Беларускі акцёр Іван Трус стаў пераможцам прэміі «Залаты сафіт» у намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў драматычным тэатры». Гэта самая прэстыжная тэатральная прэмія Санкт-Пецярбурга, паведамляе «Ежедневник».
Іван Трус у спектаклі «Таварыш Кіслякоў». Фота: alexandrinsky.ru
Як паведамляецца на афіцыйным сайце прэміі, Іван быў адзначаны ўзнагародай за ролю Іпаліта Рыгоравіча Кіслякова ў спектаклі «Таварыш Кіслякоў», пастаўленым на сцэне Александрынскага тэатра. Там Трус працуе ўжо другі сезон.
Іван Трус нарадзіўся ў 1984 годзе ва Уздзе. У маладосці граў у некалькіх беларускіх тэатрах, прызнаваўся ў інтэрв’ю, што злоўжываў алкаголем.
У сярэдзіне 2010-х ён перазапусціў кар’еру: з’ехаў з Мінска ў Магілёў, а праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў сталіцу ў статусе тэатральнай зоркі і атрымаў запрашэнне ў Купалаўскі тэатр. За два сезоны бліскуча сыграў некалькі галоўных роляў у спектаклях Мікалая Пінігіна і яго вучняў. Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года акцёр сышоў з тэатра і разам з сям’ёй з’ехаў у Санкт-Пецярбург.