У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”, які паставіў Яўген Карняг.
Сенсацыя – з Фэйсбука
Пра тое, што ў айчыннай тэатральнай сферы здарылася сенсацыя, мне паведаміў Фэйсбук.Мая фрэнд-стужка, досыць абыякавая да абмеркавання апошніх прэм’ер (калі гаворка не ідзе пра спектаклі, створаныя пры ўдзеле фрэндаў), літаральна мільгацела статусамі і фотаздымкамі з гэтай прэм’еры. Прычым, усе ўражанні былі цалкам станоўчыя. Няўжо ўсё атрымалася бездакорна?
Эскіз да гэтага спектакля Карняг зрабіў яшчэ чатыры гады таму, на магілёўскім фестывалі “М@rt.кантакт”. У аснову свайго “чарнавіка” рэжысёр паклаў казкі братоў Грым (у арыгінальным варыянце, не адаптаваным для школьнікаў) і прадставіў іх у форме інтэрв’ю – фактычна, маналогаў трох актрыс. Пецярбургскі крытык Вікторыя Амінаванаступным чынам ахарактарызавала трох вядзьмарак: “гламурная і пяшчотная (але не менш страшная), рамантычная”,“небяспечная, з’едлівая і вытанчаная”, “жахліва спакойная і моцная”.У мінскім спектаклі Карняг захаваў гэтыя тыпажы. Першы ўвасабляе Ганна Гаспадарык, другі – Наталля Кот-Кузьма, трэці (з пэўнымі карэкціроўкамі) – СвятланаЦімохіна. Паколькі сам быў сведкам магілёўскага паказу, дазволю сабе яшчэ раз працытаваць Амінаву:“Пакуль цяжка ўявіць, які спектакль вырасце з гэтай мініяцюры, таму што яна здаецца завершанай, а яе лаканічнасць – адным з выразных сродкаў”.
У гэтым сказе – ключ да разумення плюсаў і мінусаў спектакля. Каб пераадолець завершанасць, Карняг крыху змяніў акцэнты. Магілёўскі эскіз уражваў сваёй злавеснасцю. У мінскай пастаноўцы рэжысёр паставіў перад сабой мэту пасмяяцца на жахамі і ператварыў спектакль у чорную камедыю. Сцэнічныя жарты можна пералічваць бясконца. Вось тры актрысы “сядаюць” на стойкі мікрафонаў, нібы на мятлу, і збіраюцца “ўзляцець”. У рэцэпце кактэйлю знаходзіцца месца для клыка дракона, а таксама згадваецца пінгвін-аўтыст. Вядзьмарка чытае гараскоп, у якім сярод знакаў задыяка пералічваюцца “ільвы, арлы і курапаткі”. Іншая яе калега збірае ў падол чэрапы, нібыта яблыкі. У глядзельнай зале шукаюць цнатлівую глядачку, а адзін з тэатралаў ледзь не становіцца ахвярай нападу вядзьмаркі.
Ток-шоу пра цнатлівасць
Дадам, што перад намі – выдатны акцёрскі ансамбль. Сцэнічныя касцюмы выканаўцаў вырашаны праз стыльны чорны колер (адкрытая на спіне сукенка і высокія абцасыгераіні Ганны Гаспадарык скарыць любога гледача, які выпадкова трапіў у тэатр). У сцэнаграфіі ТаццяныНерсісян дамінуе мінімалізм.Месяц, які глядзіць на гледачоў з авансцэны (як вядома, нячыстая сіла актывізуецца, калі падчас поўні). Стол, за якім праходзяць інтэрв’ю. Люстэрка, у якімадбіваецца ўсё, што адбываецца на стале (апроч таго, гэта яшчэ адзін намёк на дзеянне ў паралельным свеце). Саміх лялек у спектаклі мінімум. У адным з эпізодаў, калі гераіня Ганны Гаспадарык дае інтэрв’ю, яе калегі ўбіваюць іголкі ў яе ляльку (нібы ў ляльку вуду). У іншай сітуацыі гэта вядзьмарка атрымлівае накладныя рукі, што фактычна ператварае яе ў ляльку. Наогул, “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” – мікс, у якім прысутнічаюць элементы лялечнага, драматычнага і пластычнага тэатра.
З пункту гледжання гледача пастаноўкаўспрымаеццаамаль бездакорна. А вось крытыка не могуць не бянтэжыць пэўная неадпаведнасць паміж зместам і формай. Што маю на ўвазе? Пачатак спектакля быў выбудаваны амаль ідэальна. Знаёмства з гераінямі, іх барацьба за мікрафон. Пасля маналог кожнай з трох вядзьмарак, падчас якога астатнія ўсялякімі сродкамі перашкаджалі сваёй “каляжанцы” выказацца. А потым склалася ўражанне, што Яўген Карняг стаў проста дадаваць да сюжэту чарговыя “чорныя” гісторыі. Адчуванне кампактнасці, уласцівае папярэднім спектаклям гэтага рэжысёра (згадаць тых жа “Латэнтных мужчын”), знікла. Агульны каркас пачаў хістацца, а сюжэтныя ніткі — губляцца.
Чаму так адбылося? Выкажу ўласную думку. Апошнім часам незалежныя рэжысёры амаль не ставяць у дзяржаўных тэатрах. Да “Інтэрв’ю” той жа Карнягажыццявіў трынаццацьпастановак: сем з іх у Мінску, астатнія – у Таліне, Маскве, Лодзі, Плоўдзіве і Боне.Уявіце, гэта яго першы спектакль у рэпертуары сталічнага дзяржаўнага калектыву!Магчыма, спрацаваў псіхалагічны момант: Карняг імкнуўся усімі сродкамі здзівіць як публіку, так і кіраўніцтва тэатра. Пры такім максімалізме яму крыху здрадзіла пачуццё меры. Напрыклад, не зусім зразумеў, чаму вядзьмаркі раптам аб’яўляюць: пачынаецца ток-шоу, прысвечанае цнатлівасці. І нават спрабуюць знайсці сярод гледачоў дзяўчыну, якая падыходзіла пад такія патрабаванні. Згаджуся, пародыя на гламур у пастаноўцы прысутнічае. Але чаму менавіта ток-шоў? Чаму напрыканцы спектакля? Зрэшты, асобныя празмернасці можна выправіць падчас наступных паказах. Іншае пытанне, ці згадзіцца з імі рэжысёр.
Страшнае стала смешным
Апроч таго, цягам “Інтэрв’ю” раз-пораз узнікалі іншыя пытанні.Дзеля чаго гэты чорны гумар? Навошта слухаем гісторыі пра людзей, якіх замучылі вядзьмаркі? Мяркую, адказ на іх трэба шукаць у адным з устаўных эпізодаў, калі гучыць гісторыя пра масавае знішчэнне людзей (дагэтуль забойствы тычыліся аднаго чалавека або сям’і). Як сцвярджаў сам Карняг(у інтэрв’ю напярэдадні прэм’еры), гэтыя падзеі тычацца Другой сусветнай вайны. Паводле слоў вядзьмарак, людзі не аказвалі ніякага супраціўлення. Больш за тое, самі асуджаныя на смерць, яны выдавалі катам новых ахвяр.
Асабіста ў мяне папярэднія чорныя гісторыі, якія расказвалі вядзьмаркі, выклікалі толькі ўсмешку. Карняг наўмысна рабіў страшнае смешным. Але менавіта ў эпізодзе, прысвечаным Другой сусветнай, стала страшна. Камедыя ператварылася ў драму. Вось тут мне бачыцца кульмінацыя спектакля. Тут ўзнікаюць пытанні пра не супраціўленне гвалту. Пра натуру людзей. Урэшце, пра тое, што чалавецтва даўно страціла вастрыню ўспрымання чужых пакут. І мы, гледачы, тут не выключэнне. Але гэтая кульмінацыя прайшла неяк незаўважна, і пастаноўка зноў збочыла на звыклую каляіну.На радасць гледачам,фінал зноў нагадвае: перад намі чорная камедыя. Не забывайцеся!
Дзякуючы “сарафаннаму” радыё, тэатр ужо забяспечыў сабе касавыя зборы: па неафіцыйнай інфармацыі ўсе квіткі на кастрычнік прададзеныя. Таму ў мяне няма сумненняў, што пастаноўку чакае шчаслівы лёс. Але адначасова мяне крыху засмучае, што гэта пастаноўка магла быць яшчэ больш удалай. І хай не крыўдуе Яўген Карняг: калі б гэты спектакль паставіў які-небудзь рэжысёрN., для яго “Інтэрв’ю” сталі бы шэдэўрам. Бо большага N. дасягнуць не зможа. У пастаноўцы Карняга адчуваецца, як шмат яму хочацца сказаць. Значыцца, свайго найвышэйшага ўзроўню ён яшчэ не дасягнуў. А гледачоў запрашаю на “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”. Не пашкадуеце!
Дзяніс Марціновіч,
фота Вольга Жураўлёва