23-24 сакавіка ў Празе пройдзе Трэцяя канферэнцыя беларусаў свету. Форум ладзяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс дэмакратычных сіл у Чэхіі і Народныя амбасады. Гэтым разам, па словах арганізатараў, у цэнтры ўвагі будзе патэнцыял беларускай супольнасці за мяжой.
Як ідзе падрыхтоўка да Канферэнцыі радыё Ўнэт расказала дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок.
— У Празе адбудзецца трэцяя дыяспаральная канферэнцыя, якую ініцыяваў Офіс Святланы Ціханоўскай і суарганізатарамі выступае шэраг суб’ектаў. Наш пражскі офіс у межах гэтай канферэнцыі будзе адказваць за беларуска-ўкраінскую секцыю. І гэта, бадай, упершыню, калі на беларускай дыяспаральнай канферэнцыі з’явіцца беларуска-ўкраінская секцыя.
Мы палічылі важным уключыць яе ў праграму, бо, калі сёння гаварыць пра беларуска-ўкраінскія стасункі, то на палітычным і дыпламатычным узроўні яны рэдукаваныя. І гэтыя стасункі адбываюцца хутчэй на дыяспаральным узроўні. Паколькі канферэнцыя дыяспаральная — варта пра гэта гаварыць. І беларускія ўцекачы і ўцякачкі выконваюць ролю амбасадараў незалежнай свабоднай Беларусі для ўкраінскага народа, для Украіны.
У межах гэтай секцыі будзе магчымасць падрабязней пазнаёміцца з беларускімі праектамі, якія дапамагаюць перамагаць Украіне, а таксама пачуць досвед людзей, якія спрычыніліся да супольных беларуска-ўкраінскіх ініцыятываў.
— Хто будзе ўдзельнічаць у Канферэнцыі?
— Гэта ўсеагульная канферэнцыя. Безумоўна, запрашаюцца таксама прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай дыяспары з іншых краін, не толькі з Чэхіі. Проста гэтым разам месцам правядзення канферэнцыі была абраная Чэхія, што мы лічым, безумоўна, справядлівым. Бо мерапрыемствы такога кшталту адбываюцца пераважна ў Вільні і Варшаве.
І мы радыя, што па часе гэтая канферэнцыя часткова перасякаецца з Днём Волі. Як вядома, Прага яшчэ ў часы Чэхаславаччыны была звязаная з гісторыяй Рады БНР, тут пахаваныя беларускія прэзідэнты, консул. І мы — прадстаўнікі і прадстаўніцы мясцовай беларускай дыяспары, усцешаныя, што гэтым разам усе з’едуцца ў Прагу.
— Хочацца спытаць пра візавае пытанне для Беларусаў у Чэхіі...
— Паколькі мы гаворым пра дыяспару і гэта дыяспаральная канферэнцыя, то не стаіць пытанне даезду людзей з Беларусі ў Чэхію. Яны прыедуць сюды з іншых краінаў, дзе знаходзяцца на падставе нейкага статусу.
Але, калі каментаваць нядаўняе рашэнне чэшскага ўрада працягнуць візавую забарону, гэта, безумоўна, балюча. Для нас, як для людзей, якія, жывучы ў Чэхіі, не маюць магчымасці праз гэтую забарону запрасіць сваіх блізкіх хаця б на пару тыдняў. Адначасова гэта стымул нейкім чынам пашыраць высілкі і прыкладаць больш актыўныя намаганні для таго, каб, усё ж такі, альбо Беларусь цалкам была вынятая з гэтага абмежавальнага заканадаўства, альбо былі зробленыя новыя выключэнні для беларусаў і беларусак, якія прэтэндуюць на візу, знаходзячыся ўнутры Беларусі.
І на сёння мы актыўна вядзем камунікацыю з чэшскімі міністэрствамі і ўрадам наконт таго, каб такое паслабленне ўзнікла для, скажам так, уразлівых груп. У Чэхіі існуе арганізацыя «Беларускае студэнцтва Чэшскай Рэспублікі». І яны, па сутнасці, паўнавартасны суб’ект, які спрабуе заяўляць пра тое, што правы беларускага студэнцтва гэтымі забаронамі парушаюцца. І я спадзяюся, што, як мінімум, для гэтай групы атрымаецца змяніць сітуацыю.
І гэта шлях, дзе патрэбна, каб гучаў голас не толькі структур дэмакратычных сіл Беларусі, не толькі студэнцтва, але і дыяспары. І чым гучней будзе гэты голас, тым большы шанец, што мы зможам пераканаць чэшскі бок у тым, што гэтае выключэнне патрэбнае.
— Падчас Канферэнцыі павінна адбыцца афіцыйнае адкрыццё прадстаўніцтва Офіса дэмакратычных сіл, якім Вы кіруеце, у Чэхіі?
— Наш Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы быў зарэгістраваны 17 лістапада 2022 года, у Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю, які адзначаецца ў Чэхіі. І гэта вельмі сімвалічна, бо, калі ў чэхаў гэты шлях барацьбы скончыўся, для нас ён працягваецца.
Нарэшце, настаў момант, калі трэба афіцыйна заявіць пра адкрыццё гэтага офіса, распавесці пра яго працу. І, паколькі беларуская дыяспара ў Чэхіі дбае пра традыцыі, звязаныя з часамі Рады БНР, мы вырашылі прымеркаваць гэтае адкрыццё да 25 сакавіка. У гэты дзень будзе афіцыйна абвешчана пра Офіс, адбудзецца яго адкрыццё з асабістым удзелам Святланы Ціханоўскай, а таксама высокіх палітычных прадстаўнікоў чэшскай сцэны.
Я хачу яшчэ раз усіх запрасіць на планаваную дыяспаральную канферэнцыю. Форма рэгістрацыі ёсць у сацыяльных сетках Офіса Святланы Ціханоўскай. Калі вы раптам яе не знойдзеце — звяртайцеся наўпрост у Офіс. Мы ўсіх з нецярплівасцю чакаем пабачыць у Празе. І беларуская дыяспара ў Празе падрыхтавала дадатковую праграму для тых, хто прыедзе.
Магу ўжо цяпер крыху прыадкрыць асноўныя пункты. Можна разлічваць на экскурсію па беларускіх мясцінах у Празе, якую правядзе гісторык Павел Котаў. Таксама будзе магчымасць пабачыць стэнды пра гісторыю Рады БНР у Чэхаславаччыне і, спадзяюся, таксама будзе некалькі стэндаў, якія тычацца гісторыі дыяспары. Таму — усіх чакаем і будзем радыя пабачыцца.