Большасць інтэрнэт-карыстальнікаў непакоіць лёс беларускай традыцыйнай культуры

15.04.2020 Культура

У Міжнародны дзень культуры публікуем вынікі анлайн-даследавання, паводле якога амаль палова маладых інтэрнэт-карыстальнікаў лічыць, што добра ведае традыцыйную беларускую культуру, а траціна з іх гатовая несці адказнасць за яе захаванне.


Анлайн-даследаванне стаўлення беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў да традыцыйнай беларускай культуры праводзілася ў партнёрстве Baltic Internet Policy Initiative i Офіса Еўрапейскай экспертызы і камунікацыі ўвосень 2019 года. Выбарка даследавання з’яўляецца рэпрэзентатыўнай для генеральнай сукупнасцi беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў з 15 да 74 гадоў па поле, узросце і адукацыі.

Падрабязна вынікі даследавання можна паглядзець тут

Рэспандэнты шануюць, але не надта добра ведаюць сваю традыцыйную культуру: большасць апытаных лічыць традыцыйную культуру каштоўнай (81%), прызнаюць яе важнасць як падмурка нацыянальнай ідэнтычнасці (71%) і заклапочаныя яе лёсам (71%). Аднак пры гэтым толькі 34% лічаць, што ў іх дастаткова ведаў пра яе. Такім чынам, гэтыя вынікі анлайн-апытання могуць сведчыць пра попыт на веды пра традыцыйную культуру, які пакуль не змаглі задаволіць вышэйзгаданыя крыніцы і інстытуцыі.

Апытанне паказала, што не надта шмат рэспандэнтаў лічыць традыцыйную культуру інструментам палітыкі (30%) ці атаясамлівае яе з субкультурай (24%).

Цікава тое, што найбольшая ўпэўненасць у сваіх ведах пра традыцыйную культуру назіраецца ва ўзроставай групе ад 15 да 24 гадоў (46%) і ад 55 да 74 гадоў (40%) . Апытаныя ад 25 да 55 гадоў складаюць групу, 30% з якой лічаць, што ведаюць пра традыцыйную культуру дастаткова… Важнае пытанне для магчымых далейшых даследаванняў – з чым звязаная гэтая пазітыўная самаацэнка моладзі і наколькі яна аб’ектыўная.

culture1.JPG


Пра сваю асабістую адказнасць за захаванне традыцыйнай культуры сказалі толькі 32% рэспандэнтаў, а за варыянт «Усе беларусы» — 67% рэспандэнтаў, і гэта найбольш папулярны адказ на пытанне «Хто нясе адказнасць за збор, захаванне і трансляцыю ведаў па традыцыйнай культуры?». Калектыўная адказнасць замест персанальнай — ці не размыванне гэта той самай адказнасці пры прызнанні важнасці традыцыйнай культуры для грамадства? Так ці інакш, найменш папулярны адказ на тое ж пытанне — «Толькі тыя, каму гэта цікава», а значыць, справа захавання спадчыны бачыцца рэспандэнтам як важны супольны праект.

Агулам жа рэспандэнты схіляюцца да таго, што дзяржава павінна рабіць найбольшы ўнёсак у гэты працэс: адукацыйныя і культурніцкія ўстановы, чыноўнікі і навуковыя супрацоўнікі набралі па гэтым пытанні большыя лічбы, чым незалежныя і міжнародныя актары ці нават бізнес і мецэнаты.

culture2.JPG


Цікава, што маладыя рэспандэнты ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў часцей, чым прадстаўнікі іншых узроставых груп, выбіралі варыянты адказу «Я асабіста» (адказны за захаванне ведаў пра традыцыйную культуру)! Людзі з ўзроставых груп 25-34 і 35-44 гады выказалі большы, чым іншыя, давер беларускім грамадскім арганізацыям у справе захавання культурнай спадчыны, а людзі ва ўзросце 45-54 — мецэнатам.

culture3.JPG

Карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі найчасцей сутыкаюцца з традыцыйнай беларускай культурай у матэрыялах СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў. Так, гэта не дзіўна, бо апытваліся менавіта інтэрнэт-карыстальнікі. З іншага боку, гэта цалкам упісваецца ў сусветны працэс дыгіталізацыі ведаў (бо значнасць унёску сацсетак у распаўсюд ведаў пра традыцыйную культуру таксама значны), але адначасова можа сведчыць і пра плённую працу журналістаў і культуртрэгераў.

Аднак важна адзначыць, што гэтыя лічбы вельмі высокія для ўсіх узроставых катэгорый. Як для маладых беларусаў ад 15 гадоў, так і для людзей сталага і пенсійнага ўзросту СМІ і інтэрнэт называюцца найбольш ужыванымі крыніцамі ведаў пра традыцыйную беларускую культуру. Яны часцей выкарыстоўваюцца рэспандэнтамі, чым непасрэдныя стасункі з носьбітамі культуры і сябрамі ці нават знаёмства з творамі сучаснага мастацтва, навучальны працэс ці праца.

Цікавае параўнанне чакае нас, калі мы суаднясём колькасць тых, хто сутыкаецца з традыцыйнай беларускай культурай на вучобе і працы, з тымі, хто гэта робіць дзякуючы рэкламе, абгортцы, модзе і турызму. На вучобе ці працы такіх значна менш. Такія лічбы могуць сведчыць пра тое, што беларускаарыентаваны бізнес прыцягвае больш увагі людзей да традыцыйнай культуры, чым беларуская адукацыя.

culture4.JPG

Толькі 8% удзельнікаў анлайн-апытання не цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай.

Дакументальныя фільмы (55%), архіўныя фатаграфіі (53%) і тэлеперадачы (49%) – тры найбольш папулярныя формы падачы інфармацыі для рэспандэнтаў даследавання. Тэматычныя кнігі і публікацыі ў СМІ таксама набіраюць даволі значныя лічбы прыхільнікаў – 43% і 38%. Як гэта стасуецца з адказам на першае пытанне анлайн-даследавання, калі большасць рэспандэнтаў назвала менавіта СМІ і інтэрнэт найбольш важнай для іх крыніцай ведаў пра традыцыйную культуру? Хутчэй за ўсё, і дакументалістыку, і архівы, і “тэлеперадачы” рэспандэнты часцей будуць шукаць у сеціве, чым нейкім іншым чынам.

culture5.JPG

Трэба заўважыць, што менавіта моладзь ад 15 да 24 гадоў найбольш зацікаўленая ў архіўных фотаздымках і кнігах пра беларускую традыцыйную культуру, а старэйшыя людзі – у дакументальных стужках і тэлеперадачах.

culture6.JPG

Такім чынам, анлайн-даследаванне паказвае, што пры надзвычай вялікай павазе інтэрнэт-карыстальнікаў да беларускай традыцыйнай культуры і заклапочанасці яе лёсам яны невысока ацэньваюць свае веды пра яе, а таксама аддаюць перавагу калектыўнай, а не сваёй персанальнай адказнасці за яе. Моладзь ад 15 да 24 гадоў – гэта найбольш арыентаваная менавіта на сваю персанальную адказнасць за традыцыйную культуру група апытаных. Найбольш цікавыя для іх формы стасавання з традыцыйнай культурай – гэта архіўныя фотаздымкі, тэматычная літаратура і дакументальныя фільмы.

Арганізатары даследавання выказваюць падзяку «Этнаўсё» за дапамогу ў распрацоўцы пытанняў