Святлана: «Займаюся традыцыйнай падпольнай беларускай вышыўкай»

Як маляваць карціны ніткамі? Як вышыць нешта ў Беларусі і схаваць «у стол», бо хто яго ведае? Як браць удзел у праектах і не мець магчымасці сказаць сваё імя? Карацей, як гэта — быць вышывальшчыцай у Беларусі?


вышыўка Святланы 01

У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.

Святлана (імя зменена ў мэтах бяспекі, гераіня жыве ў Беларусі — заўв. рэд.) з дзяцінства любіць маляваць. Калі пайшла ў школу, то на занятках па працы даведалася пра вышыўку. Новы від творчасці зацікавіў яе менавіта таму, што карціны можна было маляваць ужо не толькі фарбамі, але і ніткамі.

«Я хадзіла ў краму з матуляй, глядзела на гэтыя, нават больш каляровыя, чым фарбы, ніткі «Мулінэ» і заўсёды прасіла мне іх набыць, такімі прыгожымі яны мне здаваліся», — узгадвае майстрыха.

Але ніякіх схем тады ў дзяўчынкі не было, таму вышывала ўсе малюнкі «з галавы»: кветачкі, жывёлак, сардэчкі.

вышыўка Святланы 02

«Звычайна дзяўчаты ўпершыню бачаць нешта вышытае ў бабуль і неяк пераймаюць іх стыль, а мне было вельмі складана нават уявіць, а што ўвогуле магчыма вышыць? Падчас і пасля вайны мае бабулі часта пераязджалі, таму ад іх увогуле нічога не засталося, нават хаты. А маці мая вышывала толькі Леніна — не вельмі заахвочвальны да вышыўкі матыў для дзіцяці», — смяецца Святлана.

Таму прыйшлося неяк самастойна шукаць свой стыль і працягваць «маляваць» карціны ніткамі.

Асаблівае месца ў сэрцы для традыцыйнай вышыўкі

Будучы ўжо дарослай, Святлана ўбачыла ў інтэрнэце аб’яву, дзе дызайнер адзення шукаў вышывальшчыц для свайго праекта. Яна адгукнулася, атрымалася зацікавіць сваёй працай дызайнера, і далей быў доўгі перыяд вышыўкі з бісерам і паеткамі.

«Нядаўна я знайшла свой стары камп’ютар і заўважыла, што ўжо з 2015 года пачала збіраць у асобную тэчку традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Не памятаю, што непасрэдна выклікала ў мяне такі інтарэс, але пачынаючы з гэтых гадоў я стала спрабаваць вышываць і нешта народнае. Тады мяне захапіла менавіта традыцыйная вышыўка», — расказвае Святлана.

вышыўка Святланы 03

Жанчына вышывае ў розных тэхніках. Кажа, што ва ўсіх, якія толькі можна ўявіць сабе, думаючы пра вышыўку.

«Я шмат займаюся машыннай вышыўкай, але менавіта традыцыйная займае спецыяльнае месца ў сэрцы. Мабыць таму, што я заўсёды ўяўляю сабе, што гэтым займаліся мае бабулі і прабабулі, гэта неяк нас яднае, гэта мае карані», — разважае майстрыха.

вышыўка Святланы 04

Для Святланы вышыўка — вельмі глыбокі творчы працэс, які патрабуе канцэнтрацыі і расслабленага настрою, і які прыносіць шмат задавальнення.

Праца «ў стол»

«Я лічу, што ў Беларусі зараз культура можа толькі выжываць. Шмат хто з’ехаў і працягвае захоўваць і памнажаць там. У Беларусі можна працаваць, але калі ты сапраўды хочаш рабіць усё без цэнзуры, то прыходзіцца працаваць «у стол». Тое ж самае было пры Саюзе — рабілі шмат чаго, але не ўсё паказвалі. У любым выпадку рабіць хочацца, ад гэтага нікуды не дзецца», — пасміхаецца Святлана.

вышыўка Святланы 05

Жанчыне вельмі падабаецца, што беларусы, якія выехалі з краіны, працягваюць прасоўваць нашу культуру і развіваць яе.

«Чым больш нас паўсюль — тым лепш!» — смяецца Святлана.

Але хвалюецца, што калі беларусы пачнуць вяртацца дадому, то могуць ужо не знайсці паразумення. Бо тыя, хто зараз з’ехаў, на думку жанчыны, — больш цікавяцца гісторыяй і культурай, чым тыя, хто засталіся ў краіне.

вышыўка Святланы 06

«Вялікая частка маіх знаёмых пачала размаўляць па-беларуску толькі пасля таго, як эмігравалі, і калі яны вернуцца дадому, то могуць быць яшчэ большымі беларусамі, чым тыя, хто тут застаўся!» — лічыць вышывальшчыца.

Майстрыха кажа, што ў яе шмат вышывак, якія яна проста прыгожа фатаграфуе, закідвае ў тэчку камп’ютара і чакае спрыяльнага часу.

«Выкласці ўсё, што я раблю, у Instagram няма магчымасці, бо хто яго ведае — гадзіну ці дзве ты пратрымаешся? Таму займаюся традыцыйнай падпольнай беларускай вышыўкай», — пасміхаецца жанчына.

вышыўка Святланы 07

Бываюць у жыцці Святланы моманты, калі перастае сачыць за навінамі і наступае нібыта нейкі спакой.

«Але потым раз — і зноў накрывае. Але мяне трымаюць тут тыя блізкія, якія засталіся. Трымаюць тыя, хто зараз за кратамі, у іх тут таксама ёсць родзічы, і ім нашмат цяжэй. Яны і надаюць сіл рабіць нешта далей, без іх бы ўжо нічога тут не падтрымлівала. Для сябе з’ехаць з краіны я бачу як здраду. Але, канешне, можа і прыйдзецца, калі ўжо зусім немагчыма будзе. А так пакуль трымаюся», — дзеліцца Святлана.

вышыўка Святланы 08

Традыцыі і сучаснасць

У майстрыхі ёсць ідэя зрабіць выставу традыцыйна-нетрадыцыйнай вышыўкі.

вышыўка Святланы 09

«Я хачу крыху пагуляць з паняццем традыцый і зрабіць старое на новы лад. Адна з ідэй — вышыць традыцыйныя ўзоры зусім не тыповымі для традыцыйнай вышыўкі колерамі. Але так, каб у лоб было бачна, што гэта — беларускае», — марыць майстрыха.

Некалькі гадоў таму Святлана пачала сачыць за тым, што робяць украінцы са сваёй традыцыйнай вышыўкай, і ёй вельмі спадабалася іх спалучэнне звычайнага штодзённага адзення і традыцый.

«Куды і як толькі яны не прыстасоўваюць сваю вышыўку! На джынсы, заплечнікі, сукенкі — гэта так прыгожа! І тады мне і прыйшла ў галаву думка, што

няма неабходнасці толькі ахоўваць кананічнасць — калі я беларуска і раблю нешта ў Беларусі — то гэта ўжо беларуская вышыўка! Усё! А тое, што класічнае — яно так і застаецца класічным», — лічыць Святлана.

вышыўка Святланы 10

Вышыць традыцыйны строй — доўгая, дарагая і сур’ёзная праца. Таму Святлана думае, што гэта нешта, што адназначна варта рабіць, але не трэба баяцца выходзіць за рамкі класічнасці.

вышыўка Святланы 11

«Таму мне падабаецца ідэя праекта Belaruskicry, дзе вырашылі спалучаць традыцыйнае і сучаснае. Мне прапанавалі прыдумаць і падзяліцца нейкім цікавым матывам, і я з радасцю пагадзілася. Але, канешне, вельмі горасна, што няма магчымасці паўдзельнічаць як звычайнаму чалавеку — пад сваім імем», — кажа Святлана.

Таццяна Валошка, budzma.org

Чытайце яшчэ: Кацярына Ваданосава пра традыцыйны строй: «Тое, у чым не сорамна прыйсці на ўручэнне Нобелеўскай прэміі»