27 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята адзначалася менавіта ў гэты дзень. Прыгадваем, што адбылося ў гэты дзень і чаму яго варта адзначаць як дзяржаўнае свята.
1. Падпісанне Дэкларацыі стала першым крокам да незалежнасці
Падпісанне 27 ліпеня Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце не давала рэальнай незалежнасці нашай краіне, якая яшчэ заставалася ў СССР. Ды й такія дэкларацыі прымалі ўсе савецкія рэспублікі, пачынаючы ад 1988 года. Дэкларацыю аб суверэнітэце РСФСР падпісала нават на два тыдні раней, чым Беларусь.
Але падпісанне стала першым крокам у навейшай гісторыі Беларусі да незалежнасці пасля распаду СССР. Нават зацемка дзяржаўнай агенцыі БелТА пра падпісанне Дэкларацыі пачыналася так: «Свершилось!».
Зацемка дзяржаўнай агенцыі БелТА пра падпісанне Дэкларацыі
2. Дэкларацыя вызначала поўны дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны
Згодна Дэкларацыі Беларусь станавілася прававой дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».
Першая старонка дэкларацыі
3. Першы крок да канстытуцыі
Дэкларацыю прымалі без фракцыі БНФ і фронтаўскага лідара Зянона Пазьняка. БНФ прапаноўваў больш радыкальны варыянт Дэкларацыі і фронтаўцы настойвалі на тым, каб дакумент меў статус канстытуцыйнага закону. Калі прапанова не прайшла, фракцыя на чале з Пазьняком пакінула залю паседжанняў Вярхоўнага савету.
Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч у першы дзень сесіі Вярхоўнага савету
Жнівеньскі путч камуністаў у Маскве прасунуў ранейшую прапанову БНФ. Пасля правалу путчыстаў, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закону. Былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года.
4. Дэкларацыя падштурхнула прыняцце закона аб назве рэспублікі і ўвядзенне новай дзяржаўнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»
Дэкларацыя аб суверэнітэце патрабавала і новай дзяржаўнай сімволікі. Менш, чым праз месяц пасля надання Дэкларацыі канстытуцыйнага статусу, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, якая стала называцца Рэспублікай Беларусь, была ўведзеная новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
1991 год: бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўным савеце
А ўжо 8 снежня 1991 года ў беларускай урадавай рэзідэнцыі ў Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны дэнансавалі дагавор 1922 года аб утварэнні СССР.
5. Дэкларацыя аб суверэнітэце абвяшчала бяз’ядзерны статус Беларусі ды яе нейтралітэт
Так было да пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Цяпер у Беларусі ёсць і ядзерная зброя (што праўда, пад кантролем Масквы) і саюзніцтва з Масквой у вайне супраць незалежнай Украіны.
А як жа 25 сакавіка?
Нічога не замінае святкаваць абодва дзяржаўныя святы. І ў гэтым няма ніякай выключнасці. Паглядзім хаця б на бліжэйшых суседзяў, Літву, дзе афіцыйна святкуюцца Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы 16 лютага, Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы, 11 сакавіка, а 6 ліпеня адзначаецца Дзень каранацыі Міндоўга і Свята народнай песні. І ўсе гэтыя дні — непрацоўныя.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org
Чытайце па тэме:
Падмурак незалежнасці: як прымалі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі