18 красавіка святкуецца міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Cвята было ўсталяванае Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і гістарычных месцаў пры ЮНЕСКА ў 1982 годзе. У гэты дзень звычайна адбываюцца канферэнцыі па пытанні захавання культурных аб’ектаў, а некаторыя музеі праводзяць дні адчыненых дзвярэй і бясплатныя экскурсіі. А мы склалі для вас спіс найцікавейшых гістарычных помнікаў Беларусі, якім, на жаль, не надаецца належная ўвага.
Вёска Лішкі (Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць) — гэта маленькі населены пункт, які месціцца ў прыгранічнай зоне. Складана сабе ўявіць, што ў маленькай вёсачцы, дзе ў асноўным дажываюць свой век старыя ды наведваюцца ў сезон дачнікі, можна знайсці сапраўднае архітэктурнае дзівоцтва. Адкуль жа ў тыповай беларускай правінцыі ўзялася сапраўдная італьянская рэнесансная віла з двума паверхамі і асіметрычнай вежай? Уся справа ва ўладальніках сядзібы — французскім родзе Вірыёнаў.
Сядзіба ў Лішках. Крыніца: klinhas.livejournal.com
У 1775 годзе ў Рэч Паспалітую прыязджае французскі лекар Караль Юзаф Вірыён. Праз некаторы час ён становіцца асабістым лекарам караля Рэчы Паспалітай і вырашае набыць на новай радзіме маёнтак. Так беларуская вёска апынулася ва ўладанні французскага роду. Нават далёкія нашчадкі Караля Вірыёна, здавалася б, цалкам асіміляваныя, захоўвалі еўрапейскія традыцыі і густ. Менавіта таму Уладзіслаў Вірыён у 1883 годзе пабудаваў палац на італьянскі манер. Праўда, не абышлося тут і без рэгіянальных рыс: да вілы быў дададзены аднапавярховы будынак, што было характэрна для мясцовай архітэктуры.
У савецкія гады ў былой сядзібе размяшчалася школа, потым летні лагер, дзякуючы чаму пабудова нядрэнна захавалася і дайшла да нашых дзён. У дадзены момант будынак сядзібы, на жаль, закінуты і пустуе.
Гэты камень знаходзіцца за 500 м на паўночны захад ад вёскі Карчова Баранавіцкага раёна, ва ўрочышчы Кут, паблізу Туганавіцкага парку. Магчыма, вы здзівіліся, што ў спіс гістарычных помнікаў Беларусі трапіў нейкі валун. Справа ў тым, што гэта не звычайны валун, а геалагічны помнік прыроды Беларусі. Навукоўцы лічаць, што гэтая гранітная веліч была прынесена ледавіком каля 200-120 тысяч год таму са Скандынавіі.
Камень Філарэтаў. Крыніца: posmotrim.by
Акрамя таго, існуе легенда, што менавіта каля гэтага каменя збіраліся на свае таемныя сустрэчы знакамітых сябры таварыства Філарэтаў: Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ян Чачот, Тамаш Зан і іншыя. У гады Першай сусветнай вайны камень спрабавалі падарваць, каб атрымаць друз, але не змаглі. Цяпер камень філарэтаў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Камень не толькі прыцягвае турыстаў, але і натхняе творчых людзей. Напрыклад, мастак Міхаіл Карпук у 2006 годзе намаляваў карціну «Ля каменя філарэтаў».
Карціна Міхаіла Карпука «Ля каменя філарэтаў». Крыніца: posmotrim.by
У горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці знаходзяцца руіны вялізнага манастырскага комплексу — гэта помнік архітэктуры XVII стагоддзя, былы манастыр ордэна картэзіянцаў. Дарэчы, гэта быў самы багаты і вялікі манастыр у Вялікім Княстве Літоўскім.
У 1646 годзе да ўладальніка Бярозы Казіміра Льва Сапегі звярнуліся манахі-картэзіянцы з просьбай абаснавацца на яго землях. Картэзіянцы — гэта каталіцкі манаскі ордэн, асновай духоўнасці якога былі поўны адыход ад свету і суровая аскеза.
Сапега падарыў манахам 600 сялян і вялікую тэрыторыю, і такім чынам увесь горад стаў належаць манастыру. Манастыр-крэпасць быў пабудаваны ў форме пяцікутніка і займаў тэрыторыю больш за 6,5 га. У склад комплекса ўваходзілі касцёл, жылыя карпусы, бібліятэка, шпіталь, сталовая, аптэка і розныя гаспадарчыя пабудовы. Да таго ж, у 19 стагоддзі манастыр стаў адным з найбуйнейшых уласнікаў Беларусі. Яму належалі і цагельні, і пільні, і майстэрні па вытворчасці чарапіцы, і млыны, і бровары.
Манастыр картэзіянцаў. Крыніца: by.planetabelarus.by
У савецкія гады ў будынку кляштара размяшчалася вайсковая частка, а цяпер ад былой велічы мала што засталося: уцалелі толькі фрагменты комплексуа, большая ж яго частка знаходзіцца ў руінах. Аднак нават гэтыя руіны даюць уяўленнем аб тым, якім велічным і магутным быў гэты комплекс у бытнасць манахаў-картэзіянцаў.
Гэты манументальны будынак знаходзіцца ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Касцёл уяўляе сабой храм-крэпасць, які спалучае ў сабе элементы готыкі, рэнесансу і барока. Сцены касцёла створаны для абароны — каля двух метраў у таўшчыню. Вузкія вокны нагадваюць байніцы сярэднявечнага замка. І сапраўды, касцёл паспяхова перажыў шматлікія войны. Ён нават не быў зачынены ў гады савецкай улады, а працягваў дзейнічаць.
Касцёл Святога Яна Хрысцiцеля ў вёсцы Камаі. Крыніца: be.m.wikipedia.org
Акрамя таго, з касцёлам звязаны некаторыя гістарычныя каштоўнасці, якія не маюць прамога дачынення да самога будынка. Напрыклад, каля касцёла знаходзіцца каменны крыж, высечаны з маналітнага гранітнага валуна. Крыж адносяць да XV-XVI стагоддзяў. Яшчэ адзін унікальны касцёльны артэфакт — выява Маці Божай з дзіцём. Гэты алтарны абраз быў напісаны ў 1610 годзе ў Кракаве, і да гэтага часу мае першапачатковы выгляд. Касцёл уключаны ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Будынак узведзены на высокім цокалі ў духу гістарызму з матывамі гатычнага стылю. Асноўнымі элементамі афармлення яго фасада з’яўляюцца спічастыя вокны. Пабудаваў яго купец Цімафей Грошыкаў. Грошыкаў быў вельмі багатым чалавекам, суднаўладальнікам. Гэты двухпавярховы цагляны асабняк ён узвёў якраз, каб падкрэсліць маштаб сваёй асобы.
Дом купца Грошыкава ў Ветцы. Крыніца: edinoslavie.ru
Аднак гэты дом цікавы не толькі сам па сабе, але і тым, што зараз у ім размяшчаецца музей стараабрадніцтва. У музеі знаходзіцца вялікая колькасць артэфактаў стараабрадніцкай культуры: унікальных ікон і кніг. Таксама музей займаецца збіраннем беларускага фальклору.
Касцёл знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Гэта ўнікальны помнік гатычнай архітэктуры з элементамі рэнесансу. Унікальнасць яго ў тым, што ён дайшоў да нашых дзён з аўтэнтычнай структурай. Што цікава, першапачаткова гэты храм будаваўся як кальвінісцкі збор. Справа ў тым, што ў другой палове 16 стагоддзя вёска Гнезна перайшла ва ўласнасць Гераніма Хадкевіча, які быў прыхільнікам пратэстантызму. Толькі ў 1643 г. касцёл быў перададзены католікам.
Касцёл Святога Міхала ў Гнезне. Крыніца: edinoslavie.ru
У 19 стагоддзі на месцы касцёла знайшлі паганскія ахвярныя камяні. Гэта значыць, храм быў пабудаваны на месцы ранейшага капішча, што было даволі тыповай з’явай.
Сядзіба Рэйтанаў знаходзіцца ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Магчыма, вы здзівіцеся таму, што галоўны дом сядзібы ўяўляе сабой драўляны будынак. Сапраўды, звычайна шляхта будавала свае багатыя сядзібы з цэглы і каменя. Справа ў тым, што ў XVIII стагоддзі ўладальнік сядзібы Дамінік Рэйтан пабудаваў тут мураваны сядзібны дом у стылі класіцызм. Аднак нашчадак Дамініка Юзэф гэты дом перабудаваў. Ёсць версія, што лекары не рэкамендавалі Юзэфу жыць у каменнай хаце.
Сядзіба Рэйтанаў. Крыніца: planetabelarus.by
Новы драўляны фасад быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзі з высакаякаснага бруса на ранейшым падмурку. Менавіта ў такім выглядзе ён і дайшоў да нашых дзён. У інтэр’еры дома былі печы з галандскай кафлі, паркет, размаляваныя панэлі і столі. Пры савецкай уладзе ў сядзібе размяшчаўся клуб, а пасля распаду Саюза там зрабілі сховішча бульбы. Зараз сядзібны дом знаходзіцца ў заняпадзе.
Вёска Паланэчка знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці вядома больш за ўсё сядзібай Радзівілаў, якая зараз знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і аднаўляецца. Аднак у Паланечцы ёсць і яшчэ адзін аб’ект годны ўвага. Касцёл Святога Юр’я ўяўляе сабой твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Першы касцёл у Паланэчцы быў пабудаваны яшчэ ў 15 стагоддзі, але ў 1751 быў узведзены новы драўляны касцёл, які значна перабудавалі ў 1889 годзе, і з таго часу значна не мяняўся. У абліччы касцёла спалучаюцца рысы неаготыкі і мадэрну, што надае яму ўнікальны выгляд.
Касцёл Святога Юр’я ў Паланэчцы. Крыніца: probelarus.by
Касцёл працягваў функцыянаваць і за савецкім часам, і цяпер ён працягвае працаваць. Таксама касцёл з’яўляецца аб’ектам спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Падрабязней пра Паланэчку і пра касцёл можна даведацца з відэароліка «Натхняльная Паланэчка», які быў зняты ў межах праекта «Край|BY » ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Гэты будынак быў узведзены ў 1916 годзе братамі Дымічамі. Браты Дымічы будавалі яго як прыбытковы дом — гэта значыць дом, у якім знаходзілася мноства кватэр для здачы ў арэнду. У 20-30 гады XX стагоддзя тут размяшчалася польская пачатковая агульнаадукацыйная школа. З прыходам савецкай улады ў будынку таксама месцілася школа. Потым будынак быў перададзены пашпартнаму сталу.
Пінскі дворык. Крыніца: 1pinsk.by
Цяпер у «Пінскім дворыку» знаходзіцца гасцявы дом. Адноўлены будынак гасцявога дома з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.
Мы шмат казалі аб хрысціянскіх культавых будынках. Паколькі ў Беларусі вялізны ўнёсак у культурную спадчыну зрабіла таксама ісламская культура, варта згадаць і мячэці.
Навагрудская мячэць была пабудавана ў 1855 годзе. Пры ёй да 1939 года дзейнічала рэлігійная школа. У 1945 годзе савецкія ўлады прынялі рашэнне мячэць зачыніць і перарабіць яе ў жылы дом. У 1994 годзе будынак вярнулі вернікам, 11 ліпеня 1997 года мячэць зноў пачала дзейнічаць: яе адкрыццё прымеркавалі да 600-годдзя пасялення татараў на Беларусі.
Навагрудская мячэць. Крыніца: novtour.by
Як вы можаце заўважыць, мячэць знешне больш нагадвае тыповую беларускую царкву. Справа ў тым, што гэты будынак — тыповы прадстаўнік традыцыйнага беларускага драўлянага дойлідства.
Мячэць з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
Д.Г. budzma.org