Аляксандра Сітнікава разважае на budzma.by пра тое, як звязаныя паміж сабою традыцыя і гвал і чаму варта адмаўляцца ад шкодных традыцый.
Нам неймаверна пашанцавала жыць у дваццаць першым стагоддзі, калі прынцыпы роўнасці і гуманізму распаўсюджваюцца і паступова становяцца агульнасусветнай нормай. Чалавеку, які камунікуе пераважна з тымі, хто падзяляе яго погляды на справядлівае і правільнае, і не асабліва цікавіцца навінамі, можа падацца, што чалавечая супольнасць ужо дарасла да паўсюднай роўнасці і свабоды. Але дастаткова выйсці са свайго інфармацыйнага і камунікацыйнага вакууму – і стане зразумела, які доўгі яшчэ шлях да ідэальнага грамадства.
Слова “традыцыя” мы ўсе добра вывучылі з дзяцінства. Як думаеце, праз колькі традыцый вы прайшлі цягам свайго жыцця? Рэлігійныя, свецкія, сямейныя, магчыма, вы нават паспелі сфарміраваць нейкую асабістую традыцыю. У нашым асяроддзі сэнс гэтага слова звычайна станоўчы або, ва ўсялякім выпадку, не выклікае рэзка негатыўных асацыяцый. За гэтым словам цягнецца хвост паўтаральнасці пэўных паводзін у пэўных абставінах. Традыцыі адзначаюць элементы стабільнасці ў чалавечым існаванні. А яшчэ традыцыя – гэта шырокае паняцце, якое ўключае патэрны не толькі паводзін, але і стаўленне да той ці іншай з’явы.
Таня Сяцко: Манаполія на гвалт
Але калі побач са словамі “традыцыя” ўстае паняцце “гвалт”, мы адразу задумваемся пра нешта далёкае ад нашай культуры: жаночае абразанне, забойства гонару, адзенне ісламскіх жанчын, крадзеж нявест, які дагэтуль практыкуецца ў некаторых месцах на Каўказе. Хаця знаходзяцца тыя, хто апраўдвае словам “традыцыя” і гэтыя бесчалавечныя ўчынкі. Любая традыцыя ствараецца з пэўнай прычыны і з пэўнымі мэтамі. Няўжо чалавек у цывілізаваным грамадстве можа сур’ёзна лічыць, што дзеянні, прадыктаваныя імкненнем сцвердзіць сілу, замацаваць уладу і знішчыць тых, хто не падпарадкоўваецца заведзеным правілам, маюць права на існаванне? Пытанне цалкам рытарычнае.
У нейкім сэнсе традыцыя мае агульную прыроду з паняццем стэрэатыпу, бо таксама з’яўляецца такім канцэнтратам, замацаваным у нашай свядомасці, які дазваляе не разважаць лішні раз над нечым. Усе ведаюць, калі пачынаюцца Каляды і як іх варта святкаваць. Усе ведаюць, што нявеста мусіць надзець белую сукенку ў дзень вяселля. Знакавыя моманты ў жыцці чалавека цягам года адзначаны пэўным чынам і за стагоддзі нарасцілі вакол сябе шмат культурных і сацыяльных напластаванняў.
Але традыцыямі прасякнутыя не толькі асаблівыя перыяды жыцця, але і паўсядзённасць. Агульнапрыняты парадак існуе ў стасунках, у падзеле роляў унутры сям’і, у побыце. Сям’я – гэта слова, у дачыненні да якога часцей за іншыя мы выкарыстоўваем прыметнік “традыцыйная”. Даволі часта можна пачуць, што традыцыйная сям’я ў заняпадзе і нехта намагаецца яе разбурыць. Але што гэтыя словы значаць? Па-першае, гэта сям’я, у якой ёсць або плануюцца дзеці, бо ствараецца яна ў тым ліку для таго, каб працягнуць род. Род мужа, вядома – традыцыйная сям’я мусіць насіць яго прозвішча. Традыцыйная сям’я будуецца на традыцыйных жа гендарных ролях: мужчына – галоўны, ён здабывае сродкі для існавання, забяспечвае ўсіх; жанчына падтрымлівае чысціню і ўтульнасць, прыбірае, гатуе і даглядае дзяцей. Нічога дрэннага ў гэтай мадэлі быццам і няма, але толькі тады, калі людзі сапраўды хочуць гэтага ўсяго і выбіраюць такі жыццёвы ўклад. Але зрабіць свядомы выбар ва ўмовах, калі ўсё тваё жыццё цябе рыхтавалі да чагосьці пэўнага, даволі складана. Прычым гэтая “падрыхтоўка” праходзіць не радыкальна, часам нават незаўважна, як гіпнапедыя. У пяць гадоў ты атрымліваеш у падарунак ляльку або машынку, у дзесяць цябе вядуць або на бокс, або на танцы, а ў пятнаццаць або бацька кліча цябе дапамагаць у гаражы, або маці – дапамагаць на кухні. Калі, на вашу думку, гэта ўсё лухта і ў вашай сям’і такога не было, вы спакойна займаліся тым, што вам падабалася незалежна ад гендару і, больш за тое, ніколі не заўважалі, што мама пасля працы гатуе, а бацька глядзіць тэлевізар, то вам вельмі пашанцавала. Так пашанцавала мала каму. Але штосьці мне падказвае, што ў школе вас усё адно віншавалі або з восьмым сакавіка, або з Днём абаронцаў Айчыны, і хаця б раз у жыцці вам даводзілася чуць нейкую варыяцыю фраз “ну ты ж дзяўчынка” або “хлопчыкі не павінныя плакаць”. Нават калі лакальнае асяроддзе гэтага пазбаўленае, то вялікі свет і інфапрастора прасякнутыя гэтым наскрозь. Дарэчы, у тым, што тычыцца выхавання дзяцей, таксама шмат спрэчных “традыцыйных” метадаў, пачынаючы з іерархічнай структуры сям’і і прывучэння “заўсёды слухацца старэйшых” і заканчваючы фізічнымі пакараннямі. Калі прыглядзецца, у нашай культуры паняцці “традыцыя” і “гвалт” таксама не такія далёкія, як нам здаецца. У нас нікога не крадуць і не забіваюць за “ганьбу сям’і”, але часта аддаюць перавагу замоўчванню і закрыванню вачэй, напрыклад, на хатні гвалт, бо не прынята “выносить сор из избы”. А калі “сор” усё ж такі аказваецца вынесены, задаюць тры тысячы пытанняў аб тым, ці не справакавала гэтая жанчына свайго мужа на біццё. Тое самае пытанне, дарэчы, задаюць яшчэ часцей ахвярам сэксуальнага гвалту. Бо традыцыйнае стаўленне да сэксу (з удзелам той самай прымаўкі пра разнаполых сабак) мяркуе, што жанчына з’яўляецца носьбітам рэсурсу, які ну настолькі патрэбны мужчынам, што часам яны могуць узяць яго і без жадання другога боку. Нельга недаацэньваць псіхалагічнае ўздзеянне, якому праз такія пытанні падвяргаюцца ахвяры.
Наша грамадства пакуль не гатовае адпусціць сваё "права на гвалт"
Сутнасць у тым, што традыцыі бываюць розныя, сярод іх хапае і шкодных, а адмова датрымлівацца іх можа цягнуць непаразуменне з групай, у якой гэта прынята. Адчуць на сабе такое даводзілася, напрыклад, людзям, якія не ўжываюць алкаголь і адмаўляюцца гэта рабіць нават на святы і нават у кампаніі. Пры гэтым, думаецца, далёка не ўсе, хто зрабіў выбар на карысць іншай пазіцыі, больш традыцыйнай, зрабіў яго свядома.
Зноў жа хочацца правесці паралель са стэрэатыпамі – пэўнымі патэрнамі, якія засвойваюцца з культуры і дапамагаюць сфарміраваць паводзіны ў нейкіх абставінах, не прыкладаючы вялікіх інтэлектуальных намаганняў. Але сёння грамадства імкліва змяняецца, прычым рухаецца ў бок індывідуалізму. Яно і зразумела: тэхналагічныя і эканамічныя абставіны больш не прымушаюць людзей гуртавацца дзеля выжывання. А значыць важнасць меркавання групы для чалавека паступова паніжаецца. Тое, што мы называем традыцыямі і стэрэатыпамі, часам тычыцца такіх бакоў жыцця, напрыклад, стасункаў, уласнага здароўя, выхавання дзяцей, у якіх недапушчальна рабіць безразважна, вядома, пры ўмове, што для чалавека ўсё ж важная гэтая сфера жыцця.
Усё тое, супраць чаго мы сёння змагаемся, калісьці было традыцыйным. Цяжка ўкласці ў галаве, што наконт некаторых рэчаў грамадства яшчэ вагаецца. Кожная традыцыя, якую мы хочам прымяніць да свайго жыцця, павінная быць асэнсаванай. Чалавечае стаўленне да чалавека мусіць стаць галоўным патэрнам паводзін у грамадстве, калі мы імкнёмся да свету без гвалту.
Аляксандра Сітнікава, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!