Лета — найлепшы час для вандровак. Гэтым разам прапануем наведаць Карэліцкі раён, які цікавы не адзіным замкам у Міры. Для самых заўзятых ды апантаных валацугаў, што цікавяцца гісторыяй і прыродай свайго краю, прапануем ТОП-7 аб’ектаў Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, да якіх дабіраецца не кожны турыст.
Свята-Успенская царква ў вёсцы Любанічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць, фота budzma.org
1. Турэц
Спачатку прапануем скіравацца ў вёску Турэц Карэліцкага раёна. Тут нас чакае царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі ХІХ стагоддзя ўзвядзення, дакладней перабудовы. Першапачаткова драўляны храм быў узведзены ў XVII стагоддзі як грэка-каталіцкая царква Пакрова Панны Марыі па фундацыі тагачасных уладальнікаў Турца роду Хадкевічаў. Але пасля скасавання уніі царкву зачынілі і перадалі праваслаўным. У 1888 годзе па фундацыі Аляксандра ІІІ царква была «адрэстаўраваная», што цалкам змяніла выгляд старога храма. Будынак быў разабраны да падмуркаў і ўзведзены новы ў рэтраспектыўна-рускім стылі з элементамі класіцызму.
Так уніяцкая царква Пакрова Панны Марыі ператварылася ў праваслаўны храм Пакрова Прысвятой Багародзіцы, які можам пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Побач з царквой варта звярнуць увагу на старыя пахаванні. Ёсць тут і два адметных крыжы, вялікі і маленькі. Паводле расповедаў месцічаў, гэта пахаванні першага гаспадара Турца князя Уладзіміра Альгердавіча і ягонага сына, якія аддалі жыццё за краіну. Кажуць, што крыжы спраўджваюць жаданні, але абавязковая ўмова паспяховасці гэтага ўчынку, каб адно з жаданняў было аб дабрабыце краіны.
Фота: vedaj.by
2. Першамайскае (Абрына)
Аматарам «заброшак» раім скіравацца ў вёску Першамайскае, у колішні маёнтак роду Кашыцаў, які меў назву Абрына. Будаўніцтва палацавага комплексу, на рэшткі якога варта зірнуць у Абрыне, было завершана напрыканцы ХІХ стагоддзя. Сядзібны ансамбль складаўся з палаца, гумна, афіцыны, лямуса, кузні і стайні. Цэнтральны будынак нагадваў сярэднявечны замак, паабапал якога былі размешчаны гаспадарчыя пабудовы, злучаныя пераходамі. Асаблівасцю сядзібы было тое, што яна пабудаваная на схіле і з розных бакоў мела розную колькасць паверхаў.
Фота: holiday.by
Фота: holiday.by
Сам палац да нашых дзён не захаваўся, але прыкладам такой забудовы ёсць двух-трохпавярховы амбар, рэшткі якога можна яшчэ пабачыць. На іншы бок ад цэнтральнага ўваходу выходзіла вялізная тэраса, якая злучалася ў адно цэлае з тэрасай афіцыны, крушні якой з адметнымі масіўнымі скляпеннямі таксама яшчэ захаваліся. Разам з палацам быў закладзены парк, выкапаныя сажалкі, пракладзеныя сцежкі.
Фота: holiday.by
Фота: holiday.by
Добра захавалася стайня 1912 года, а маштабны будынак амбара звычайна прымаюць за сам палац. На тэрыторыі маёнтка яшчэ можна пабачыць крушні родавай капліцы-пахавальні Кашыцаў, разрабаванай за савецкім часам. Тут жа побач варта пашукаць напаўзруйнаваны помнік паўстанцам 1863–1864 гг., які ўсталяваў сам удзельнік паўстання Канстанцін Кашыца, дзед апошняга гаспадара маёнтка Фелікса Кашыцы, расстралянага НКУС, пасля таго як сядзібу ў 1939-м спалілі партызаны.
Фота: orda.of.by
3. Бярозавец
Далей рушым у вёску Бярозавец да наступных маляўнічых руінаў. Тут мы пабачым калісьці велічны храм пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Складзеная з бутавага каменю праваслаўная царква, асвечаная ў гонар Святой Тройцы, размяшчаецца на невялікім узгорку, адкуль адкрываюцца шыкоўныя далягляды на Наваградскае ўзвышша.
Фота: budzma.org
Фота: planetabelarus.by
Пасля Першай сусветнай вайны храм быў моцна пашкоджаны, пасля ўжо ніколі не аднаўляўся і паступова прыходзіў да заняпаду. Адметнага ў гісторыі гэтай царквы нічога амаль няма, але ж сюды варта патрапіць па эфектную фотазону і незабыўныя краявіды.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
4. Райца
Далей прапануем наведаць вёску Райца, дзе захавалася вельмі атмасферная гатычная царква 1817 года. Першапачаткова яна выконвала функцыю пахавальнай капліцы роду Раецкіх. Але пасля паўстання 1863–1864 гг. была ператворана ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву. У 2003 годзе пасля аднаўлення асвечана ў гонар Св. Барбары.
Царква размяшчаецца на ўзвышшы, за кошт сваіх архітэктурных адметнасцяў выглядае асабліва велічна і не зусім тыпова для мясцовых краявідаў.
Фота: planetabelarus.by
5. Варонча
Далей рушым у вёску Варонча, што размяшчаецца сярод маляўнічых пагоркаў Наваградскага ўзвышша, над ёй велічна ўзвышаецца барочны каталіцкі храм Святой Ганны. Касцёл пабудаваны па фундацыі бацькі самага вядомага гаспадара Варончы Казіміра Несялоўскага ў 1781 годзе. Храм быў зруйнаваны саветамі ў 1960-х, аўтэнтычнымі захаваліся фасад і алтарная частка. Будынак адноўлены вернікамі ў 1990-я гады.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
У Варончы перапляталіся лёсы шматлікіх асобаў, значных для гісторыі краю. У Варанчанскім касцёле быў хрышчаны сябар і паплечнік Міцкевіча паэт Ян Чачот і каханне ўсяго жыцця Адама Марыля Верашчака. Варанчанскія могілкі, якія знаходзяцца амаль насупраць касцёла — значны шляхецкі некропаль, які захаваўся з ХVIII—ХІХ стагоддзяў. Надмагіллі тут уражваюць сваёй мастацкай вартасцю і нічым не саступаюць могілкамі Вільні ці Львова. Зрэшты, шматлікіх сваякоў пахаваных тут можна сустрэць на могілках згаданых культурных цэнтраў.
Фота: Алесь Гізун
Фота: Алесь Гізун
Ля касцёла святой Ганны ў Варончы можна пабачыць шэраг надмагілляў. Гэта пахаванні роду Булгакаў — сваякоў пачынальніка фотамастацтва на Беларусі Яна Булгака, дзякуючы працам якога мы можам сёння ўявіць, як выглядала эпоха, якая незваротна сышла пасля апошняй вайны.
Фота: wikimedia.org
6. Туганавіцкі парк
Наступная кропка нашага маршруту таксама звязаная з жыццёвым шляхам Адама Міцкевіча. Варта пабачыць і Туганавіцкі парк — усё, што захавалася ад колішняга маёнтку Туганавічы — радзімы каханай Міцкевіча Марылі Верашчакі, пачуцці да якой паэт пранес праз усё жыццё і творчасць.
Фота: planetabelarus.by
Жыццё ў Туганавічах віравала палову тысячагоддзя. У часы Вітаўта гаспадаром навакольных земляў быў Ян Няміра. Малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, прылятаў сюды штоноч на кані за дзесяць кіламетраў з роднага Завосся, дзе гасцяваў у сваякоў. Колішні маёнтак у Туганавічах — яшчэ адзін прэтэндэнт на прататып Міцкевіцкага «Сапліцова» ў творы «Пан Тадэвуш».
У 1863 годзе гаспадар маёнтка Канстанцін Туганоўскі быў акруговым начальнікам паўстання. Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак. Сёння ад былой велічы мы пабачым толькі рэшткі прысядзібнага парку.
Фота: planetabelarus.by
7. Камень філарэтаў (53° 22’25.20"N, 26 ° 6’42.21«E)
Тут жа, у Туганавіцкім парку, варта наведаць «Камень філарэтаў». Існуе меркаванне, што ў 1820 годзе падчас гасцявання ў Верашчакаў ля гэтага каменя А. Міцкевіч і яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамейка, Ю. Яжэўскі, Ф. Малеўскі давалі клятву адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ