі шчыра!
Кася: Sciana — нашы землякі і паплечнікі: і песьні супольныя прасьпяваныя, і канцэрты сыграныя і, думаю, наперадзе іх яшчэ болей, чым ужо было. Так атрымліваецца, што Terrakod шмат у чым ідзе па сьлядох «Сьцяны», хай музыка ў нас і вельмі розная.
Байсан: Са «сьценкай» знаёмы ўжо пяць гадоў, з той пары, як праводзіў у якасьці вядучага іх юбілейныя канцэрты ў Менску і Берасьці. З той пары і карыфанім, нават маю тэкст напісаны пад уражаньнем ад гэтага балагану. Ён такі, праўда, болей па панку. А Федзя Жывалеўскі — адна зь фігураў, зь якой для мяне ўласна за гонар патаптаць адну сцэну.
ТГ: Хто з прадстаўнікоў нашай незалежнай сцэны вам яшчэ мэнтальна блізкі?
Байсан: Узгадаваўся я на дзьвюх рэчах — на гомельскай мазафаке і мантрах, таму пра мэнтальную блізкасьць разважаць цяжкавата, трэба вельмі доўгая размова. Глябальна ад «Сонца Мао» да Паліны Рэспублікі я нашую сцэну люблю ў рознай ступені яе папсовасьці і канфармізму. Быў бы па-чалавечы шчасьлівы пабачыць хоць раз яшчэ гурт Ulis.
Кася: Мае густы вельмі дзіўныя. Вельмі мне падабаецца «Серебряная свадьба», «Ветах» люблю, зь іх тыпова народнай музыкай. Кубанскі казачы хор на маю думку — вельмі крутая фармацыя, але ня ведаю, ці пра гэта варта казаць.
ТГ: А з замежнікаў? З кім бы не адмовіліся «згуляць у рок-н-рол»?
Кася: Ой, моцна люблю Эмі Ўайнгаўс, але згуляць у ракенрол ужо зь ёй наўрад ці атрымаецца.
Байсан: Яшчэ згуляем, пад Камдэнскім мастом. І з Куртом пад Сіетлскім, толькі ўжо ў іншым вымярэньні. З Мар’ей Пэшак, Корай і Нінай Хаген я б паставіў рок-опэру. Такі эўрапейскі роўд-муві вэстэрн.
ТГ: Чаго чакаць надалей ад «Тэракоду»?
Кася: Чакаць альбому, палова зь якога ўжо запісаная.
Байсан: І выступаў. Прыходзьце 21-га сакавіка ў клюб «Піраты». Запрашаю ўсіх жыхароў зь берагоў нябёснай Нямігі адчуць хвалі нябёснага Бугу.
Tuzin.fm, фота — Дзіяна Рудакова, Вольга Латышава
21.03.2014. Прэзэнтацыя альбому гурта Sciana «Мы застаемся». Пры ўдзеле Федзі Жывалеўскага і Terrakod. Клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 19:00. Квіткі: 70 000 (танцпляц), 90 000 (столік) — папярэдне, 90 000 (танцпляц), 120 000 (столік) — у дзень. Тэлефон для даведак: +375 29 6872093. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY.