ТОП-3 імпрэз фестывалю “Вершы на асфальце”

Лічаныя дні засталіся да адной з самых істотных падзей у свеце вершаванай літаратуры. Сёлета фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” працягнецца чатыры дні. Мы запыталіся ў арганізатараў, якія падзеі з афішы фэсту нельга прапусціць ні ў якім разе.

Штогод фестываль прырастае на адзін дзень. Арганізатары жартуюць, што аднойчы “Вершы на асфальце” будуць цягнуцца поўны год. Гэтым разам за чатыры дні ў Мінску адбудзецца 16 імпрэз з удзелам беларускіх і замежных літаратараў.

Зладзілі фестываль ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яны, дарэчы, аднагалосна параілі тры найцікавейшыя імпрэзы.

Літаратурны слэм

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч першым назваў літаратурны слэм, дзе сапраўдныя жарсці разгуляюцца паміж удзельнікамі з дзвюх краін. Слэм праходзіць вельмі жыва кожны раз, але 14 лютага сустрэнуцца зборныя Беларусі і Украіны. Вядома, з кожнага боку выйдуць моцныя асобы і літаральнай бойкі не адбудзецца, але “пераможца будзе толькі адзін”, падкрэсліў Пятровіч. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі спаборніцтва будуць не толькі адстойваць гонар сваёй краіны, але і змагацца за каштоўны прыз.

Кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч таксама адзначыў гэтую падзею. Ён раіць слэм аматарам драйву і забавы. Хадановіч вырашыў захаваць інтрыгу і поўны склад каманд не агучыў. Але вядома, што з боку Украіны будуць Алена Сцепаненка і Дзмітро Лазуткін (вядомы слэмер не толькі ў сваёй краіне). Дагэтуль не вызначыўся з камандай Сяргей Прылуцкі, якога Хадановіч пяшчотна назваў перабежчыкам.

 

“Вялікае Княства Паэзіі” – яшчэ адна імпрэза, якую варта выдзеліць чырвоным на афішы

Наступнай парадай Пятровіча стала падзея, што мае адсылкі да славутых часоў ВКЛ. Па словах старшыні СБП, у ёй возьмуць удзел паэты з краін, што раней уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На пляцоўку выйдуць паэты з Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.

Дарэчы, у спісе “наведаць абавязкова” ў Хадановіча гэтая вечарына на першым месцы. На думку кіраўніка ПЭН-цэнтра, такая падзея зацікавіць розныя колы людзей, але найбольш прывабнай Хадановіч лічыць яе для аматараў інтэлектуальнай літаратуры.

Перад публікай выступяць Гінтарас Граяўскас, Гедрэ Казлаўскайтэ (Літва), Юстына Баргельска (Польшча), Ірына Баташчук, Сяргій Жадан (Украіна), Лявон Баршчэўскі, Адам Глобус, Наста Кудасава, Наталка Кучмель, Уладзь Лянкевіч (Беларусь).

Трэцяе месца – паэтычна-музычны джэм

Калі вы ведаеце розніцу паміж сочывам і імправізацыяй, варта завітаць Тут будуць ствараць і знітоўваць свае творы музыкі разам з літаратарамі.

Такі парны танец музыкі і паэзіі (калі партнёры разумеюць адно аднаго) адбудзецца паміж:

літаратарамі: Уладзь Лянкевіч, Таня Скарынкіна, Дзмітрый Строцаў, Віка Трэнас, Юля Цімафеева, Сяргей Цімафееў, Дзмітро Лазуткін, Сяргей Прылуцкі, Алена Сцепаненка (Украіна);

музыкамі: Intelligency, TonqiXod, Triangle.

Тым больш істотна гэта не прапусціць, бо раяць і Хадановіч, і Пятровіч.

 

Ад аўтара. Хоць гэтая імпрэза адбудзецца да ўрачыстага адкрыцця фестывалю, але абяцае быць надзвычайнай.

А 7-й гадзіне 12 лютага ў галерэі “Ў” Інстытут імя Гётэ ў Мінску прадставіць вечарыну “Як намаляваць верш” з удзелам паэта Андрэя Хадановіча і мастака Райнхарда Кляйста (Германія). Якія вершы прагучаць і як яны будуць выглядаць на палатне, мы зможам даведацца толькі гэтым вечарам. А спецыяльны госць Уладзь Лянкевіч прыйдзе з гітарай!

Сярод цікавостак “Вершаў на асфальце” гэтага года варта адзначыць пашырэнне геаграфіі. У беларускую сталіцу завітаюць госці не толькі з блізкага замежжа, але і з Нарвегіі, Швецыі і Казахстана. “На жаль, не ўсе могуць прыехаць. Бо на сённяшні дзень гэта няпроста”, – падкрэсліў старшыня СБП.

Яшчэ адна разынка – вялікая колькасць круглых сталоў. “Яшчэ ніколі ў нас не было столькі мерапрыемстваў па-за паэзіяй, – адзначыў старшыня Саюза. – Там будуць гучаць не самі вершы, а меркаванні пра ролю паэзіі ў сучасным грамадстве”. Па яго словах, паседжанні круглых сталоў будуць адкрытымі для публікі, дзе наведнікі змогуць паўдзельнічаць у дыскусіі са знаўцамі літаратуры.

 

Марыя Грыц