Радзінна-хрэсьбінная абраднасць і паэзія як адзін з відаў сямейнай абраднасці з‘яўляецца важнай крыніцай спасціжэння светапогляду беларусаў, іх маральна-этычнага кодэксу, піша Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.
З даўніх часоў людзі верылі, што выкананне пэўных абрадаў можа засцерагчы не толькі гаспадарку ад звышнатуральных сіл, але і абараніць іх сям‘ю, паўплываць на дабрабыт. Вялікай пашанай у нашых продкаў карысталіся тыя абрады, якія былі звязаны з працягам роду. Як адзначалі даследчыкі, прыкметы і павер‘і, звязаныя з цяжарнасцю жанчыны, выбар кума і кумы, падрыхтоўка бабкай-павітухай абрадавай стравы — кашы, абрад хрышчэння дзіцяці, хрэсьбіннае застолле, абрад разбівання гаршка з кашай, дзяльба кашы, рытуалы ўшанавання бабкі-павітухі, адорванне падарункамі бабкі, кумоў, жанчыны-парадзіхі — важныя моманты радзінна-хрэсьбіннай абраднасці.
У дадзеным артыкуле засяродзім увагу на такіх важных удзельніках радзінна-хрэсьбінных святкаванняў, як кум і кума.
Падкрэслім, што важнай місіяй бацькоў быў выбар кума і кумы, што у кожнай мясцовасці рэгламентавалася сваімі правіламі. Паводле сведчанняў інфарманта з г. Гомеля, на гэту ролю нельга было выбіраць родзічаў: «Родственников нельзя приглашать, только чужого человека. Это уже по-церковному, я не знаю, так говорили. Родственники и так родственники, а это будут вторые мать и отец новорожденному. Это уже и на свадьбе, как мать и отец, кума и кум то же самое» (г. Гомель).
У Лельчыцкім раёне забаранялася выбіраць мужа і жонку на ролю кумоў: «...Кумамі ў одного дзіцяці не могуць буць чоловек і жонка. Кумам не можна жэніцца, бо велікі грэх» (в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна).
Як патлумачылі жыхары в. Бялёў Жыткавіцкага раёна, у іх мясцовасці не звярталі ўвагу на характар ці ўчынкі чалавека, на яго сацыяльнае становішча, наяўнасць грошай. Выбіралі кумоў толькі з ліку блізкіх родзічаў: «Ну, а хросных выбіралі хто як: хто радню выбіраў, хто можа ідзе да таго, хто яму дапамог у трудную мінуту, палучалась так, эт самае. Эта цяпер выбіраюць багатых хросных выбіраюць, а тады ж не, тады проста, самае, і саседку ілі сяброўку з дзетства» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна).
Падчас абрання хросных бацькоў дзіцяці таксама існавалі свае забабоны. Бацькі надавалі сур‘ёзнае значэнне выкананню ўсіх народных прадпісанняў, бо лічылі, што гэта паўплывае на будучае жыццё малога. Звычайна на ролю кума і кумы запрашалі толькі з ліку тых, хто меў сям‘ю: «На кристины по приглашению хозяев приходили только женатые мужчины и замужние женщины» (в. Зябраўка Гомельскага раёна).
Перш чым удзельнічаць у абрадзе хрышчэння, «хросныя павінны былі сначала іспаведавацца і прычасціцца, а толькі патом хрысціць дзіця» (в. Заліп‘е Гомельскага раёна).
Іншы раз увогуле кіраваліся нават прынцыпам сімпатыі: «Ну, а кумоў собяруць ужэ мужык і жонка, сядзяць ужэ раяцца: кого нам узяць за кума? Кого за куму? Я, напрымер, свою подругу бяру, он бярэ мужык з мужыком, хто яму нравіцца» (в. Азяраны Жыткавіцкага раёна) [2]. Гэта характарызуе жыхароў Жыткавіцкага раёна як дабразычлівых, душэўных людзей.
Паводле сведчанняў інфармантаў, пажадана было браць адных хросных бацькоў для ўсіх дзяцей. Аднак калі ў хроснай маці памерла сваё дзіця, то тады бралі іншую жанчыну на ролю кумы. Бацькі баяліся, каб смерць дзіцяці хроснай маці дрэнна не паўплывала на жыццё іх дзяцей: «Еслі дзеці памерлі, то ўжэ ту самую хросную маці не бралі, бралі ўжэ другую. Вот у нас так самае, а на Тураўшчыне, так там бяруць дзве маці хросныя. Стараліся ў нас браць адну хросную маці, шоб была, бываюць і такія» (в. Бялёў Жыткавіцкага раёна).
Падчас выбару кумоў абавязкова прыносілі з сабой хлеб і соль: «Перад хрэсьбінамі маладыя бацькі выбіраюць кумоў. Калі ідуць іх зваць, нясуць хлеб і соль, зайшоўшы ў хату, кладуць на стол са словамі: «Хлеб-соль вашы, а кума або кум нашы» (г. Гомель). Трэба адзначыць, што на Гомельшчыне дадзеная атрыбутыка мела вызначальную ролю: калі прыходзілі запрашаць кума і куму з хлебам і соллю, то адмаўляцца нельга: «Приглашали кума и куму, выбирали, кто пришёл с хлебом и солью, ты уже не откажешься, это грех» (г. Гомель) [1, с. 166]; «Бяруць крайчык хлеба і ідуць да кумы (кума), кажуць: «Наце вам хлеб-соль, а мне дайце куму (кума)» (г. Гомель).
У в. Азяраны Жыткавіцкага раёна замест хлеба выкарыстоўвалі «пірагі», а соль увогуле адсутнічала: «Ну, і ўжо проходзіць врэмя, бувае месяц, некоторые две недзелі, а то бывае і два месяцы, ужэ строяцца, крэпне малыш, сама жэншчынка окрэпне і бяруць кумоў, нясуць пірогі одному і другому, жэншчыне і мужчыне, і кажуць от: «За куму к нам, мы хочам».
Пасля таго, як выбралі кума і куму, святкавалі хрэсьбіны: «У цэркву прыйшлі ўсе, кум і кума. Раздзелі дзіця, от так голенькай. Бацюшка ўзяў яе і тры разы абмыў яе, а тады ў палаценца, выцерлі, адзелі, а тады малітву і крэсцечак сразу павесіў. Бацюшку палаценца, грошы плоцім і тады сабраліся, дамоў прыйшлі. Пакуль не пахрэсціш дзіця не паказваюць нікому, што б не зглазілі. Мы ўсе паздраўляем. Маць хрэсная і ацец глаўнее сваіх родных. Аны далжны ўжэ васпітываць, усё врэмя ім падсказваць, вучыць, усё. Тады ўжо рабёнак прабудзе месяцаў пяць, тады нада несці зноў у цэркву. Узяць малітву. Тады бацюшка малітву чытае і моліцца. Эта абязацельна» (в. Церуха Гомельскага раёна) [2]; «На саміх хрэсьбінах у царкву вазілі. У нас там быў бацюшка. Ну, пайшлі ў вечары, прыйшлі ў вечары ў хату. Ён вады ў тазік наліў, малога ўзяў, туды акунуў: галоўку памыў, ножкі памыў. Ну, пахрысціў. І прыйшлі дамоў. Ён (муж) узяў кума, а я — куму. Кума — мая падруга, а ў яго свой друг» (в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага раёна); «Усё яна [кума] прыходзіць, мятліка, кажуць нясе. Это на пелёнкі што-небудзь обязацельно шоб ці распашонку якую, шоб етому маленькому дзіцятку обязацельно, шоб яго ілі пеляналі ў етыя пялёнкі, ілі распашонку надзелі. На крэсту поп крэсціць эты, кладуць на маленького. Ну, і от пакрысцілі, прыехалі ўжэ, выпілі, пообедалі, ужэ назначаюць, калі хрэсьбіны будуць» (в. Азяраны Жыткавіцкага раёна).
Можна выказаць меркаванне, што беларусы з‘ўляюцца веруючымі людзьмі, таму невыпадкова кожны этап радзінна-хрэсьбіннай абраднасці ілюструе іх веру ў Бога, надзеі на яго дапамогу.
Што да адносін паміж кумам і кумою, то гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў хрэсьбінных песнях, запісаных у Хойніцкім раёне:
— Мой кумочак, мой кумочак,
Не на тое прыйшла,
Каб ад цябе, каб ад цябе
Пехатой я пайшла.
— Залажыце, запражыце
Клячу вараную,
Завязіце, адвязіце
Куму маладую.
— Мой кумочак, мой кумочак,
Не на тое прыйшоў,
Каб ад цябе, каб ад цябе
Пехатой я пайшоў.
— Залажыце, запражыце
Ды дванаццаць сабак,
Завязіце, адвязіце
Майго кума ў кабак
(в. Аравічы Хойніцкага раёна).
У прыведзеным тэксце песні, адрасаванай куму, сустракаецца зварот «мой кумочак», паўтор якога падкрэслівае цёплыя сямейныя адносіны, якія павінны звязваць хросных і бацькоў нованароджанага.
У песні, прысвечанай куму і куме, гучыць матыў іх услаўлення. Невыпадковымі ў ніжэйпрыведзеным песенным тэксце з‘яўляюцца такія сродкі мастацкай выразнасці, як прыём трохкратнасці («тры кубачкі», «у адным кубку», «у другім кубку», «у трэцім кубку»), метафара («ручаёк бяжыць»), эпітэты («зеляно віно», «саладок-мядок», «горка гарэлка»):
Кум з кумою на куце сядзіць,
Паміж іх да ручаёк бяжыць.
А ў тым ручайку да тры кубачкі,
Да тры кубачкі маляваненькіх.
У адным кубку зеляно віно,
У другім кубку саладок-мядок,
У трэцім кубку горка гарэлка.
Зеляно віно для радзімачкі,
Саладок мядок для кум‘е з кумам,
Горка гарэлка для суседачак
(в. Лубенікі Брагінскага раёна).
Як сведчыць фактычны матэрыял, у Лельчыцкім раёне падчас застолля «выконвалася шмат песень, прысвечаных куму і куме, дзе іх часта высмейвалі. Нават гаварылі: «Што за кума, што пад кумам не была?» Песні спяваліся розныя вясёлыя:
Ох, зялёны дуб развіваецца,
Ох, кум да кумы сабіраецца.
Ох, кумка мая, прынясу я жыта.
Ох, не нясі, куманёк, бо я буду біта.
Ох, кумка мая, прынясу я грэчкі.
Ох, кум, не нясі, будуць супярэчкі
(в. Букча Лельчыцкага раёна).
У хрэсьбінных песнях кум з кумою як цэнтральныя персанажы паказваліся ў розных гумарыстычных ракурсах. Звернемся да зместу аднаго з песенных варыянтаў, дзе асноўны матыў звязаны з адмовай бацькоў дзіцяці ад тых кумоў, паводзіны якіх не адпавядалі маральна-этычным нормам:
Я б гэтага кума, я б гэтага кума
І за кума не браў, і за кума не браў:
І гарэлку п‘е, і закуску жрэ,
А песень не пяе, а песень не пяе.
Я б гэту кумку , я б гэту галубку
І за кумку не браў, і за кумку не браў:
І гарэлку п‘е, як у бочку лье,
Харавод не вядзе, харавод не вядзе
(в. Гарысты Веткаўскага раёна).
Прыведзеныя матэрыялы сведчаць пра значнасць і важнасць прысутнасці кума і кумы як адных з цэнтральных герояў на хрэсьбінах, што падкрэсліваецца шматлікімі песнямі, арыентаванымі на гумар і весялосць удзельнікаў свята. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і песні, скіраваныя паспрыяць нараджэнню здаровых і прыгожых дзяцей, падкрэсліваюць лепшыя рысы характару беларусаў — талерантнасць, гуманнасць, дабрыню і шчырасць.