Якуб Колас — народны паэт, акадэмік, заслужаны дзеяч навукі, дэпутат. Увекавечаны ў помніку, ён сядзіць на аднайменнай плошчы з сур’ёзным і задуменным выглядам. А ці паверылі б вы, што ён разыгрываў няўдалых крытыкаў, кпіў з сакратара-чэкіста і нават (аж страшна пісаць)... Голым скакаў перад жанчынамі. Між іншым, такое і праўда было. Юрась Гарэлка, эксперт «Будзьмы!» па камічных сітуацыях, расказвае пра самыя смешныя выпадкі з удзелам Дзядзькі Якуба.
Як правучыць крытыка
Дэбют Якуба Коласа ў друку адбыўся 1 верасня 1906 года: у першым нумары газеты «Наша Доля» быў апублікаваны верш «Наш родны край». Гэты дзень і лічыцца афіцыйным пачаткам літаратурнай дзейнасці паэта.
Аднак што было раней?
Крыніцы відарысаў: kolasmuseum.by і wikipedia.org (калаж аўтара).
Паводле слоў аўтара, пісаць ён пачаў яшчэ ў школьныя гады, натхніўшыся крылоўскімі байкамі. Праўда, атрымлівалася «нязграбная пераніцоўка вычытанага ў Крылова», з якой смяяліся ўласныя сваякі. Адзін з такіх прыкладаў — байка «Варона і лісіца», у якой Костусь чамусцьі вывеў абедзвюх гераінь чулымі і добрымі (хаця любы сялянскі хлопец ведаў, што першая з іх дурная, а другая — хітрая). Браты не ацанілі такога наватарства і распачалі з юным паэтам спрэчку, якая ледзь не скончылася бойкай. Пасля гэтага няўдалы байкапісец не здаўся, але пэўны час хаваў свае творы ад навакольных.
Падчас вучобы ў семінарыі пісаў, паводле афіцыйнай версіі, на дзвюх мовах: рускай і беларускай. А неафіцыйную агучыў пазней сам Якуб Колас: «Нячыста, вядома, трасянка была, а не мова». Натуральна, узнікла патрэба дзяліцца з кім-небудзь сваімі вершамі, таму ў якасці першага крытыка Костусь абраў семінарыста Зяневіча. Старэйшы на два гады, ён быў «нішто хлопец, але з прэтэнзіямі», бо лічыў, што ўсё ведае і разумее. Каб правучыць зазнайку, паэт прыдумаў пранк.
«Я хачу пачытаць табе свой верш,» — пачаў аднойчы Колас. Зяневіч важна надзьмуўся, зрабіў сур’ёзную міну і стаў слухаць. А Костусь прачытаў яму... твор Лермантава! Старэйшы таварыш, не ведаючы гэтага, зладзіў рускаму класіку татальны разнос: «З пісараўскай хваткай выкпіваў няўмельства, кідаў на галаву аўтара гром і маланкі».
Паэт слухаў, ціха пасмейваўся і чакаў, пакуль бязлістасная крытыка скончыцца. А потым запытаўся: «А ці ведаеш ты гэты верш Лермантава?» І прачытаў яму свой, толькі што напісаны твор. Рэакцыя была прадказальная: «О, адразу відаць, што паэт напісаў. Сам бачыш розніцу: якая глыбіня, якая музыка!»
Невядома, колькі б працягвалася гэтая сцэна, аднак Костусь не вытрымаў і расказаў Зяневічу пра хітры план ашуканства. Той, вядома, адразу не паверыў, аднак мусіў капітуляваць, калі Колас тыцнуў яго носам у кніжку Лермантава. Крыху пасварыліся, аднак ненадоўга. Тым не меней, наступствы ўсё ж былі: старэйшы сябар стаў больш асцярожным і ўжо не так смела выхваляўся сваімі ведамі. А сам Колас пазней скажа: «Звычкі крытыкаў амаль не змяніліся. Бяссмертная глухата ў іх. Нішчаць і бэсцяць чалавека, пакуль хто-небудзь высокі не скажа, што гэта выдатнейшая з’ява эпохі. Тады возьмуцца хваліць так, што ад ялею да ладану знудзіць можа».
На кожнага хітруна знойдзецца ўправа
Крыніцы відарысаў: kolasmuseum.by і bellitmuseum.by (калаж аўтара).
У 1947 годзе асабістым сакратаром народнага паэта стаў Максім Лужанін, якога падазравалі ў супрацоўніцтве з КДБ. Магчыма, ён і сам разумеў, што пра яго думаюць, бо часам не асабліва хаваўся. Напрыклад, Рыгор Барадулін успамінаў, як аднойчы Лужанін сказаў:
— Правяраеш раніцай пошту — Якуб таму грошы паслаў, таму...
— А для чаго Вы правяралі? — пытаецца Барадулін.
— Ну, так...
Дбайны сакратар быў побач не толькі ў працоўны, але і ў вольны час. Тым болей што начальнік быў не супраць і разам з Лужанінам займаўся любімай забаўкай — хадзіў у грыбы. У гэтай справе, дарэчы, Канстанцін Міхайлавіч быў сапраўдным чэмпіёнам (прынамсі так сцвярджаюць у музеі Коласа). Праўда, у музеі Купалы з гэтым не згодны.
Выехаўшы аднойчы на світанні, яны ўжо да ўсходу сонца былі ў лесе. «Я патупаю тут, каля машыны, — сказаў шэф сакратару. — А ты ідзі на той бок дарогі. Там слаўныя мясціны, але я не дапну, ногі кепска носяць».
Насамрэч гэта быў хітрык, бо Колас добра ведаў, што грыбы там не растуць. І, калі Лужанін вярнуўся, з годнасцю прадэманстраваў яму свой здабытак: два дзясяткі баравікоў. А потым заглянуў у кош Максіма і абсекся, бо той быў насыпаны вышэй паловы.
— Дзе ж ты быў? Па той бок дарогі?
— Так, пакруціўся там, дзе Вы паказалі.
— Цікава...
— Як бачыце.
Самалюбства народнага паэта было моцна ўражана: яго, спрактыкаванага грыбніка, заткнуў за пояс уласны сакратар. Ды яшчэ як! Назбіраў больш грыбоў там, дзе іх увогуле не магло быць. Спахмурнеўшы, Колас вырашыў наведаць іншае месца, каб адыграцца. Але і там не пашэнціла, бо Лужанін вярнуўся з кашом, поўным ажно па самыя ручкі. Бедны Колас здзівіўся яшчэ больш: «Ты, мусіць, варажбіт. Іграеш на дудачцы, а грыбы самі ў кош лезуць». А на абедзе са скрухай адзначыў, што трэба аддаць Максіму свае грыбніцкія медалі...
Ехалі дамоў. Каля самага Мінска Канстанцін Міхайлавіч павярнуўся і зірнуў вачыма, перад якімі нельга маніць. І Лужанін «раскалоўся»: на другім месцы яму проста пашанцавала, бо ён знайшоў цэлае сховішча вялізных баравікоў. А з першым усё мудрагелісцей — на тым баку, куды накіраваў яго Колас, грыбоў і праўда не было, аднак была цётка-калгасніца з поўным кашом. Хітры сакратар вырашыў скарыстаць такую нечаканую магчымасць, паб прысаромець начальніка. Пасля кароткага, безгучнага торгу (чуваць у лесе далёка) цётчыны грыбы перайшлі да Лужаніна, а яго «дваццацьпятка» завязалася ў вузельчык яе хусткі. Вось так невядомая калгасніца міжвольна стала ўдзельніцай змовы супраць народнага паэта. А задаволены «грыбнік» вярнуўся да начальніка, каб здзівіць яго нечаканым уловам.
Як голы Колас уразіў жанчын
Якуб Колас у грыбах. 1946 г. Фота: narbel.bsu.by
Яшчэ адну файную гісторыю народны паэт расказаў падчас вандровак з сакратаром. Аднойчы, яшчэ падлеткам, натрапіў ён у Альбуцкім лесе на неруш. Грыбоў проста безліч: «сядзяць так густа, што нагі не ўб’еш. Зрэжаш аднаго, а там яшчэ два-тры меньшанькія». Колас назбіраў ужо поўны кош, а іх, здаецца, нават не паменшала. Тады ён скінуў кашулю, завязаў каля каўняра і падрыхтаваўся рэзаць яшчэ.
Ідылію перервалі жаночыя галасы: хтосьці ішоў якраз на гэтую паляну. Калі даведаюцца пра гэткае месца, то пазбіраюць усе грыбы! Што б вы зрабілі ў такой сітуацыі? Дакладна не тое, што адмачыў Колас: «Я скарэй — усё з сябе, пагнуў бярэзіну, узяў у рукі вяршок і падскакваю голы. Бабы мае ледзь не памлелі. Спачатку думалі — чорт. Пасля разгледзеліся, пазналі, але вырашылі, што я звар’яцеў».
Вы ўяўляеце сабе таго самага Якуба Коласа, які сядзіць на аднайменнай плошчы, але голага і з вяршком бярэзіны ў руках? Калі не верыце, што такое было, раім пачытаць аповесць таго самага Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе». Запісаўшы расказы начальніка, сакратар выдаў кнігу і атрымаў за яе прэмію... імя Якуба Коласа! Пагадзіцеся, фантастычная шматхадовачка.
Юрась Гарэлка, budzma.org