Сёння шмат каму будзе нязвыкла і нават дзіўна даведацца, што немцы здаўна жылі побач з беларусамі ў адной краіне. Але гэта так, бо пачаткі гісторыі нямецкага насельніцтва на землях Беларусі былі закладзеныя яшчэ ў старажытным Полацку. Потым было сумеснае жыццё ў Расійскай імперыі і Савецкім Саюзе, поўнае трагедый і жахаў у часы дзвюх сусветных войнаў і камуністычных рэпрэсій. Беларускім немцам давялося напоўніцу адчуць помсту за дзеянні супляменнікаў з Германіі, зазнаць дзесяцігоддзі жорсткага ціску за нежаданне адмовіцца ад мовы, культуры, веры. Таму іхні лёс заслугоўвае ўважлівага вывучэння і шчырай павагі за моцнае імкненне захаваць, нягледзячы ні на што, свае нацыянальныя карані.
У адным горадзе з Францішкам Скарынам
Першыя дакументальныя згадкі пра знаходжанне немцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносяцца да ХIII ст. Гэта былі рамеснікі і майстры, якія прыязджалі сюды ў пошуках прыбытку і наладжвання сувязяў. У XIV ст. вялікі князь Гедзімін запрашаў рамеснікаў Брэмена і Любека пераехаць на беларускія землі. Ганзейскі саюз (гандлёвы саюз нямецкіх гарадоў) меў сталае супрацоўніцтва з Полацкім княствам.
Фрагмент старонкі з даведніка «Беларусь шматнацыянальная», надрукаванага ў 2007 г. пры дапамозе АБСЕ
На працягу ХIII-ХVI стагоддзяў у Полацку існавала Нямецкая факторыя, а ў горадзе пастаянна жылі нямецкія купцы. Даследчыкі адзначаюць, што ў іх не было адасобленага месцажыхарства накшталт Нямецкага двара ў Ноўгарадзе. Наадварот, яны размяшчаліся сярод іншых палачанаў, у дварах і дамах па ўсім Полацку. У звязку з гэтым гісторык Генадзь Сагановіч выказвае даволі верагоднае меркаванне, што малады Францішак Скарына мог непасрэдна сутыкацца з немцамі, бо яго бацька мусіў мець справы з замежнымі купцамі.
У ХVIII ст. распачынаецца чарговы этап перасялення нямецкіх мігрантаў у Беларусь. Каля 1790 года ў Брэсцкім павеце выхадцы з Вюртэмберга заснавалі калоніі Нейброў і Нейдорф. Паселішчы нямецкіх каланістаў, а таксама маёнткі дваран нямецкага паходжання (Гартынгі, Нолькены ды інш.) з’явіліся ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. А з сярэдзіны ХІХ ст. перасяленцы прыязджалі ўжо вялікімі групамі, набывалі або арандавалі зямлю ў мясцовых памешчыкаў, напрыклад, у Ансэльма (Анзэльма) на Мазыршчыне. У выніку ствараліся шматлюдныя нямецкія вёскі і царкоўныя прыходы. Лютэранскія кірхі (цэрквы) пабудавалі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску і Полацку.
Усерасійскі перапіс 1897 года паказаў, што ў тагачасных беларускіх губернях пражывае 49 073 чалавекі, якія лічаць сябе немцамі, а роднай мовай — нямецкую. Праўда, трэба мець на ўвазе, што найбольш нямецкага насельніцтва было ў Ковенскай губерніі (21 762 чал.), якая потым адышла да Літвы (літоўцаў у ёй было 66%, а беларусаў 2%). Але і ў астатніх губернях таксама налічылі значную колькасць немцаў. У Гродзенскай — 10 284, Віцебскай — 7361, Мінскай — 3987, Віленскай — 3873, найменш жыло ў Магілёўскай — 1806.
Сярод этнічных супольнасцяў Беларусі нямецкая адрознівалася высокім узроўнем адукацыі. Беларускія немцы працавалі ў медыцынскай, фінансавай, ваеннай сферах, дзе нярэдка дасягалі шырокай вядомасці і грамадскага прызнання. Так, мінскі ўрач Вільгельм Гіндэнбург з-за сваёй дабрачыннай дзейнасці стаў сапраўднай знакамітасцю. Пра яго згадваў Фёдар Дастаеўскі ў «Дзённіку пісьменніка». Акрамя таго, як мяркуюць літаратуразнаўцы, ён быў прататыпам доктара Герцэнштубэ ў рамане «Браты Карамазавы».
Знакаміты мінскі ўрач Вільгельм Гіндэнбург
Скрозь крывавыя віхуры XX стагоддзя
Калі загучалі стрэлы Першай сусветнай вайны, улады пачалі дэпартаваць з прыфрантавой зоны нямецкае насельніцтва беларускіх губерняў. Галоўным чынам аж на другі бок Расійскай імперыі, у розныя гарады Сібіры. Грамадзяне нямецкай нацыянальнасці павінны былі за пяць дзён прадаць жыллё і маёмасць, а пасля самастойна дабірацца да прызначанных месцаў новага пражывання. Тых, хто не паспяваў гэта зрабіць ці адмаўляўся, дастаўлялі туды прымусова. У выніку колькасць беларускіх немцаў істотна паменшылася, а шэраг нямецкіх паселішчаў назаўсёды зніклі. Паведамлялася, што ў 1916 годзе ў Мінскай губерні ўвогуле не засталося немцаў-каланістаў.
Рэвалюцыйныя падзеі і прыход да ўлады бальшавікоў паўплывалі на гэтыя працэсы. Большасць нямецкіх перасяленцаў вырашыла вярнуцца ў далёкую Беларусь, у абвешчаную ў 1919 годзе БССР. Іх абнадзеілі абяцанні забяспечыць свабоднае развіццё і падтрымку ўсіх нацыянальнасцей. Сапраўды, у Савецкім Саюзе арганізавалі больш за 550 нямецкіх сельсаветаў і 11 нямецкіх нацыянальных раёнаў, стварылі Аўтаномную Рэспубліку немцаў Паволжа.
У БССР у 1926 годзе былі ўтвораны два такіх сельсаветы: Бярозаўскi ў Нараўлянскім раёне i Анзельмаўскi (пазней імя Розы Люксембург) у Каралiнскім. Абодва ў Мазырскай акрузе, дзе было асабліва шмат нямецкіх вёсак. На той час усяго ў БССР налічвалася прыблізна 7 тысяч мясцовых немцаў, з іх 3356 — у Мазырскай акрузе. У Анзельмаўскiм нацыянальным сельсавеце нямецкае насельніцтва складала амаль 70%, у Бярозаўскім — 90%. Дзейнічалі нацыянальныя нямецкія школы і калгасы, у Гомелі ў складзе 31-га кавалерыйскага палка існаваў нямецкі эскадрон. А ў 1932 годзе адбыўся Усебеларускі з’езд працуючых немцаў.
Аднак якраз на пачатку 30-х гадоў пачынае мяняцца дзяржаўны падыход да рэалізацыі нацыянальнай палітыкі. Уладам не падабалася самастойнасць нацынальных аб’яднанняў. Нямецкае насельніцтва ўпарта байкатавала калгаснае будаўніцтва і нават скардзілася замежным суайчыннікам на цяжкасці савецкага жыцця. У 1933 годзе ў Берліне зрабілі выставу лістоў, якія напісалі ў Германію галадаючыя савецкія немцы. Для іх быў абвешчаны збор грошай і прадуктаў, каб дасылаць у Савецкі Саюз, у тым ліку і немцам БССР. Гомельскі гісторык Віктар Пічукоў даследаваў, што на Мазыршчыне дапамогу атрымалі сотні сялянскіх сем’яў.
Ва ўмовах таталітарнай дзяржавы такія паводзіны адназначна ўспрымаліся як варожыя. Супраць грамадзянаў нямецкай нацыянальнасці праводзіліся самыя жорсткія рэпрэсіі. Да прыкладу, ва Украіне ў 1937 годзе арыштавалі 21 229 мясцовых немцаў, з якіх расстралялі 18 005. У Свярдлоўскай вобласці рэпрэсавалі практычна ўсё дарослае нямецкае насельніцтва. Па падліках навукоўцаў, у тыя крывавыя гады немцаў арыштоўвалі прыкладна ў 6 разоў болей і расстрэльвалі ў 10 разоў болей, чым у сярэднім па краіне. Падвергліся масавым рэпрэсіям і беларускія немцы, якіх судзілі за антысавецкую агітацыю, выступы супраць калгасаў, атрыманне дапамогі з Германіі.
У дапаможніку «Гісторыя немцаў Расіі» распавядаецца пра рэпрэсіі супраць савецкіх немцаў
Вясной 1937 года ў БССР быў зачынены Інстытут нацыянальных меншасцей. У тым жа 1937 годзе ліквідавалі нямецкія нацыянальныя сельсаветы. У 1938 годзе кіраўніцтва БССР загадала рэарганізаваць нацыянальныя школы ў рускія і беларускія. Нямецкае насельніцтва бачыла, што стаўленне да яго толькі пагаршаецца. І калі ў лістападзе 1939 года падпісалі савецка-германскае пагадненне аб перасяленні з СССР асобаў нямецкай нацыянальнасці, тысячы беларускіх немцаў з Брэсцкай і Беластоцкай абласцей з’ехалі ў Германію. Наўрад ці яны здагадваліся, што наперадзе іх чакалі невыносныя выпрабаванні Другой сусветнай вайны.
З нападам фашысцкіх войскаў на СССР становішча савецкіх немцаў стала неверагодна цяжкім. Зноў узнялася хваля арыштаў, была ліквідавана Аўтаномная Рэспубліка ў Паволжы, масава звальнялі салдат і афіцэраў нямецкай нацыянальнасці. Беларускіх немцаў пачалі вывозіць у Казахстан, але хуткі захоп Беларусі ворагам не даў выканаць гэтыя намеры. На захопленай тэрыторыі засталося шмат немцаў, да якіх з недаверам ставіліся як акупацыйныя ўлады, так і партызаны.
Фашысты спрабавалі арганізаваць нямецкае насельніцтва пад сваім кіраўніцтвам. У Мінску і Мінскай вобласці выдзелілі асобныя паселішчы, адчынілі школы, аднак акупанты так і не дасягнулі асаблівых вынікаў. З імі супрацоўнічалі толькі некаторыя прадстаўнікі нямецкай супольнасці, пераважная большасць праігнаравала планы акупацыйнай адміністрацыі. Сучасныя даследчыкі падкрэсліваюць, што ў час вайны ніякай нямецкай «пятай калоны» ў Беларусі не было. Пацвярджае гэта і тое, што фашысцкія карныя органы знішчылі некалькі вёсак разам з жыхарамі нямецкай нацыянальнасці. Сімвалічна, што адна з такіх вёсак у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці называлася Немцы.
Пабудаваць «Масты» ў агульную будучыню
Пасляваенныя дзесяцігоддзі існавання СССР не прынеслі ў жыццё савецкіх немцаў асаблівай палёгкі. Для іх гэта была эпоха пастаяннага змагання за свае грамадзянскія і нацыянальныя правы. Нават калі афіцыйна прызналі незаконнасць сталінскіх рэпрэсій, ім усё роўна не дазволілі вяртацца на месцы былога пражывання і тым больш выязджаць за межы Савецкага Саюза. Камуністаў абурала, што немцы пішуць заявы на выезд з СССР у капіталістычную ФРГ, а не ў сацыялістычную ГДР.
Але ж проста адмахнуцца ад настойлівых патрабаванняў двух мільёнаў савецкіх немцаў было немагчыма. Яны стваралі камітэты і суполкі, звярталіся ў міжнародныя ўстановы, праводзілі галадоўкі. Пратэсныя акцыі падтрымлівалі вядомыя праваабаронцы, у тым ліку знакаміты ва ўсім свеце Андрэй Сахараў. З 1974 па 1981 год у СССР адбылося 12 дэманстрацый грамадзян нямецкай нацыянальнасці. У 1982 годзе група нямецкай моладзі захапіла самалёт «Аэрафлота» і прымусіла экіпаж ляцець у Турцыю. Усе гэтыя дзеянні наблізілі і паскорылі зрухі да перабудовы камуністычнай сістэмы.
Зараз тыя падзеі трапілі ў энцыклапедыі і падручнікі, але ў Беларусі, на жаль, так і не набылі шырокага розгаласу. Напэўна, паўплывала беларуская спецыфіка, найперш малаколькаснасць беларускіх немцаў. Усесаюзны перапіс 1989 года зафіксаваў наяўнасць ў БССР 3517 грамадзян нямецкай нацыянальнасці. Потым даволі вялікая колькасць з іх эмігрыравала ў ФРГ. Па апошніх звестках, у 2019 годзе ў Беларусі мелася 3058 чалавек, якія лічаць сябе прыналежнымі да нямецкай нацыі. Наколькі вядома, сярод іх шмат не мясцовых немцаў, а былых жыхароў Казахстана і Сярэдняй Азіі.
Самымі плённымі былі 1990-я гады, калі нямецкія грамадскія аб’яднанні з’явіліся ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе, Бабруйску. Неацэнная роля належыць Аляксандру Майснеру, аднаму з заснавальнікаў Беларускай супольнасці немцаў. Тады ж зарэгістраваны Цэнтр нямецкай культуры «Wiedergeburt» («Адраджэнне»), распачалося выданне альманаха «Wie geht’s?» («Як справы?»). Для жадаючых запрацавалі курсы нямецкай мовы, карысталіся поспехам вакальныя ансамблі «Sonnenstrahl» («Сонечны прамень») і «Дзьмухаўцы».
З-за адсутнасці сродкаў шэраг арганізацый зачыніліся. Зніклі аб’яднанні ў Гродне, Віцебску і Лідзе, няма ўжо і «Wiedergeburt», эмблемай якога была птушка Фенікс, што паўстае з попелу. На сённяшні дзень дзейнічае грамадскае аб’яднанне нямецкай культуры «Масты» ў Мінску пад старшынёўствам Вольгі Штокман. «Масты» садзейнічаюць захаванню нацыянальнай культуры сярод беларускіх немцаў і пошуку шляхоў для паразумення паміж народамі.
Адначасова Вольга Штокман узначальвае лютэранскую абшчыну ў Мінску. Цікава, што на гэтай пасадзе яна адзіная ў Беларусі жанчына-пастар. Некалькі гадоў таму, дзякуючы яе намаганням, у Мінску ў Лютэранскім скверы ўсталявалі памятны знак Нямецкай Слабадзе. Да рэвалюцыі Нямецкая слабада (назва выкарыстоўвалася жыхарамі, у дакументах яе не было) складалася з трох вуліц: Лютэранскай, Малой Лютэранскай і Нямецкай. Сёння гэта вуліцы Волаха, Клары Цэткін і Розы Люксембург. Там жа знаходзіліся лютэранскія могілкі, у савецкі час зруйнаваныя, пасля якіх доўга трапляліся камяні і пліты з надпісамі на нямецкай мове.
Памятны знак Нямецкай слабадзе ў Мінску. Фота: svaboda.org
Па словах Вольгі Штокман, памятны знак Нямецкай Слабадзе сімвалізуе «мінулае шматнацыянальнай і талерантнай Беларусі». Знаёмства з нямецкай культурай, з выдатнымі прадстаўнікамі беларускай нямецкай дыяспары дапамагае «нагадаць грамадству аб цесных сувязях нашых народаў». Гэта вельмі важна, бо без ведання мінулага наступным пакаленням не пабудаваць агульную будучыню.
В.С., budzma.org