Паэтычны дуэт у складзе Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка наведаў з творчымі візітамі Гомель 14–15 кастрычніка.
Вось што паведаміў па вяртанні з Гомеля Эдуард Акулін:
“Гомель – горад майго юнацтва. Тут прайшлі мае студэнцкія гады. І, памятаючы славутыя радкі Рыгора Барадуліна: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…”, стараюся як мага часцей бываць на сваёй малой радзіме. І, адпаведна, настрой усіх пяці сустрэч быў святочна-сонечны. Ды і Гомель пасля па-восеньску хмурага Мінску сустрэў нас па-летняму лагодным надвор’ем.
Найбольш запомніліся дзве сустрэчы: у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзе мяне і Леаніда Дранько-Майсюка студэнты-філфакаўцы сустракалі і праводзілі авацыяй, і ў толькі што пераселенай у новы будынак Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна, куды апроч школьнікаў, студэнтаў і бібліятэчных работнікаў завіталі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Гомеля. Каля сямісот чалавек сталі ўдзельнікамі кніжных прэзентацый і канцэртаў бардаўскай песні за гэтыя два дні, пражытыя ў Гомелі…”
Імпрэзы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Гомель