Ёсць такі цікавы жанр у літаратуры — гістарычная фантастыка. І добра, калі ёй займаюцца не пісьменнікі, а гісторыкі. Адзін з напрамкаў гэтага жанру — творы, якія адказваюць на пытанне: «Што было б, калі…»
Напрыклад, вядомы факт: у пачатку сваёй кар’еры Напалеон Банапарт падаваў расійскаму генерал-паручніку Івану Забароўскаму прашэнне аб пераводзе ў расійскае войска. У той час Расія вяла вайну ў Турцыі, і ёй былі патрэбныя вайскоўцы. Але таму, каб Напалеон стаў пад рускія штандары, перашкодзіла бюракратыя: замежныя афіцэры, што паступалі ў рускае войска, атрымлівалі званне рангам ніжэй, чым іх цяперашняе. Напалеон на гэта не пагадзіўся і праз 20 гадоў прыпомніў гэтую «крыўду» вайной 1812 года. А што было б, калі Банапарт усё ж стаў рускім афіцэрам?
Увесь гэты год быў вельмі цікавы для Беларусі. Гісторыя нашай краіны ў ім магла неаднаразова збочыць немаведама куды. І хаця кажуць, што яна, гісторыя, «не мае ўмоўнага ладу», тым не менш можна палегчыць працу пісьменнікам-фантастам (Віктар Марціновіч, прывітанне!) і пазначыць пэўныя «пункты адліку», калі ўсё пайшло так, як яно пайшло.
А тое, што пра 2020-ы ў Беларусі будзе напісана вельмі шмат самых розных твораў, і не толькі літаратурных, — гэта да варажбіткі хадзіць не трэба.
27 лютага — 30 сакавіка
27 лютага ў Беларусі быў зафіксаваны першы выпадак заражэння вірусам SARS-CoV-2. 30 сакавіка наступіла першая пацверджаная смерць ад хваробы, якую выклікае згаданы вірус. Увесь гэты час улады Беларусі і персанальна Лукашэнка імкнуліся не заўважаць небяспекі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя 11 сакавіка афіцыйна абвясціла пра пандэмію каранавіруса ў свеце. Прыкладна ў тыя ж дні Украіна закрыла 80% пунктаў пропуску на мяжы, Расія абвясціла аб скарачэнні авіярэйсаў, ЗША забаранілі ўезд з Еўропы, а Лукашэнка заявіў, што Беларусь... спакойна прайшла (!!!) перыяд распаўсюджвання каранавіруса! І раіў лячыцца гарэлкай, маслам, козачкамі, трактарам, і гэтак далей. Каранцін у краіне так і не быў уведзены.
Што было б, калі ўлады нармальна адрэагавалі на пагрозу пандэміі? Ці хаця б нармальна, на роўных, патлумачылі народу свае дзеянні? Напрыклад, Лукашэнка выступіў бы з прамовай, што каранцін — гэта закрыццё крамаў, «больш за трое не збірацца», што беларуская эканоміка гэтага проста не вытрымае, а пенсіянеры, якім будзе забаронена выходзіць з дому, памруць з голаду? Карацей, калі б улада зрабіла, як у Швецыі (на якую ў той час так любіў спасылацца Лукашэнка), дзе адмова ад каранціну была прынятая не купкай чыноўнікаў, а грамадскім кансэнсусам? А захады па абароне здароўя грамадзян пачалі б прымацца адразу, а не тады, калі певень клюнуў?
Зразумела, што ў такіх варунках было б больш даверу да ўладаў, а сам Лукашэнка не выглядаў бы дзіваком, які з’ехаў з глузду і не бачыць відавочнага. Грамадства б не аказалася сам-насам з пандэміяй, адчула бы клопат улады, і… можа быць, Лукашэнка сапраўды выйграў бы прэзідэнцкія выбары.
10 траўня
Палата прадстаўнікоў Беларусі 8 траўня прызначыла прэзідэнцкія выбары ў Беларусі на 9 жніўня. У адказ апазіцыйныя структуры, якія праводзілі працэдуру «праймерыз» — вызначэння адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты, — заявілі пра адмову вылучаць гэтага «адзінага» на прэзідэнцкіх выбарах. Больш за тое, Рух «За Свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заклікалі парламент Беларусі адмяніць сваё рашэнне і перанесці выбары ў краіне на пазнейшы тэрмін. На думку апазіцыі, паўнавартасны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса быў немагчымы.
Што было б, калі Лукашэнка і яго дэпутаты раптам паслухаліся сваіх апанентаў? Вядома, потым старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла: перанос прэзідэнцкіх выбараў на пазнейшы тэрмін магчымы толькі ва ўмовах надзвычайнага становішча. Але ніхто не перашкаджаў увесці гэтае «надзвычайнае становішча», спаслаўшыся на пандэмію.
Тым больш што для гэтага быў сур’ёзны прэцэдэнт: з прычыны пандэміі прэзідэнцкія выбары пераносіліся ў Польшчы, Балівіі, Сірыі, Сербіі, Паўночнай Македоніі, Іране… Нават у «калысцы дэмакратыі» ЗША пасунулі тэрміны праймерыз па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. А ў Італіі, Чылі і Расіі перанеслі даты нацыянальных рэферэндумаў.
Мажліва, Лукашэнка б дагэтуль заставаўся «надзвычайным», але легітымным кіраўніком краіны, асабліва ўлічваючы, што другая хваля каранавіруса значна мацнейшая за папярэднюю.
16 чэрвеня
Святлана Ціханоўская прыехала ў Гомель, каб пачаць здачу подпісаў, сабраных у яе падтрымку, у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. На парозе адной з адміністрацый ёй паступіў званок з украінскага нумару. Невядомая асоба прапанавала ёй зняцца з выбарчай кампаніі і подпісы не здаваць, інакш яе пасадзяць у турму, а яе дзяцей адбяруць і адправяць у дзіцячы дом.
«Перада мною стаіць выбар: дзеці або далейшая барацьба. Думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння», — казала Святлана.
Пасля гэтага паведамлення Святлане з падтрымкай пазваніла жонка канкурэнта па выбарчай гонцы — Вераніка Цапкала. Некаторыя іншыя штабы канкурэнтаў таксама не засталіся ўбаку і выказалі сваю салідарнасць і падтрымку Ціханоўскай. І яна прыняла тое самае «невідавочнае» рашэнне, выправіўшы дзяцей у бяспечную краіну.
А калі б рашэнне ўсё ж было відавочным і Ціханоўская паддалася б на шантаж?
16 жніўня
Зранку ў Мінску на плошчы Незалежнасці адбыўся маштабны мітынг у падтрымку Лукашэнкі. На яго звезлі каля 15 тысяч чалавек з усёй Беларусі (сам Лукашэнка, выступаючы на ім, заявіў пра 50 тысяч прысутных). А ўдзень адбыўся маштабны мірны Марш свабоды, у якім, паводле дадзеных назіральнікаў, узяло ўдзел ад 200 да 300 тысяч чалавек. Прыйшоўшы да стэлы на Камсамольскім возеры, людзі пайшлі на тую ж плошчу Незалежнасці і яскрава паказалі, каго насамрэч больш. Улады ўратавала толькі тое, што гэта быў мірны пратэст.
А калі б пратэст быў не мірны? Калі б гэта сапраўды быў «Майдан» па ўкраінскім сцэнары? Калі б пратэстоўцы ўвайшлі ў Дом урада, прылеглы да яго ЦВК і занялі будынак Мінгарвыканкама? Калі б пасля гэтага яны засталіся на плошчы на кругласутачную варту і разбілі там намёты?
Што было б? Начны штурм будынкаў і «беларуская нябесная сотня»? Увод у Мінск войскаў? Грамадзянская вайна? Сцэнар Данбасу? Ці «вертыкаль» бы разбеглася, а ўрад перайшоў на бок народа?
14 верасня
У Сочы сустрэліся Лукашэнка і Пуцін. Перамовы прайшлі сам-насам. Яны доўжыліся больш за 4 гадзіны, па іх выніках не было зроблена ніякіх заяў і не было нічога падпісана. Аднак перад перамовамі Пуцін паабяцаў даць крэдыт у 1,5 мільярда даляраў, заявіў, што «расійскія падраздзяленні вернуцца да сваіх месцаў пастаяннай дыслакацыі» пасля завяршэння распачатых 14 верасня ў Беларусі беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў, а Лукашэнка падзякаваў Расіі за падтрымку. Падтрымка выяўлялася ў фармаванні рэзерву «Росгвардии», якая магла увайсці ў Беларусь, і расійскіх прапагандыстах з Russia Today, што выканалі ролю штрэйкбрэхераў пасля сыходу з БТ беларускіх журналістаў.
А што было б, калі б Пуцін успомніў Лукашэнку ўсю антырасійскую рыторыку, якой была прасякнутая яго, Лукашэнкі, перадвыбарчая кампанія? Рэйдарскі захоп «Белгазпрамбанка»? Арышт «вагнераўцаў» і абвінавачванне іх у «дэстабілізацыі абстаноўкі»? Яшчэ «200 расійскіх баевікоў», якія да гэтага часу, пэўна, бегаюць у лясах Сінявокай? І адмовіўся б ад падтрымкі нелегітымнага кіраўніка Беларусі?
Улічваючы значны расійскі ўплыў на беларускіх сілавікоў, Лукашэнка, напэўна, ужо сядзеў бы ў Растове побач з Януковічам? Ці быў бы задушаны сваімі ж генераламі?
Вядома, можна вылучыць і іншыя даты — напрыклад (відавочна), непасрэдна дзень прэзідэнцкіх выбараў ці «ўльтыматум Ціханоўскай» і пачатак нацыянальнага страйку… Але ўсе гэтыя падзеі паказваюць: гісторыю робім мы самі і проста цяпер. Так, як ёсць. Як кажуць, рабі што трэба, і хай будзе што будзе.
Аліна Бялова, budzma.by