Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла збор сродкаў на выданне чатырох сусветных бестселераў

Выдавецтва «Янушкевіч» дамовілася з праваўладальнікамі і заключыла кантракты на выданне чатырох сусветных бестселераў.
Гаворка ідзе пра кнігі:

  • Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і Ордэн Фенікса» (пераклад Алены Пятровіч);
  • Дж. Р. Р. Толкін «Хобіт» (пераклад Ігара Кулікова);
  • А. Сапкоўскі «Вядзьмар. Вежа ластаўкі» (пераклад Кацярыны Маціеўскай);
  • Дж. К. Роўлінг «Каляднае парася» (пераклад Алены Пятровіч).

Knihi

Тры кнігі плануюць выдаць у 2026 годзе, «Вядзьмар» — у 2027 годзе. У бліжэйшыя тры тыдні выдавецтва мусіць унесці аплату за прадастаўленне ліцэнзій. Уласных абаротных сродкаў на гэта не хапае, таму выдавецтва абвесціла збор сярод чытачоў. 

«Мы звяртаемся да вас, шаноўныя чытачы, па народную падтрымку. Нам трэба прыкладна 15 тысяч еўра на ўсе выдаткі, звязаныя з выкупам правоў на гэтыя чатыры выдатныя творы.

Далейшыя выдаткі на друк мы збіраемся закрыць з дапамогай папярэдняга заказу. На кошт ліцэнзій уплывае аб’ём твораў, вялічыня запланаванага наклада і, зразумела, іхны высокі статус сусветных бестселераў. Паспяховы збор сродкаў створыць для нас «падушку бяспекі», якая дазволіць без лішніх рызыкаў упэўнена крочыць далей. Калі мы збяром больш за заяўленую суму, грошы пойдуць на новыя праекты, якім таксама патрэбна фінансаванне», — напісана на старонцы выдавецтва ў Фэйсбук.

Як дапамагчы?

Збор у польскіх злотых (для жыхароў Польшчы).

Збор у іншых валютах (па-за Польшчай).

Таксама можна падпісацца на Патрэон.