Лета — найлепшы час для вандровак. Для самых заўзятых ды апантаных валацугаў, што цікавяцца гісторыяй і прыродай свайго краю, прапануем ТОП-7 аб’ектаў Наваградчыны, да якіх дабіраецца не кожны турыст.
Гарадзішча Радагошча, Наваградскі раён
1. Шчорсы, Дзмітрыеўская царква
У Шчорсах варта пабачыць былы грэка-каталіцкі храм, пабудаваны па фундацыі тагачаснага гаспадара Шчорсаў Яўхіма Храптовіча ў 1758–1776 гг. на месцы згарэлай драўлянай царквы. Архітэктарам служыў Джозэпэ Сака, які праектаваў сядзібны комплекс Храптовічаў у Шчорсах, рэшткі якога сёння таксама можна пабачыць у вёсцы. Ахітэктура храма спалучае ў сабе рысы позняга барока і класіцызму. Сёння гэта будынак праваслаўнай Дзмітраўскай царквы. Ля царквы можна знайсці крынічку з чысцюткай вадой. Паводле расповедаў месцічаў, яна мае лекавыя ўласцівасці.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У сённяшнім гарадскім пасёлку Любча варта звярнуць увагу на Любчанскі замак на беразе Нёмана. Ён быў закладзены ў 1581 годзе Янам Кішкам. Вядома, што тады ўжо была ўзведзена ўязная мураваная вежа. Пазней, у першай палове ХVII стагоддзя, калі замак перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў, былі дабудаваныя і іншыя вежы ды ўвесь замак перароблены з драўлянага ў мураваны.
Але ў 1655 годзе казакі Багдана Хмяльніцкага адпомсцілі Янушу Радзівілу, гетману ВКЛ, за нанесеную ім паразу ды ўшчэнт зруйнавалі Любчу разам з замкам. Тады Радзівілы пакінулі мястэчка і да ХІХ стагоддзя замак быў у заняпадзе, пакуль новыя гаспадары не аднавілі будынак, але ўжо без абарончых умацаванняў за іх незапатрабаванасцю. Затое Фальц-Фейны дабудавалі вялікі гатычны жылы палац на тэрыторыі замка. Аднак Першай і Другой сусветных войнаў будынак не перажыў ды быў зруйнаваны. Сёння на замку ў Любчы праводзяцца аднаўленчыя працы.
Фота: planetabelarus.by
3. Вераскава, сядзіба Дыбоўскіх-Брахоцкіх
Маёнтак, які варта наведаць у Вераскава, быў пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя. Спачатку ён належаў Дыбоўскім, пасля таго як Алена Дыбоўская пабралася шлюбам, перайшоў да Уладзіслава Брахоцкага, удзельніка лістападаўскага паўстання. І падчас наступнага паўстання 1863–1864 гг. гаспадары не засталіся ўбаку, зрабілі свой маёнтак прытулкам для інсургентаў, дапамагалі ежай, захоўвалі зброю. Пасля паўстання Уладзіслава саслалі ў Перм, Алена рушыла за ім. Вярнуліся гаспадары толькі праз 11 год. Былі пахаваныя ў Вераскава ля капліцы ХІХ стагоддзя, але пасля Другой сусветнай вайны іх магілы былі разрабаваныя. Зараз сядзіба знаходзіцца ў аварыйным стане і паступова ператвараецца ў груду камянёў.
Фота: poshyk.info
Фота: poshyk.info
4. Усялюб, касцёл Св. Казіміра
Ва Усялюбе варта звярнуць увагу на касцёл Св. Казіміра, пабудаваны да 1430 года на сродкі Яна Няміры — паплечніка Вітаўта, пачынальніка шляхецкага роду Неміровічаў (пазней Неміровічаў-Шчытоў). Ян Няміра быў выключнай асобай у ВКЛ, ён будаваў першыя касцёлы на ўласныя сродкі, што раней маглі дазволіць сабе толькі вялікі князь ці ягоная сям’я. Касцёл ва Усялюбе стаўся першым. У 1576 годзе будынак быў перароблены пад кальвінскі збор, толькі ў 1642 годзе вернуты каталікам. Касцёл ва Усялюбе лічыцца самым старажытным касцёлам у Беларусі, але ён неаднаразова перабудоўваўся. Напрыклад, вежа-званіца дабудаваная да яго ў ХІХ стагоддзі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
5. Валеўка, Петрапаўлаўская царква
У Валеўцы варта спыніцца ля сённяшняй Петрапаўлаўскай царквы. Храм быў пабудаваны ў 1656 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл у стылі барока. Фундаваў той касцёл берасцейскі ваявода Стэфан Курча. Праз пяць год пасля скасавання кляштара касцёл быў перададзены расійскімі ўладамі праваслаўнай царкве. Апошняя перабудова храма адбылася ў 1870-х гг., з таго часу храм істотна не змяняўся, толькі ў міжваенны час да царквы была дабудавана трохузроўневая драўляная званіца. Менавіта ў гэтым храме бралі шлюб Адам і Зося — героі паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
6. Чамброва, крушні маёнтку Карповічаў, родавая капліца
Ля вёскі Радагошча ў маёнтку Чамброва здымаўся першы польскі блокбастар 1928 года «Пан Тадэвуш» па аднайменным творы Адама Міцкевіча. Месца было абрана не выпадкова, бо шмат хто з даследчыкаў лічыць сядзібу ў Чамброва прататыпам міцкевіцкага «Сапліцова». Міцкевіч часта бываў тут, ягоная маці Барбара Маеўская дапамагала па гаспадарцы тагачасным уладальнікам маёнтка Узлоўскім, у прыватнасці, гаспадыні Анэлі. Пазней Анэля Узлоўская стане хроснай маці Адама Міцкевіча. Цікавы факт, што ў здымках прымалі ўдзел мясцовыя жыхары і тагачасны ды апошні гаспадар сядзібы Караль Карповіч. Падчас Другой сусветнай вайны Караль з сынам быў рэпрэсаваны НКУС, а сядзібу спалілі партызаны. Сёння ад сядзібнага комплексу засталіся крушні гаспадарчых пабудоваў і рэшткі парку. А на родавых могілках пару год таму была адноўлена каплічка, якую можам пабачыць сёння.
Фота: kimpress.by
Вандруючы па Наваградчыне, нельга абмінуць яшчэ адно незвычайнае месца. За 4 км на поўнач ад вёскі Косічы (7 км ад Валеўкі), праваруч ад дарогі знаходзіцца ўнікальны прыродны помнік, так званыя крыніцы з «жывой» і «мёртвай» вадой. Месцічы кажуць, што пра гэтыя крынічкі ведаюць нават тыбецкія манахі, якія і распавялі аднаму з вандроўнікаў пра іх гаючыя ўласцівасці.
Ходзяць чуткі, што падобных месцаў у свеце ўсяго сем, а па некаторых звестках, нават два: у Тыбеце і ў Беларусі.
Фота: @moyage311
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што мёртвая вада чысціць вантробы, забівае бактэрыі і мікробы, а жывая — аднаўляе арганізм. Таму на ноч варта ўжываць мёртвую ваду, а раніцай — жывую, і не толькі піць, але і абмываць ранкі. Два струмяні крынічнай вады нават гучаць па-рознаму. Мёртвая — паволі і не заўважна, жывая вада — гучна і хутка. У калодзежы з мёртвай — чысцюткі жвір, калодзеж з жывой зацягнуты налётам водарасцей. Крыніцы зліваюцца і поўняць рэчку Ятранку. Вельмі моцнае месца. Сюды абавязкова варта патрапіць.
Фота: @moyage311
Чытайце яшчэ:
8 архітэктурных цудаў Наваградка: гайд ад «Будзьма!»
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ