«Беларусьфільм» прадставіў трэйлер «Чорнага замка» — экранізацыі рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», піша тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд».
Судзячы па відэашэрагу, гэта будзе прыгодніцкі фільм з элементамі змрочнай містыкі і магіі. Падзеі будуць разгортвацца ў сучаснасці і ў часы Вялікага княства Літоўскага.
Цікава, што сярод выканаўцаў галоўных роляў — спрэс расійскія акторы. Ролю Антона Косміча зыграе Яўген Шварц, Алены — Лінда Лапіньш, Лыганоўскага — Яўген Стычкін, князя Вітаўта Альшанскага — Віталь Кішчанка. Беларускія акторы таксама ёсць, але фігуруюць на другім і трэцім планах.
Фільм зняў расійскі рэжысёр Кірыл Кузін, аўтар фільмаў «Самы лепшы фільм», «Вайна палоў», «Залётчыкі».
Кінастудыя «Беларусьфільм» выкупіла правы на экранізацыю рамана «Чорны замак Альшанскі» больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы Караткевіча, але грошы на рэалізацыю знайшліся толькі цяпер.
У пракат фільм выйдзе 12 снежня.
На «Беларусьфільме» ўжо здымалі карціну паводле рамана «Чорны замак Альшанскі»: гістарычны дэтэктыў Міхаіла Пташука выйшаў на экраны ў 1984 годзе. Тады ўсе натурныя здымкі прайшлі за межамі краіны.
Чытайце яшчэ: Каўпак для Гродна і замак з прывідамі. Вандруем па неверагодных мясцінах, якія натхнялі Караткевіча