Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Як вайсковая параза ў сярэдзіне XIV стагоддзя знізіла аўтарытэт Вялікага Княства Літоўскага на палітычнай арэне? Якія заходнія дзяржавы далучыліся да войска Тэўтонаў у паходзе на Літву? Як Альгерд і Кейстут рыхтавалі сваё войска да бітвы? У чым адметнасць тагачаснай тактыкі вядзення баявых дзеянняў ВКЛ і яго хаўруснікаў? Якія страты панеслі войскі з абодвух бакоў?
На гэтыя пытанні адказвае Алесь Краўцэвіч у чарговым відэа аб гісторыі эпохі дуумвірату.
1348 г. быў нешчаслівы для ўсёй Еўропы. На кантынент прыйшла найбуйнейшая хваля пандэміі – Чорнай смерці, якая спустошыла многія краіны. Няўдалым гэты год аказаўся і для ліцвінскіх дуумвіраў Альгерда і Кейстута Гедымінавічаў. Зімой 2 лютага яны правялі сур’ёзную бітву з Тэўтонскім ордэнам каля ракі Стрэве – правага прытоку Нёмана, паміж Трокамі і Коўна. У гэтай бітве ліцвінскае войска панесла буйную паразу, прычым на сваёй тэрыторыі, што прывяло да істотнага аслаблення міжнароднай пазіцыі Вялікага Княства Літоўскага і ўдарыла па аўтарытэтут самых дуумвіраў.
А напачатку ўсё выглядала аптымістычна, Альгерд і Кейстут правялі сур’ёзную падрыхтоўку да збройнага сутыкнення з крыжакамі. Праўда і з ордэнскага боку да бою рыхтаваліся не меньш грунтоўна. Ордэнскія военачальнікі сабралі для паходу супраць Літвы вялікае войска ў складзе ўласных аддзелаў, а таксама шматлікіх рыцараў-гасцей з Еўропы, у тым ліку з далёкіх Францыі і Англіі.
З другога боку Альгерд з Кейстутам сцягвалі ў адно месца дружыны з усіх канцоў сваёй немалой дзяржавы, што таксама заняло даволі шмат часу, прынамсі не меньш за месяц. Дакладныя планы дуумвіраў невядомыя: магчыма яны самыя збіраліся ў паход на Прусы, а можа ведалі пра крыжацкія прыгатаванні і рыхтавалі варожаму войску неспадзянку.
Ордэнскія храністы паведамілі, што ў бітве з ліцвінскага боку ўдзельнічалі рыцары з Уладзіміра-Валынскага, Берасця, Пінска, Віцебска, Полацка, Смаленска. Многія з гэтых гарадоў знаходзіліся ў сотнях кіламетраў ад месца бітвы. Само сабой былі дружыны з уласна Літвы: Гарадзеншчыны. Можна быць пэўным, што не абышлося без дружыны з Наваградка – уладання (9) Міхала-Карыята Гедымінавіча (у наступным годзе Альгерд даручыў яму пасольства ў Арду).
На вестку пра з’яўленне на мяжы крыжацкага войска ліцвіны выступілі на яго і далі бітву. Ордэнскі храніст прывёў вельмі цікавыя дэталі як з усяго паходу, так і непасрэдна з бітвы, якія паказваюць на тагачасную ваенную тактыку і спосаб вядзення вайны: “Брат Зыгфрыд дэ Данфельд – маршал і брат Вінрык Кніпродэ – вялікі комтур сутыкнуліся з непрыяцелем над ракой Стравай, дзе дзельна змагаліся. Яны ўвайшлі ў паганскую зямлю, у вілію навяртання Св. Паўла, дзе па загаду маршала выбілі паганаў абодвух палоў старых і моладзь, а зямлю знішчылі агнём. Кароль жа сабраў вялікае войска, у якое прызваў русінаў з Уладзіміра, Берасця, Віцебска, са Смаленска і з Полацка, і яны пайшлі ў пагоню за маршалам, калі вяртаўся, і здарылася ў дзень Ачышчэння Найяснейшай Панны, што сышліся ў паспяховай бітве.”
Важная і цікавая інфармацыя датычыць баявога братэрства летувісаў і русінаў (беларусаў), якія змагаліся плячом да пляча і пры гэтым выкарыстоўвалі адметныя спосабы бою. Першыя ўмела выкарыстоўвалі кідальныя коп’і, другія паказалі майстэрства стральбы з луку. Цытата з хронікі: “Пагане кідалі свае дзіды ў хрысціян, русіны лукамі і стрэламі ранілі шмат коней і людзей. Браты мужна давалі адпор і было шмат забітых, менавіта, гданьскі комтур, пэўны войт самландскага біскупа, Йохан дэ Лёвэ, з якім было пры харугве забіта 50.”
Бітва атрымалася зацятай, панеслі вялікія страты абодва бакі. З крыжацкага боку загінуў гданьскі комтур і яшчэ некалькі афіцэраў, браты-рыцары адчайна баранілі сваю харугву. Урэшце ім удалося пераламіць ход бітвы, разбіць і пераследаваць ліцвінаў: “Пагане шукалі паратунку ва ўцёках, іх гналі хрысціяне, у названай вышэй рацэ бачылі шмат забітых русінаў і іншых да 18000. Воля Божая, каб хрысціяне перамаглі, менавіта ж Найяснейшай Панны, выява якой была па-мастацку намаляваная на харугве гасцей.”
18 тыс. – яўна завышаная лічба, але ліцвінскае войска сапраўды панесла вялікія страты. Сярод забітых быў родны брат дуумвіраў пінскі князь Нарымунт Гедымінавіч. Параза над ракой Стрэве была як вядро халоднай вады на гарачыя галовы. Перыяд першых поспехаў і лёгкіх перамогаў братоў-думвіраў закончыўся.