Сакавік праляцеў непрыкметна!
Хоць быў багаты на падзеі ў літаратурным жыцці: стала вядома, што адразу два нашых пісьменнікі сталі лаўрэатамі прэстыжнай прэміі «Дэбют»: Ул. Садоўскі «1813» і А. Дзіченка «Сонечны чалавек».
Новы месяц прынёс нам навінкі, якія адразу надзейна замацаваліся ў нашым ТОПе. Калі вы прапусцілі, то на першым месцы кніга Ганны Севярынец “Дзень Святога Патрыка” – захапляльнае чытво, ад якога нельга адарвацца. Усё, як вы любіце! Таксама для аматараў дэтэктыва ў наш топ уварваўся кніга «Чтобы родиться вновь» Марины Беликовой ( Марса Кей). Увогуле, ёсць з чаго выбраць.
1. Дзень Святого Патрыка . Ганна Севярынец – Эксперт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай, і зараз ёй патрэбна захаваць у спецыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Што яна паставіць на паліцы спецхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці з’явіцца ў памерлай мовы шанец? Гісторыя любові — да мужчыны, да літаратуры, да краіны — якая, на жаль, не можа скончыцца добра.
2. Уладзімір Садоўскі – Першы зомбі-хорар па-беларуску! Дзеянне навэлы “1813” адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары. У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.
3. Дванаццаць актаў. Зборнік беларускай эратычнай прозы. Уладзіслаў Ахроменка, Сяргей Календа (уклад.) У класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабаве абарочваюцца пладамі.
4. Мова. Віктар Марціновіч – Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.
5. Белая муха, забойца мужчын. Альгерд Бахарэвіч – Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
6. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская – У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
7. Браты Карамазавы. Фёдар Дастаеўскі – Апошні па часе напісання (1879–1880) раман знакамітага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага — вяршыня яго сацыяльных, філасофскіх і псіхалагічных пошукаў гуманнага шляху чалавека ў свеце эгаізму і разбэшчанасці, імкненне разабрацца ў сутнасці чалавечай разгубленасці перад пакорай і бунтам супраць яе. На беларускай мове твор выдаецца ўпершыню. Толькі ў электронным фармаце.
8. Чтобы родиться вновь. Марина Беликова ( Марса Кей) – В один из вечеров совершается нападения на пятерых человек. Среди жертв – двое пожилых мужчин, юноша, доктор, а также знаменитый психиатр гипнолог. Нападения произошли в разных местах, но в одно и в тоже время. Молодой журналист расследует дело. Выясняется, что все жертвы связаны между собой таинственными сеансами гипноза…
9. Палын-палын. Беларускі раман з часоў савецкай акупацыі. Зянон Пазьняк – Дзеяньне рамана пачынаецца ў 30-х гадах на Віленшчыне і працягваецца ў 40-х — 60-х гадах мінулага стагоддзя ў БССР. Гэта расповяд пра лёсы, каханьне і справы беларусаў, што жылі пад саветамі. Паказана акупацыйная рэчаіснасьць савецкага рэжыму, яго норавы і парадкі. У цэнтры сюжэта людзі, якія шанавалі сваю годнасьць і Бацькаўшчыну і змагаліся за яе волю і адраджэньне.
10. Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская – У трэцяй кнізе цыкла Людмілы Рублеўскай, які распавядае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі беднага шляхцюка Пранціша Вырвіча і полацкага доктара Баўтрамея Лёдніка, працягваюцца неверагодныя падзеі. Героям давядзецца шукаць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаць у карэце з чорным магам і егіпецкай прынцэсай, прысутнічаць на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Каму павінна належаць карона святога Альфрэда, скрадзеная з ангельскай скарбніцы ў час рэвалюцыі Кромвеля? Ці варта плакаць над спаленым домам, калі знойдзена сапраўднае каханне? Першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, век плашча і шаблі, — выдатныя дэкарацыі для авантурна-прыгодніцкага сюжэта і падарожжа ў рамантычную і трагічную гісторыю Беларусі.
Паводле kniharnia.by