Чым адметны Астравецкі раён і як прывабіць сюды турыстаў – гэта абмеркавалі на афлайнавым ток-шоў «Які турызм у Астраўцы» жыхары раёна з прадстаўнікамі кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая з 2016 года рэалізуе праект «Разам да справы».
Тэма развіцця турызму ў Астраўцы выклікае цікавасць у межах аб’яўленага Года малой радзімы, а таксама падштурхоўвае да пошуку ідэй: як прывабіць турыста – і беларускага, і замежнага – на астравецкую зямлю. Падчас сустрэчы ўдзельнікі ток-шоў – госці, прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі сферы турызму і культуры, краязнаўцы і тыя, каму неабыякавая гэта тэма, – паспрабавалі высветліць, якія адметнасці і аб’екты нашага раёна могуць стаць прыцягальнымі для турыстаў.
Дарэчы
Напярэдадні гэтай сустрэчы кампанія «Будзьма беларусамі!» правяла апытанку ў сацыяльных сетках сярод астраўчан і неастраўчан: трэба было напісаць па тры словы, якія асацыююцца з Астраўцом і Астравеччынай. Цікава, але ў дзвюх групах часцей за ўсё адным з азначэнняў было слова «невядомасць». Сярод іншых адказаў у неастраўчан былі: электрастанцыя, Іосіф Гашкевіч, Казімір Сваяк, Адам Мальдзіс, мяжа з Літвой, дубы. У астраўчан: бацькаўшчына, сям’я, касцёл, радзіма.
Што параіце наведаць?
Яшчэ некалькі гадоў таму пра Астравец казалі: «Астравец – свету канец». Цяпер, калі ў раёне будуецца Беларуская АЭС, горад часцей на слыху – але ўсё праз тое ж будаўніцтва электрастанцыі. У астатнім для многіх Астравеччына застаецца terra іncognitа. А між іншым раён багаты на гістарычныя, культурныя, духоўныя, геаграфічныя, этнічныя і іншыя адметнасці, якія маглі б зацікавіць турыстаў.
Марына Праўлуцкая-Калко, дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей»:
– Для музея Астравеччына цікавая перш за ўсё тым, што гэта радзіма Казіміра Сваяка. Экспазіцыя, прысвечаная паэту і святару, размешчаная ў вёсцы Барані. Наведваюцца туды часта – гэта вельмі папулярны маршрут. Таксама ў тых краях знаходзяцца Сарачанскія азёры, таму экскурсіі плануюцца такім чынам, каб ахапіць і музей, і азёры.
Хочацца нагадаць, што Казімір Сваяк выступаў за беларускую мову, таму экскурсіі ў Баранях вядуцца толькі на беларускай мове, выключэнняў не бывае. А экскурсіі па Астраўцы мы праводзім на дзвюх мовах – беларускай і рускай.
Яшчэ адна візітоўка Астравеччыны – гервяцкі касцёл. Гэта галоўны, напэўна, пункт нашых экскурсій.
Ну і, вядома, маршрут «Астравец: сучасны і старажытны» – людзі цікавяцца і будучыняй, і мінулым, і цяперашнім часам.
Для даведкі
Больш за ўсіх Астравеччыну наведваюць турысты з Гродзенскай (Астравец – самы аддалены раённы цэнтр вобласці) і Мінскай абласцей. Часта тут сустракаюць гасцей з суседніх раёнаў – Ашмянскага, Смаргонскага, Іўеўскага. Апошнім часам наведваюцца сюды турысты з Расіі і Літвы.
Ганна Чакур, краязнаўца:
– У Астраўцы няшмат аб’ектаў, якія б маглі быць цікавымі: акрамя старога млына і касцёлаў, гістарычнага тут нічога не засталося. Быў домік паштара, але там зрабілі краму, якую абабілі сучаснымі матэрыяламі.
Што паказаць турысту? Гэта будзе залежаць ад таго, на чым ён прыедзе і як будзе абуты. Калі на шыкоўным аўтобусе, тады, вядома, Гервяты, абавязкова Міхалішкі, якія незаслужана Гервяты «засунулі» ў цень. Міхалішкаўскі касцёл – адзін з самых цікавых гістарычных помнікаў.
Я б прапанавала не зусім звычайную вандроўку: на ровары ці на байдарцы. Калі плыць, абавязкова апынешся ў Дубку – невялічкая вёсачка, дзе летам адбываецца імша ў лесе, пад адкрытым небам. На беразе ракі стаіць статуя Маці Божай, з-пад ног якой цячэ крынічка. І калі турыст будзе праплываць, ён не праміне яе. У гэтай вёсцы знаходзіцца самы стары дуб Астравеччыны – даследчыкі сцвярджаюць, што яму 1200 гадоў. Ад яго і паходзіць назва вёскі. Дарэчы, тут дача журналіста і літаратара Сяргея Дубаўца.
Калі плыць далей, у Альхоўцы – на кардоннай фабрыцы – можна пазнаёміцца з працэсам вытворчасці кардону (дарэчы, робяць яго дагэтуль па даўнейшых тэхналогіях), у Міхалішках можна ўспомніць падарожжа Тышкевіча, а скончыць сплаў можна на мяжы з Літвой у Быстрыцы – там таксама ёсць касцёл.
Ганна таксама прапануе наведаць прыватны музей пудзілаў, у асноўным птушак, у Трокеніках, вёску Тартак, дзе ў прытокі Віліі на нераст заплываюць ласасёвыя. З Мінска сюды прыязджаюць валанцёры і пільнуюць, каб браканьеры не лавілі гэтую рыбу падчас нерасту. Заўсёды можна далучыцца да гэтай справы.
Таццяна Букель, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму:
– Дадам, што ў Варнянскім навучальна-педагагічным комплексе створаны інфармацыйны цэнтр, дзе можна пазнаёміцца з праектам «Захаваем атлантычнага ласося». Вельмі цікава.
– Элітарнага турыста, магчыма, зацікавяць пункт дугі Струвэ ў Задворніках, саламяна-гліняная пабудова – былая панская стайня – у вёсцы Будрані (побач з Баранямі) і геаграфічны пункт – Камарышскі разрэз, – працягвае Ганна Чакур. – Таксама можна наведаць Варняны. З гістарычных помнікаў тут захаваліся касцёл, дом аптэкара і плябанія, панскі парк, альтанка на вадзе, вежа на востраве.
Калі гаварыць пра падзейны турызм, тут можна згадаць мястэчка Гудагай, куды на касцельны фэст, які доўжыцца два дні, збіраюцца вернікі не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Адзначу, што гудагайскі касцёл – гэта санктуарый, тут ёсць абраз, каранаваны папскімі каронамі.
Таксама ў раёне ёсць стараверская царква – але трапіць у Стрыпішкі цяжка, бо вёска знаходзіцца ў прыгранічнай зоне.
Асобным кірункам турызму на Астравеччыне Ганна лічыць габрэйскі: у Міхалішках захаваліся старажытныя габрэйскія могілкі, а таксама два аўтэнтычныя домікі; падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Міхалішках, Кямелішках, Быстрыцы, Гудагаі былі арганізаваныя гета.
Апантаных ваеннай гісторыяй могуць зацікавіць Нідзяны, дзе захаваліся нямецка-расійскія і нямецкія могілкі.
Патрэбная інфармацыя
Як бачна, на Астравеччыне шмат чаго можна паглядзець. Але тут узнікае пытанне: як турысту расказаць пра ўсё гэта?
Ася Паплаўская, блогерка:
– Я больш супрацоўнічаю з касцёламі, таму лічу, што для Астраўца будзе цікавым пілігрымны турызм. Таксама, мне здаецца, можна развіваць архітэктурны кірунак – тут ёсць і віленскае, і беларускае барока, і драўляныя касцёлы, што вельмі рэдка сустракаецца. Таксама цікавая і стараабрадніцкая царква. Астравеччына дае магчымасць зладзіць экскурсію па вывучэнні розных стыляў на прыкладзе аднаго раёна. На жаль, акрамя Гервятаў, ніхто нічога не ведае.
Але што яшчэ можна наведаць? Тут трэба працаваць у інфармацыйным плане, праз рэкламу. Цяпер чалавек, які плануе свае вандроўкі, заходзіць у інтэрнэт, набірае ў пашукавіку «Што паглядзець у Астраўцы?» – і што атрымлівае? Інфармацыі альбо мала, альбо зусім няма.
Дарэчы, добра рэкламаваць дапамагаюць сацыяльныя сеткі – такая інфармацыя працуе не толькі ў межах акаўнта, напрыклад, назавём яго «Астравеччына турыстычная» – у тым жа «Інстаграме» ці «УКантакце», – дзе з’яўляюцца фотаздымкі цікавых мясцін, помнікаў архітэктуры і гэтак далей. На турыста працуюць і асабістыя здымкі, якія звычайны чалавек размяшчае ў сваім акаўнце.
Таццяна Букель, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму:
– Інфармацыя пра славутасці і іншыя карысныя даведкі змешчаная на сайце раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле «Астравеччына турыстычная». Ёсць карты з маршрутамі.
На сесіі раённага савета дэпутатаў было прапанавана стварыць турыстычны цэнтр, дзе мы плануем сабраць усю інфармацыю пра помнікі, касцёлы і цэрквы, азёры і рэкі – і не толькі пра самыя вядомыя, але і тыя, што пакуль застаюцца ўбаку.
Цікавым для турыстаў з’яўляецца інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС, які расказвае не толькі пра электрастанцыю, але і пра будоўлю горада. Таксама пра Астравеччыну шмат расказвае раённая газета. Практычна ў кожнай школе ёсць музей – іх таксама ўключаюць у маршруты.
Але мусім прызнаць: у нас няма экскурсаводаў.
Адно з рашэнняў гэтай праблемы – шукаць сярод жыхароў людзей, якія цікавяцца гісторыяй, культурай і закаханыя ў свой край. Тым больш што на Астравеччыне такія людзі ёсць – але пакуль пра іх немагчыма даведацца звычайнаму турысту.
Шукаем брэнд
Прыцягнуць увагу турыстаў можна нейкім брэндавым мерапрыемствам. Напрыклад, Глыбокае пазнаюць па Вішнёвым фэсце, Тураў – па фестывалі кулікоў.
Што можа быць брэндам Астраўца, калі не лічыць электрастанцыю?
Ірына Тальчук, старшыня раённага савета дэпутатаў:
– У пазамінулым годзе ў Астраўцы прайшоў фестываль «Дзень дуба». Здаецца, атрымалася нядрэнна. Але мы яго слаба раскруцілі.
Чаму менавіта дуба? Як ужо казалі, у раёне расце стары дуб, дуб ёсць на гербе раёна – такім чынам, свята ёсць да чаго прывязаць. Арганізатары прапанавалі шмат ідэй: жалудовая кава, пленэр разьбяроў па дрэве, выставы, канцэрты і спартыўныя спаборніцтвы, закладка дубровы.
Але ў мінулым годзе паўтарыць фестываль не было магчымасці – горад святкаваў 550-годдзе. Жыхары спадзяюцца, што ён вернецца альбо з’явіцца іншы.
– Дарэчы, у гервяцкім касцёле штогод ладзяцца фэсты духоўнай музыкі, – дадае адна з удзельніц сустрэчы. – Цяпер ксёндз прапанаваў зрабіць іх больш маштабнымі, магчыма, дадаць этнічную «разынку» – бо ў Гервятах акрамя беларусаў жывуць літоўцы. Калі атрымаецца, будзе цікава. Тым больш гэтае мерапрыемства ўжо мае карані і гісторыю.
Хто павінен зрабіць Астравец прыцягальным для турыста?
Ёсць шмат прыкладаў, калі нейкая адметнасць горада ці раёна робіцца вядомай дзякуючы актывістам. І, як паказвае практыка, людзям больш падабаецца тое, што яны зрабілі самі, а не тое, што ім прапанавалі. Вядома, ідэальна, калі спалучаюцца ініцыятывы «знізу» і «зверху».
Магчыма, трэба папрацаваць над тым, што ўжо ёсць, пераглядзець канцэпцыю. Але трэба рабіць і нешта новае і цікавае – і вось тут неабходныя ініцыятывы звычайных людзей, а таксама падтрымка не толькі з боку іншых, але і ўлады. Вядома, што спачатку будзе няпроста, давядзецца шукаць спонсараў, але паступова ўсё атрымаецца.
Найбольш актыўнай у гэтым плане павінная быць моладзь, а мясцовы бізнес мог бы яе падтрымаць.
Артур, прадстаўнік маладога пакалення:
– Я магу дакладна гаварыць, што ініцыятывы ёсць – але каб іх развіць, трэба выехаць і потым прывезці сюды гатовы праект. Вось так давялося зрабіць і мне: я астравецкі, цяпер жыву ў іншым горадзе. Я захапляюся паркурам, але ў Астраўцы пакуль няма пляцовак, каб займацца гэтым відам спорту. Калі б яны былі, можна было б арганізаваць фестываль ці спаборніцтвы ў межах іншага фестывалю.
Увогуле, каб мерапрыемства зацікавіла жыхароў і гасцей, яго трэба рабіць без прымусу, з душой. Турысту цяпер мала проста нешта паглядзець – яму трэба, каб было камфортна, цікава і весела. І толькі разам можна зрабіць адну справу.
Святлана Фёдарава
Фота аўтара